Праект партала
Дома
26.05.2018 / 08:16
Сілезскі пірог: цуд з макам13

На мінулым тыдні мільёны людзей па ўсім свеце сачылі за вяселлем прынца Гары і актрысы Меган Маркл. Толькі лянівы не паглядзеў фота з цырымоніі, не абмеркаваў сукенку нявесты і строі гасцей.

Але занадта мала ўвагі надалі тэме ежы, а, на маю думку, гэта адзін з самых галоўных складнікаў такога мерапрыемства. Па-першае, цікава, што каралеўская сям’я лічыць далікатэсам, які варта есці толькі на вялікія святы. Па-другое, хочацца дакрануцца да вясельных традыцый іншай краіны.

Разважаючы на гэтую тэму, я ўзгадала пра прыўкрасны рэцэпт сілезскага пірага, якім я і хачу з вамі падзяліцца (у Сілезскім краі дагэтуль існуе традыцыя частаваць родных і суседзяў калачом, прыгатаваным нявестай).

Менавіта такі варыянт калача з дражджавога цеста з крышывам зверху стаў асабліва папулярным у другой палове 20-га стагоддзя. Варыянт з гароднінай ці ягадамі лічыўся штодзённым, а вось начынне з маку ці тварагу ўжо ўважалася за святочную выпечку. Калі вы ставіцеся абыякава да маку, то можаце зрабіць калач з агароднінай, ягадамі, павідлам ці тварагом — эксперыментуйце і знаходзьце свой улюбёны варыянт!

(Складнікі даюцца на форму дыяметрам 28 см).

Для цеста:

  • 500 гр. мукі;
  • дробка солі;
  • 100 гр. масла;
  • 1 яйка;
  • 100 гр. цукру;
  • 1 ч. л. ванільнага цукру (ці кропля ванільнай эсенцыі);
  • 30 гр. свежых дражджэй;
  • 250 мл цёплага малака.

Для макавага начыння:

  • 200 гр. маку;
  • 100 гр. цукру;
  • 25 гр. масла;
  • 1 ст. л. мёду;
  • 70 г здробленых арэхаў (міндаль ці арахіс).

Для крышыва:

  • 50 гр. халоднага масла;
  • 50 гр. цукру;
  • 1 ч. л. ванільнага цукру;
  • 100 гр. мукі.

Цеста:

У місцы змешваем муку з соллю. Растапліваем масла. Яйкі ўзбіваем з цукрам і ваніллю. Дрожджы размешваем у невялікай колькасці малака. Дадаем у муку па чарзе яйкі, масла, дрожджы, астатняе малако. Цеста месім пакуль яно не пачне менш ліпнуць да рук (прыкладна 5—10 хвілін). Накрываем і пакідаем у цёплым месцы на гадзіну, за гэты час яно павялічыцца ў памерах прыкладна ў два разы (калі ёсць магчымасць можна зрабіць абмінку пасля першай гадзіны і пакінуць яшчэ на хвілін 40).

Макавая маса:

Мак здрабняем у кавамолцы. У рондалі падаграем 375 мл вады, дадаем усе інгрэдыенты для начыння, размешваем. Варым, памешваючы, пакуль большасць вады не выпарыцца. Начынне павінна быць досыць вільготным, але не вадкім. Пакідаем, каб састыла.

Крышыва:

Расціраем масла з цукрам і ваніллю, пакрысе дадаём муку. Павінна атрымацца крышыва.

Цеста дзелім на дзве часткі: меншую і большую. Раскачваем яго пад памер формы (можна проста разраўняць рукамі, калі цеста атрымалася занадта мяккім). Форму змазаць маслам, пакласці ў яе большую частку цеста. Раўнамерна пакласці начынне на цеста, зверху на начынне пакласці меншы кавалак цеста. Абсыпаць крышывам.

Пячы 35 хвілін пры тэмпературы 190 градусаў. Правяраем гатоўнасць на сухую зубачыстку.

Вольга Чарнова, фота аўтаркі

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура