Праект партала
Накіпела
31.01.2018 / 20:41
«А пятай раніцы нас пагналі мыцца. Ледзяной вадой, у лістападзе». Юлія Чарняўская параўноўвае досвед родаў свой і дачкі27

Юлія Чарняўская і Юрый Зісер днямі сталі бабуляй і дзядулем, без сумневаў, самымі шчаслівымі ў свеце. У іх дачкі Яўгеніі і яе мужа Андрэя ў Ізраілі нарадзілася цудоўная дзяўчынка. Яна з’явілася на свет у атмасферы любові, падтрымкі і спакою, бо побач быў тата і клапатлівая ізраільская доўла Вераніка.

Перажыванні за дачку і ўнучку абудзілі ўспаміны Юліі Чарняўскай пра ўласныя роды. Яны не былі ўнікальнымі, яны былі самымі звычайнымі — усе так нараджалі. У жанчын выбару не было, даводзілася моўчкі згаджацца і цярпець.

Пра роды забыць немагчыма, асабліва калі іх суправаджаюць крыўда, невыносны боль, абыякавасць і прыніжэнне. Гісторыя родаў Юліі Чарняўскай пра гэта. А яшчэ пра тое, што ўсё ж у нас нешта мяняецца да лепшага. І тое, як нарадзілася яе ўнучка — самае яскравае гэтаму пацвярджэнне.

Юлія Чарняўская. Фота gorodw.by.

«Напэўна, штосьці і ў нас змянілася. Узгадала, як нараджала сваю дачку. Доўга і нудна. І вельмі балюча.

Як мне зрэзалі пазногці да мяса і пакрылі зялёнкай і грудзі таксама. А напярэдадні — рыцына. Як у пяць раніцы пракалолі водны пухір. Як да гадзіны ўсё стала вельмі цяжка. Як на ўсіх пастаянна крычалі — і доктар уляпіла юнай паслухмяная дзяўчынцы (не мне) некалькі звонкіх аплявух, нібыта каб прывесці ў сябе. Патлумачыла мне: «Вось вы ж не крычыце — а гэтая мярзотніца гарлапаніць». І дала «мярзотніцы» чарговую аплявуху.

Як я хадзіла па цёмным калідоры, і толькі ў адным пакоі мігцела святло: адтуль даносіліся папса і захапленні ўсяго аддзялення — канцэрт Лявонцьева. Я была адна, калідор быў доўгім.

Як маска да вечара была пустая — нуль хлараформу. Як каб прывесці ў маральны парадак, мяне прымусілі ўстаць пад ледзяны душ. Гэта было зневажальна і балюча: і я скрэбла сцяну пазногцямі, а вада біла ледзянымі калючымі бруямі.

Як я засталася апошняй у перадродавым — і без канца гэты доўгі і неасветлены калідор…

Як дзіця выціскалі чацвёра чалавек локцямі і ручнікамі (цяпер мне вядомы адзін выпадак, калі такімі мерамі дзіця пакалечылі). Як потым не далі на яе зірнуць — панеслі ў калючай коўдры.

Як я тры гадзіны ляжала ў тым жа цёмным пустым калідоры, а ў нагах у мяне стаяў пакет, і ў ім слоік з сокам, і мне яго не адкрылі… Як жа хацелася піць! Замест гэтага нянечка пакапалася там, у пакеце, і сунула мне шакаладку: «Чым я табе адкрыю сок? На вунь шакаладку, ад учора ж ты не ела! Усе ядуць шакалад — і ты давай». І на агульным фоне гэта здалося клопатам.

Я не памятаю, як мяне «шылі» нажывую. Памятаю, што пасля родаў гэта было не балюча, раз плюнуць. Як прывезлі ў палату і шпурнулі брудную на ложак, а ў пяць раніцы нас усіх пагналі мыцца. Ледзяной вадой, у лістападзе. Ну, не было цёплай вады ў радзільні, а каб сагрэць, ха… Для іх, ці што? (Калі нас выпісвалі праз тыдзень, з намі правялі інструктаж, што для мыцця павінна выкарыстоўвацца толькі цёплая кіпячоная вада).

Там, на мыцці, я, якая нарадзіла апошняй, страціла прытомнасць. Памятаю мяккія ногі і не вельмі моцнае сцісканне ў галаве…

Далей слова толькі для жанчын, яны зразумеюць, пра што я: падклад. Ледзь не самае зневажальнае з усіх зневажанняў.

Дзяўчынку мне не прыносілі нават на ежу: жаўтуха. Двойчы-тройчы на дзень я выпраўлялася ў самае доўгае падарожжа ў маім жыцці: паўзла ў другое крыло, дзе мне паказвалі дзіця (зноў жа, за шакаладку). Мая дзяўчынка ляжала ў кювезіку з маладым чалавекам паўтара кілаграмаў ад роду. У яе былі вейкі, як сняжынкі, і бледна-жоўты завостраны тварык.

Як муж прыходзіў двойчы на дзень пад акно трэцяга паверха, і нашы жанчыны, якія больш за ўсё на свеце баяліся свежага паветра, моцна злаваліся, калі я на імгненне адкрывала фортку, каб выкінуць яму ліст. (Іх так навучыла жыццё, што цяжкае паветра больш бяспечнае). Лісты мужу я пісала цэлымі днямі. Было адчуванне сіроцтва. Поўнага. Тады ніхто не ведаў пра пасляродавую дэпрэсію, але, падобна, я гэта ў нейкай форме перажыла.

Мая дачка нараджала з мужам і доўлай Веранікай (дзякуй вам, Вераніка). Сёння дачка расказала, як гэта было. Колькі цяпла, усмешак, клопату, нагляду, падбадзёрвання, пастаяннага маніторынгу, тэхнікі. Цёплы душ, зручныя позы, вялікія мячы, абапёршыся на якія лягчэй перачакаць схопку. Масаж. Муж — з аднаго боку, доўла — з другога. Усе ўсміхаюцца, жартуюць. Ніхто не крычыць: «Пайшла ў радзалу, і дзіця прытрымлівай, каб не вывалілася!».

У перапынку паміж схопкамі, нават калі гэта адна хвіліна, зручней укладваюць, каб парадзіха магла адпачыць. Нават на адну хвіліну! Уявіце, колькі разоў трэба было яе перакладваць… Эпідурал не спатрэбіўся, хоць я менавіта на яго малілася і разлічвала. Проста было цярпіма, разумееце? І зашывалі яе пад анестэзіяй.

І вось на адным з фота дома: дзіцятка спіць, прыхінуўшыся да аголенай скуры то мамы, то таты. Гэта называецца «скура да скуры». Гэта абавязковая частка родаў. Пятнаццаць чалавек, кажа дачка, займаліся імі няспынна. І ўсе ўсміхаліся і былі бязмежна добрыя. Дачка, унучка і зяць спалі ўтрох у адной палаце, куды цяпер прыйшоў мой муж без усялякіх вар’яцкіх хітрыкаў па антысептыку: роўна столькі, колькі трэба, каб дзядуля ўзяў на рукі ўнучку, якой хутка споўніцца адзін дзень.

Голас у маёй дачкі быў без ценю слёз ці страху (на што я раз-пораз зрывалася яшчэ месяцы два пасля родаў) або перажытага напружання: спакойны, цёплы голас, які дыхае персікавым масажным алеем і гарбатай з булачкай. А маленькая дзяўчынка салодка дыхала побач.

Учора раніцай, ужо са схопкамі, праўда рэдкімі, яны з мужам хадзілі ў кавярню — папіць кавы. Мяне паклалі ў бальніцу за два тыдні, без паветра і руху: да родаў я была цалкам знясіленая.

У адрозненне ад мяне, у дачкі ёсць малако.

Мая любімая студэнтка, моцны чалавек, пасля першых родаў (з мужам, у платнай палаце) дагэтуль баіцца нараджаць другое. Мая дачка не баіцца ўжо сёння, у першы дзень жыцця яе дачкі.

Я ведаю: штосьці і тут, у нас, змянілася, але традыцыя «суцяшаць вокрыкамі» засталася. Ды ці ж толькі яна? І, потым, гэта ў сталіцы, дзе з’явіліся платныя і ўдасканаленыя радзільні. А ў правінцыі змянілася? Прынамсі, у дачыненні да бытавога хамства: «Нічога, усе нарадзілі — і ты народзіш», «Ты тут не адна такая!» (Быццам лёгка ад таго, што іншыя побач курчацца). «А пра што думала, калі з мужам гэтым займалася? Ніякіх успамінаў, пацерпіш!» (Быццам яны не займаліся, бабаўшчына праклятая)…

Ці змянілася прынцыпова? Каб позу зручней дапамагчы прыняць, каб пагладзіць па плячы, каб даць адпачыць, каб абязболіць максімальна? Не ведаю. Не ўпэўнена. Хіба што падклады адмянілі, напэўна: 21 стагоддзе на двары як-ніяк. Можа, стала больш добразычлівых людзей (за плату), але чамусьці я ўпэўненая — не ўсе пятнаццаць. Ды і дзе іх набраць, пятнаццаць?

Сёння ўвесь дзень прыгадваю. Аказваецца, як трывала гэта засела ў галаве, а думала, што не памятаю. Як стаю ў жудаснай кашулі з таўром і ў такім жа жахлівым халаце, таксама з таўром. Аклеймаваная савецкай радзільняй. Стаю каля акна і чакаю, калі з-за павароту па снезе выйдзе высокая постаць майго каханага, без якога я адчувала сябе сіратой. Маці, але сіратой. І чарговы ліст заціснуты ў мяне ў руцэ…

Мілыя цяжарныя жанчыны і іх мамы, таты і мужы. Абдымаю вас сардэчна. І ўсяго вам самага лепшага».

Доўла Вераніка, маці чатырох дзетак, якая дапамагала ўнучцы Юліі Чарняўскай з’явіцца на свет, убачыла гэтую шчырую гісторыю і напісала Яўгеніі.

«Столькі ўсяго хочацца сказаць і тваёй маме, і тысячам жанчын, якія падвяргаліся гэтым катаванням… Вось, перадай маме, калі ласка. Па-першае, наколькі ж важна казаць пра гэта, выплюхваць з сябе ўвесь гэты боль, пахаваны пад пластамі гадоў, неразумення, немагчымасці ўвогуле казаць. Усе жанчыны, з якімі я размаўляю пра роды (а размаўляю я з многімі, тэма блізкая, любімая), памятаюць пра іх. Жанчыны памятаюць тых дактароў, якія абыякава кідаюць фразы ў момант, калі ты ўся раскрытая, ранімая і безабаронная. І гэтыя фразы там захрасаюць на гады.

Як правіла, нават пажылыя жанчыны лёгка гатовыя распавядаць пра свае роды, калі адчуваюць падтрымку слухача. Пра фізічны гвалт у радзільнях нават казаць залішне — гэта самая вычварэнская форма медыцынскага гвалту (хоць любая яго праява страшная).

Я радая, што знаходжуся ў іншай рэальнасці і шчаслівая, што дзяўчаты, якіх я суправаджаю, акружаныя любоўю, увагай, цеплынёй. Радая, што даступнасць інфармацыі прабівае шматгадовае зацьменне: жанчыны не ведалі пра прыроду родаў доўгія гады! Веды, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне сышлі ў імгненне разам з тым, як роды былі выдраныя са свайго звыклага асяроддзя і перанесены ў так званыя радзільні. Мае кліенткі, і я сама, нараджаліся ў такіх жудасных ганебных умовах, як і ваша дачка. На нейкім клетачным узроўні наша цела памятае ўсё, што з ім адбывалася. Таму мне хочацца, каб тыя роды, якія адбываюцца цяпер, былі гаючым досведам і для вас, мам, таксама. Каб гэтая генетычная памяць спрацавала і ў адваротным кірунку. Я так рада, што мне пашанцавала быць побач з вашай сям’ёй у такі асаблівы момант! І прачытаць вашу гісторыю было вельмі каштоўна для мяне, дзякуй вам за гэта».

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура