На конкурсе «Міс Свету — 2019» прадстаўляць нашу краіну будзе мінчанка Анастасія Лаўрынчук. Яна вучыцца на другім курсе Інстытута бізнэсу і менеджменту тэхналогій БДУ, была «Другой Віцэ-міс Беларусь — 2018».
Фота з архіва Анастасіі Лаўрынчук.
Дзяўчына скончыла гімназію з сярэднім балам «10», любіць чытаць, расказвае агенцтва «Мінск-Навіны». Па прыкладзе бацькоў, якія падтрымліваюць дзіцячыя дамы, займаецца дабрачыннасцю. Нядаўна, напрыклад, удзельнічала ў паказе «Каляровыя сны», дзе суправаджала на подыуме дзецей з інваліднасцю.
На «Міс Свету» Анастасія рыхтуе творчы нумар, народны танец і відэаролік-прэзентацыю.
Сусветны конкурс прыгажосці пройдзе ў Тайландзе ў лістападзе-снежні. За карону будуць змагацца ўдзельніцы са 130 краін. Летась самай прыгожай стала мексіканка Ванэса Понсэ дэ Ляён.