Праект партала
Стасункі
30.05.2021 / 11:32
«Кожную раніцу прыязджаю да яе на могілкі». Маналог бацькі, які страціў дачку і вучыцца жыць далей

Амаль кожную раніцу Сяргей Малашка прыязджае на могілкі — праведаць дачку. Яе не стала чатыры гады таму — рак, — а боль дагэтуль не суцішыўся. Пра дачку нагадваюць яе рэчы дома, салон прыгажосці, які Сяргей спадзяваўся пакінуць ёй. Гэта маналог бацькі пра тое, як жыць з гэтым далей, і пра час, які трэба размеркаваць правільна.

«Аперацыя не дапамагла: было позна»

Пра хваробу мы даведаліся выпадкова. Дачка аднойчы сказала: каленка пабольвае. А яна танцамі займалася, прызавыя месцы займала, на роліках каталася. Мы пайшлі да дактароў, нас адправілі на МРТ. На мой дзень народзінаў даведаліся дыягназ — остэасаркома, рак косці. У дзяўчынак гэта форма вельмі рэдка сустракаецца. Лічыцца, што гэта хвароба хлопчыкаў, якія хутка растуць. 

Як толькі даведаўся, я кінуў усё, мне было не да працы наогул. Усе сілы аддаў на тое, каб займацца Уладачкай. Ёй тады было пяць год.

Пра нашу медыцыну не хачу гаварыць. У мяне з імі вайна пастаянна ішла за рэцэпты — я лекі хацеў з Еўропы браць. Бачыў, які быў выхад пасля нашай хіміятэрапіі і пасля еўрапейскай. Пасля беларускіх лекаў я падыходзіў і слухаў, ці дыхае наогул дачка, яна на вачах патухала.

Мы хацелі з’ехаць у Германію. У Міністэрстве я папрасіў падказаць бальніцу, якая б нашым выпадкам занялася — кожная ўстанова спецыялізуецца на пэўным кірунку. Мне кінулі пачку папер на нямецкай мове: шукайце. І калі я размаўляў з адной чыноўніцай (я быў у яе на прыемё з дзіцем), яна сказала: «А што вы хандрыце? Я таксама тату пахавала, ну і што. Заведзяце яшчэ адно дзіця». Я адказаў, што буду за дачку змагацца да канца.

Ёсць прэпараты, якія трэба калоць толькі ў чорных кропельніцах, бо на сонцы распадаюцца рэчывы. Калі такія лекі спатрэбіліся маёй дачцэ, чорных кропельніц не знайшлося, давялося абмотваць звычайныя туалетнай паперай. Я гэта ўсё сфатаграфаваў і паказаў у Міністэрстве. Мне пасля адказалі, што па незалежных ад бальніцы прычынах яны не маглі замовіць неабходныя кропельніцы. Бальніца іх проста не закупляла ў той перыяд.

Калі ўжо было ўсё дрэнна, мы звязаліся з адным доктарам, сур’ёзнай асобай у Маскве. Нам параілі тэрмінова пераводзіць дзіця ў анкацэнтр імя Рагачова ў Маскве, бо была патрэбна аперацыя, пайшоў распаўсюд метастазаў. Пры выпісцы з беларускай бальніцы нам выдалі старыя аналізы (а неабходныя былі даўнасцю не больш за тры дні), і мы два тыдні згубілі, бегаючы па Маскве і робячы новыя. Аперацыя не дапамагла: было позна, вялікае паражэнне. 

Яшчэ калі мы збіраліся ехаць у Германію, распрадавалі ўсё, збіралі грошы, бо непад’ёмная сума. Але ў Маскве аказалася яшчэ даражэй. У Германіі суткі знаходжання ў медычным цэнтры каштавалі 130-150 еўра, у Маскве — 250 даляраў.

«Глушыць боль алкаголем — эгаізм»

У кастрычніку дачцэ паставілі дыягназ, а ў лютым, праз пяць месяцаў, яе не стала. 

Яна вельмі прыгожая была. Салон прыгажосці я адчыняў, каб ёй пакінуць. Мы ж не вечныя, а ёй гэта падабалася. Дачка са мной на конкурсы ездзіла.

Уладачка жонцы неяк сказала: «У жыцці ўсё няправільна, татавай жонкай мусіла стаць я». У яе тата быў ідэалам. Ніколі не забуду, як купляў ёй кветкі і прадавачка спыталася, каму букет. «Дачцэ». — «Тата, вы песціце яе». — «Не, я з дзіцянства ёй паказваю, як мужчына павінен ставіцца да жанчыны». У дачкі дзень народзінаў 1 верасня. Дагэтуль не люблю ў гэты дзень быць у горадзе: ва ўсіх свята, усмешкі, а я згадваю, як дарыў Уладачцы кветкі. 

З гэтым справіцца немагчыма. Калі глядзіш з жонкай адно на аднаго і бачыш дзіця, вельмі цяжка. Шмат сем’яў расстаюцца пасля гэтага. Боль нікуды не сыходзіць, ты будзеш з ім да канца жыцця. Вучышся не паказваць тое, што ўнутры робіцца. А людзі часам не ведаюць, як сябе паводзіць. Пытаюцца прыяцелі: ну што ты, адышоў? Адысці можна ад п’янкі, а не ад гора.

У той час гэта было не жыццё. Мы доўга сядзелі на антыдэпрэсантах. Дайшло да таго, што нам прапанавалі легчы ў Навінкі і месяц там пракапацца, бо больш моцныя лекі — толькі пад наглядам медыкаў. Я на гэта быў не гатовы. 

Мабілізоўваўся, калі бацькі іншых дзяцей тэлефанавалі — яны бачылі, што я мог штосьці прабіць, нейкую інфармацыю карысную даць. Адмовіць нельга, бо ты ведаеш, у якой яны сітуацыі, але з кожным дзіцем наноў перажываеш усё. Я памятаю, як сам сутыкнуўся з гэтым: ты не ведаеш, куды кідацца.

Хтосьці ўдаецца ў рэлігію — ва ўсё верыць, толькі б выратаваць дзіця. Але навошта ўвесь час прападаць у цэрквах? Вы павінны абстрагавацца, прыбіраць ад сябе лішнюю інфармацыю, займацца толькі дзіцем. Каб не давялося пасля шкадаваць, што ў моманты, калі ты мог бы быць з ім, ты ставіў свечкі.

Некаторыя бацькі, калі дзіця хварэе, глушаць боль алкаголем. Але гэта эгаізм, так не дапаможаш сям’і, станеш толькі дадатковай абузай.

«Шкадаваў, што час, які аддаваў працы, мог бы правесці з дзіцем»

Я не ведаю, якім цудам мы засталіся з жонкай разам. Я часам з’язджаў на пару тыдняў, каб не даводзіць да крайнасцяў. Бо пачыналіся ўзаемныя абвінавачанні, што хтосьці не даглядзеў, няправільна штосьці зрабіў… У мяне жонка ў гэтым плане малайчына. Яна бачыла, што я шкадаваў, што час, які аддаваў працы, мог бы правесці з дзіцем, і суцяшала: «Навошта ты сябе лаеш? Ты працаваў шмат для таго, каб дачка лепш жыла». Уладачка гэтыя пяць год ні ў чым не мела патрэбы. Я калі ў Еўропу ездзіў, пытаўся, што ёй прывезці. «Тата, нічога не трэба, зрабі мне які-небудзь сюрпрыз», — адказвала.

Нічога з яе рэчаў я не выкідаў, рука не падымаецца. Мы цяпер пераехалі ў свой дом, і я зрабіў асобны пакой, дзе яе фота і цацкі захоўваюцца.

Кожную раніцу прызджаю да дачкі на могілкі. Калі не прыеду, адчуваю сябе вінаватым. Калі раней ранкам на працу спяшаўся, дачка заўсёды прасіла буську на развітанне.

Пра могілкі ведаюць многія, але не лезуць з лішнімі пытаннямі. Я дастаткова жорсткі чалавек, у мяне табу на гэтую тэму. Не дай Бог камусьці такое адчуць.

Пасля смерці дачкі я ў царкве павесіў ёй імянны звон. Бацюшка наконт паездак на могілкі так раіў: «Сяргей, рабі, як кажа сэрца. У мяне пяцёра дзяцей, не ведаю, як бы сам перажыў».

У мяне ёсць сын, яму два гады. Калі ён нарадзіўся, нейкая аддушына з’явілася. Бо пасля смерці дачкі я закінуў усё — працу, будаўніцтва дома. А цяпер бачыш, што дзеля кагосьці яшчэ можна жыць».

***

Для бацькоў, што страцілі дзяцей, збіраюцца запусціць групы ўзаемадапамогі. Праект «Выжыць» задумала мінчанка Карына Кугель — яе муж выкінуўся з дачкой з 24 паверха на Грыбаедава. Праект удзельнічае ў конкурсе Social Weekend. Звязацца з камандай бацькам, якія маюць патрэбу ў псіхалагічнай падтрымцы, ці з экспертам можна ўжо цяпер.

«Гэта пекла — выбіраць помнік свайму 8-месячнаму дзіцяці». Шчыры маналог Карыны, чый муж выкінуўся з дачкой з 24 паверха на Грыбаедава

Наталля Лубнеўская, фота Надзеі Бужан

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура