Праект партала
Дома
04.08.2018 / 08:24
Ідэальны дуэт: арыгінальныя намазкі для хлеба на сняданак ці перакус 6

Мінулым разам мы навучыліся з вамі пячы духмяны хлеб. І хаця, паводле вядомай прыказкі, хлеб усяму галава, мала хто ў цяперашнія часы будзе есці яго «голы». Звычайна мы жуём яго ўпрыкуску з асноўнымі стравамі. Але сёння я хачу з вамі падзяліцца двума рэцэптамі намазак, якія ставараюць цудоўны дуэт са свежай лустай хлеба. Такія бутэрброды будуць вельмі ў тэму на сняданак. Смачна есці!

Паста з морквы

  • 2 сярэднія маладыя морквы;
  • 4 радыскі;
  • 100 гр. сыру рыкота;
  • 150 гр. мяккага вяршковага сыру;
  • 1 ч. л. лімоннага соку;
  • соль;
  • перац.

Фота: Miód Malina Studio.

Моркву і радыс пацерці на дробнай тарцы. Змяшаць гародніну, рыкоту і крэм-чыз (лепш, каб усё было пакаёвай тэмпературы, так будзе прасцей змяшаць). Прыправіць сокам лімона, соллю і перцам на смак. Астудзіць у халадзільніку. Можна дадаць зялёную цыбулю.

Смалец з фасолі

Такая паста ідэальна ў спалучэнні з жытнёвым хлебам і салёным агурком.

  • 1 бляшанка кансерваванай фасолі;
  • 2 цыбуліны;
  • 4 шт. чарнасліву;
  • 2 лаўровыя лісты;
  • 1 гарошак духмянага перцу;
  • 1 шт. гваздзіку;
  • 0,5 ч. л. сушанага маярану;
  • 50 мл халоднай вады;
  • 1 ст. л. соевага соусу;
  • 1 ст. л. алею;
  • соль;
  • перац.

Цыбулю і чарнасліў дробна наразаем. Тым часам грэем алей на патэльні, дадаём цыбулю і смажым з лаўровым лісцем, духмяным перцам і гваздзіком да залатога колеру. Астуджваем і дастаём спецыі.

Зліваем ваду з фасолі. Робім з яе блэндарам пюрэ, дадаўшы маяран, дробку солі, перац, ваду і соевы соус.

Фота Вольгі Чарновай.

Дадаём да фасолевага пюрэ цыбулю і чарнасліў, добра перамешваем. Астуджваем у халадзільніку перад ужываннем.

Калі ў вас не склаліся адносіны з чарнаслівам, то яго можна замяніць яблыкам.

1 яблык без скуркі наразаем дробнымі кавалкамі і дадаём да цыбулі падчас смажання на патэльні. А яшчэ як варыянт можна дадаць і чарнасліў, і яблык. У такім выпадку наліце трохі больш соевага соусу, каб паста была не вельмі салодкай.

Вольга Чарнова

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура