Праект партала
Густ
12.11.2019 / 16:49
Мінчанка стамілася ад журналістыкі і стварыла незвычайны паспяховы бізнэс: вырабляе капелюшы ШМАТ ФОТА8

Калісьці Валянціна Плыткевіч кінула працу ў газеце, каб заняцца рукадзеллем. Сёння яе капелюшы, абадкі і кароны носяць беларускія модніцы. Дызайнерка расказала, як пачынала сваю справу, што яе натхняе, якія галаўныя ўборы ў модзе і ці можна насіць элегантныя капелюшы пад красоўкі.

Валянціна з сям’і журналістаў. Яе бацька — вядомы фатограф дзікай прыроды Сяргей Плыткевіч.

«Яшчэ калі тата здымаў на аналагавы фотаапарат, мы ездзілі ў Лошыцу, Батанічны сад, ён вучыў мяне фатаграфаваць. Вылазкі на прыроду былі пастаянна. Усё дзяцінства выходныя — гэта Браслаў, Бярэзінскі запаведнік, сплавы на плытах з палаткамі», — успамінае Валянціна.

Яна адвучылася на журфаку БДУ, пару год папрацавала ў газеце «Турызм і адпачынак», а потым страціла цікавасць да журналістыкі і сышла ў хэнд-мэйд — занялася валяннем. З гэтай тэхнікай дзяўчына пазнаёмілася яшчэ 12 год таму, на фестывалі ў Польшчы, дзе зваляла свой першы бранзалет. Пазней майстэрству вырабляць капелюшы яна вучылася ў мадыстак Марыны Духан і Івы Ксяневіч.

«У валяння вельмі шмат магчымасцяў. Любую рэч, што ты прыдумаў, можаш зрабіць, ні па колеры, ні па форме не абмежаваны. Нейкія шапкі з рагамі ў мяне былі, у выглядзе пнёў з грыбамі. 

А першыя дзве шапкі я зрабіла бацькам у падарунак на Новы год. Яны цяпер у лазні вісяць, — усміхаецца Валянціна. — 

Потым сябры замаўлялі — у форме колбы, рыбы. Некаторыя шапкі — з пупырышкамі, рагамі, — якія я рабіла для задавальнення, першымі ж і сыходзілі.

Калі я пачынала ў маркетах удзельнічаць, мне казалі: а на каго гэта разлічана? А потым якую-небудзь шапку ў форме жабы маментальна куплялі, бо нідзе такога няма. Нехта замаўляў у Штаты, Ізраіль — у падарунак сябрам».

Бацькі Валянціны не расстроіліся, што дачка не засталася ў журналістыцы. Хоць і здзівіліся крыху, калі яе захапленне валяннем і капелюшамі пачало прымаць сур’ёзны характар.

«Муж таксама падтрымаў. Капелюшы фізічна складана рабіць: ёсць фетравы каўпак, і з яго выцягваюцца палі — для гэтага трэба прымяняць нармальную сілу. Зараз я ўжо налаўчылася, а першым часам трэба было прасіць мужа дапамагчы».

Пачынала дызайнерка з фантазійных капелюшоў, а цяпер робіць больш стрыманыя і класічныя мадэлі. Асноўны матэрыял — фетр. Валянціна тлумачыць тэхналогію. Даўгі каўпак, падобны да лазневай шапкі, намочваецца, насычаецца саставам, які дапамагае потым трымаць форму, і адпарваецца пры вялікай тэмпературы — так ён становіцца мякчэйшым і з яго можна «ляпіць» розныя галаўныя ўборы. Пасля капялюш суткі сохне на калодцы і дапрацоўваецца — падшываюцца палі, дадаецца дэкор.

«Мне пашанцала: мне дасталася шмат калодак ад маёй цётачкі, якая была капялюшніцай. Наогул, з калодкамі складана, іх ніхто не робіць у Беларусі. Можна замаўляць з Расіі, Украіны, але яны цяжкія, таму дастаўка дастаткова дарагой атрымліваецца, і самі яны нятанна каштуюць».

Валянціна заўважае: маленькія галаўныя ўборы, тыя ж таблеткі, якія з выгляду простыя, вырабляць складаней, чым вялікія капелюшы з палямі.

Ёсць у дзяўчыны некалькі аўтарскіх знаходак. Напрыклад, жакейка са стужкамі, якія можна завязаць як шалік. Мадэль з’явілася пару год таму і з часам дапрацоўвалася — калі спачатку стужкі былі прышыты, то цяпер на кнопках, каб іх можна адшпільваць.

Жакейка са стужкамі.

Іншая прыдумка — галаўныя ўборы ў выглядзе прычосак. Гэта адсылка да 20-х гадоў, калі былі модныя капелюшы-шлемы. Незвычайны галаўны ўбор выглядае не асабліва насібельна, але калі яго надзець задам наперад, то можна ўпісаць у штодзённы гардэроб.

Модныя цяпер манмуцкія шапкі марака з адваротам дызайнерка вырабіла з фетру — таксама новы ход.

Манмуцкая шапка. Фота Таццяны Купкі.

Валянціну натхняе мода 20-х і 50-х гадоў мінулага стагоддзя.

«Ва ўсіх эпохах было столькі галаўных убораў, а ў наш час, па сутнасці, акрамя бейсболак нічога новага не з’яўлялася. Культура нашэння капелюшоў ледзь не знікла ў 90-я, калі наогул не да гэтага было.

Цяпер культура пакрысе вяртаецца, людзі цікавяцца галаўнымі ўборамі. Ужо на вяселле не абавязкова абіраць вэлюм — замест яго можа быць капялюшык».

Большасць пакупніц — жанчыны. Мужчынскіх замоў — працэнтаў 10—15 ад усіх. Часцей купляюць класіку, абадкі і кароны замаўляць для пэўных мерапрыемстваў, але фантазійныя капелюшы, запэўнівае Валянціна, заўсёды знаходзяць сваіх гаспадароў.

«Яны крыху даўжэй могуць у мяне затрымацца, напрыклад год, але знойдзецца той, хто прыйдзе і скажа: гэта ж капялюш маёй мары! Я зразумела, што калі мне падабаецца, то дакладна адшукаецца яшчэ адзін чалавек, які з задавальненнем будзе гэта насіць».

Сваю справу Валянціна распачала каля шасці год таму. Праз які час удалося выйсці на самаакупнасць?

«Дагэтуль гэта арэлі, — прызнаецца дызайнерка. — Бывае, што зарабіла, гэтыя ж грошы адразу патраціла на закупку матэрыялаў. Вельмі нестабільна. Але калі сезон (ён увосень), тады атрымліваецца зарабляць».

Па словах дзяўчыны, весці продажы толькі праз інстаграм недастаткова — трэба абавязкова ўдзельнічаць у афлайн-мерапрыемствах. Нават выставы, дзе нельга прадаваць вырабы, даюць плён. Тым больш капялюш — часцей не спантанная пакупка, на яго трэба адважыцца, прымераць некалькі разоў.

Калі казаць пра моду, то цяпер актуальныя фядоры і мадэлі з шырокімі палямі. Сярод колераў у трэндзе натуральныя, спакойныя адценні. У плане дэкору ўсё стрымана — модніцы любяць капелюшы без кветак і іншых празмернасцяў.

Мадэль фядора.

Правілы нашэння капелюшоў? Валянціна ўсміхаецца: іх добра ведаць, каб парушаць. Напрыклад, ёсць правіла, што палі не павінны быць шырэйшыя за плечы, бо можна пераўтварыцца ў грыб. Але, бывае, дзяўчына невысокага росту, з вузкімі плячыма надзявае шыракаполы капялюш — і ён сядзіць на ёй быццам уліты, бо чалавек упэўнены ў сабе. Высокім капелюшом можна карэктаваць рост ці рабіць твар візуальна больш выцягнутым. Што да колеру, то калі галаўны ўбор пасуе да колеру твару, то пад гардэроб упішацца без праблем.

«Больш звыкла, калі элегантныя капелюшы спалучаюцца з жаноцкай сукенкай, абцасамі. Але мне падабаецца, калі ёсць гульня кантрастаў. Калі вельмі жаноцкі капялюш — з маскулінным аддзеннем. Каб не было занадта салодка.

Тыя ж красоўкі і байка ў спалучэнні з капелюшом мне вельмі падабаюцца. Тады гэта мае месца ў штодзённым жыцці і не выглядае знарочыста».

Наталля Лубнеўская, фота з архіва гераіні

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура