Праект партала
Стасункі
25.10.2018 / 12:22
Ці можна займацца сэксам падчас цяжарнасці і месячных? За і супраць24

Нягледзячы на тое, што і месячныя, і цяжарнасць — звычайныя фізіялагічныя працэсы, чамусьці першы ўвогуле сорамна абмяркоўваць, а з другім усё яшчэ звязана шмат забабонаў. Асабліва калі заводзіць гаворку пра сэксуальныя стасункі падчас гэтых перыядаў.

Гінеколагі клінікі «Ева» адзначаюць, што для многіх пацыентак і калег нават сама ідэя сэксу ў дні менструацыі выглядае дзіўнай. Асабліва чырванеюць у момант яе згадкі жанчыны сталага ўзросту, у той момант як моладзь глядзіць на працэс ужо куды прасцей.

Распыталіся ў медыцынскай дырэктаркі, доктаркі акушэра-гінеколага клінікі «Ева» Алены Чартко пра самыя распаўсюджаныя сумненні, якія суправаджаюць гэтыя тэмы.

Сэкс падчас месячных

Фота: sncmedia.ru.

Алена Яўгеньеўна кажа, калі палавы кантакт адбываецца паміж партнёрамі, якія знаходзяцца ў працяглых стасунках, і кроў не засмучае ніводнага з іх, то праблемы тут няма (калі хтосьці баіцца запэцкаць адзенне ці бялізну, можна займацца сэксам у душы ці паслаць на ложак дадатковую тканіну). Зразумела, што ў выпадку моцнага крывацёку і боляў у партнёркі лепш зрабіць паўзу — сачыце за настроем і жаданнямі адно аднога.

Праўда, пры любым сцэнарыі (з пастаянным партнёрам ці не) пажадана карыстацца прэзерватывамі: падчас менструацыі павышаецца рызыка падхапіць інфекцыю. Усё ж менструацыя — гэта своеасаблівая правакацыя для арганізма, падчас якой абаронныя імунныя сілы зніжаюцца.

А што з рызыкай зацяжарыць?

У першыя дні менструальнага цыкла верагоднасць зацяжарыць зніжаецца да мінімуму, але ўсё пройдзе без «наступстваў» толькі ў тым выпадку, калі ў вас стабільны, напрыклад, 28-дзённы цыкл, які не выбіваецца з графіка. Варта толькі авуляцыі пачацца крыху раней, цыклу збіцца, і верагоднасць зацяжарыць павялічваецца: усё ж сперматазоід жыве 3—4 дні, і ён можа дачакацца тую самую яйцаклетку.

Агулам жа каляндарны метад кантрацэпцыі прызнаны самым ненадзейным.

Што рабіць з сэкс-цацкамі?

Ніякі асаблівых інструкцый па выкарыстанні сэкс-цацак падчас месячных няма (канечне, калі вы іх папярэдне памылі). Калі вы карыстаецеся лубрыкантамі, то пажадана спыніцца на тых, што на воднай ці сіліконавай аснове.

Плюсы ад сэксу ў «гэтыя» дні ёсць?

Падчас аргазміравання можа павялічвацца колькасць крывяністых выдзяленняў, і такім чынам сама менструацыя скончыцца раней: чыста механічна эндаметрый, унутраная слізістая абалонка цела маткі, хутчэй «выйдзе» вонкі.

Палавы кантакт, дарэчы, можа паспрыяць хутчэйшаму пачатку менструацыі, калі ў жанчыны назіраецца затрымка. Пацыенткі, якія прыходзілі на прыём са скаргамі на доўгую затрымку, на наступны ж дзень пасля УГД з вагінальным датчыкам паведамлялі, што месячныя ў іх нарэшце пайшлі. То бок дапамагла ў гэтым стымуляцыя.

Што адбываецца з лібіда?

На фізіялагічным узроўні падчас менструацыі лібіда зніжаецца. Яго пік звычайна прыходзіцца на сярэдзіну фазы, падчас авуляцыі, калі ў жанчыны пачынае саспяваць яйцаклетка.

Калі справа даходзіць да месячных, то тут ужо гармоны на нулі. Калі ў кагосьці падчас менструацыі павялічваюцца жаданне, то тут, хутчэй, ролю граюць эмоцыі.

Сэкс падчас цяжарнасці

Фота: mesyachnyedni.ru.

Па словах Алены Чартко, калі ў будучай маці адсутнічаюць праблемы са здароўем, няма рызыкі перарывання цяжарнасці, то ніякіх забарон на сэкс няма. «Калі ў жанчыны ёсць рызыка выкідышу, то для яе сам факт палавога акту ці нават увядзенне люстэрка падчас мазка фарміруюць навязлівыя думкі пра тое, што гэта можа пашкодзіць плоду. Пра якое задавальненне ад сэксу тут можа ісці гаворка?»

Дазвол распаўсюджваецца на любы трыместр цяжарнасці?

Трэба памятаць, што ў цяжарных заўсёды зніжаецца імунітэт: усё ж у іх жываце «сядзіць» іншы чалавек. Гэта вымушаная мера, каб арганізм яго не адрыньваў. Можна параўнасць працэс з трансплантацыяй: калі перасаджваюць нейкі орган, у арганізм папярэдне ўводзяць прэпараты, якія таксама зніжаюць імунітэт.

Мы ўсе ведаем, што мы не стэрыльныя, унутры нас жывуць мільёны мікраарганізмаў. У нармальным стане арганізм самастойна рэгулюе колькасць гэтых мікраарганізмаў, але калі імунітэт зніжаецца, яны пачынаюць буйна размнажацца. Менавіта таму мы рэкамендуем пацыенткам падчас цяжарнасці сэкс с прэзерватывам, асабліва ў трэці трыместр.

Акрамя таго, у сперме мужчын утрымліваюцца прастагландзіны — гармоны, якія могуць выклікаць ранні пачатак родаў: нават на некалькі тыдняў раней, чым трэба.

Позы і лібіда

Што тычыцца поз, то тут кожная пара павінна знаходзіць зручную ім. Не забывайце, што любы палавы акт не мусіць быць занадта актыўным.

Калі меркаваць па расказах, то адчуванні падчас сэксу ў момант цяжарнасці таксама змяняюцца: так, многія жанчыны адзначаюць, што іх аргазм стаў ярчэйшым, а грудзі больш чуллівымі.

Што тычыцца сэксуальных жаданняў, то з медыцынскага пункту гледжання ў арганізме цяжарных выпрацоўваецца больш, чым звычайна, жаночых палавых гармонаў — эстрагенаў. Гэта нярэдка прыводзіць да павышэння сэксуальнага жадання.

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура