У сацыяльных сетках абмяркоўваюць, ці павінна быць у медыцынскіх работнікаў яркая форма.
Карыстальнікі лічаць, што было б цудоўна, калі б усе супрацоўнікі дзіцячых медустаноў адышлі ад стрыманай бела-блакітнай гамы і набывалі сабе нестандартную форму з совамі ці дыназаўрамі, напрыклад.
Агульныя патрабаванні да медыкаў такія: яны не павінны выглядаць неахайна і распусна, насіць яркі макіяж і масіўныя ўпрыгожванні. А форма заўсёды мусіць быць чыстай — іншых патрабаванняў да яе няма.
Праўда, некаторыя кіраўнікі аддзяленняў з’яўляюцца кансерватарамі і забараняюць сваім падначаленым выходзіць за межы агульнапрынятай каляровай гамы. І некаторыя лічаць, што дарэмна. Як гавораць самі дактары і медыцынскія сёстры ды браты, яркая форма ўздымае настрой не толькі ім, але і пацыентам, асабліва маленькім.
Мы звязаліся з Ірынай Лакіза, якая цяпер вучыцца на 5-м курсе педыятрычнага факультэта медыцынскага ўніверсітэта і паралельна працуе ў радзільні 5-й клінічнай бальніцы, каб яна распавяла пра досвед выкарыстання нестандартнай формы сярод яе калег.
Ірына Лакіза.
«Да такой практыкі ўсё часцей у апошнія гады прыходзяць маладыя спецыялісты — на мой погляд, так працаваць куды весялей. А калі ты педыятр, то яркая форма — гэта проста палачка-выручалачка! Пакуль робіш укол, бацькі могуць адцягнуць увагу дзіцяці на зорачкі і кветкі на тваім адзенні. У нашым аддзяленні вельмі шмат дактароў спецыяльна набываюць незвычайную форму за свае грошы. Гэта працуе: калі пацыенты бачаць, што ў дактарах цячэ энергія, то яна перадаецца і ім», — распавядае Ірына.
Праўда, яе сваякі, што старэйшага пакалення, не зусім разумеюць жаданне дзяўчыны хадзіць у форме з дыназаўрыкамі. Для іх гэта выглядае несур’ёзна: быццам яна прыйшла на працу ў піжаме.
А ў вас якая форма выклікае больш пазітыўных эмоцый?
Nina.nn.by