Праект партала
Стасункі
14.02.2021 / 09:18
Як склаўся лёс закаханых парачак з вокладкі «Нашай Нівы» за 2013 год?

Восем год таму «Наша Ніва» прапанавала закаханым парам сфатаграфавацца для вокладкі газеты. Тады быў бляск у вачах і пяшчота ў абдымках. Ці разам яны дагэтуль, што змянілася ў іх жыцці? Расказваем.

Максім і Вольга

Максім і Вольга ў шлюбе ўжо 23 гады. Дзеці выраслі: дачцэ 17 год, сыну 20. Плануюць быць праграмістамі — па прыкладзе бацькі.

Максім згадвае, як яны з жонкай пазнаёміліся:

«Вельмі цікавая гісторыя была. Мы з сябрам вырашылі пазбіраць анекдоты на вуліцах Мінска, каб пазнаёміцца з дзяўчатамі і добра правесці час. Узялі дыктафон, прадстаўляліся журналістамі нейкага сатырычнага выдання. Насмяяліся і заадно пазнаёміліся. З таго часу мы з Вольгай пачалі сустракацца». 

У вольны час пара любіць вандраваць. Да пандэміі ўдавалася наведаць да 14 краін за год! Сям’я самастойна складала маршрут, каб за адну паездку ахапіць некалькі краін.

«Найбольш яскравая вандроўка — у Паўднёвую Азію, калі мы наведалі Сінгапур, Малайзію, Інданэзію. Там зусім іншая культура, вельмі прыгожа. А калі ездзілі ў Бразілію, карнавал змаглі пабачыць, на вадаспады Ігуасу і Амазонку патрапілі», — дзеліцца мужчына.

Са снежня пара жыве ў Вільні (дзеці-студэнты засталіся ў Мінску). ІТ-кампанія, у якой працуе Максім, адкрывала офіс у Літве — яны і пераехалі.

«Я вырашыў, што лепш не плаціць падаткі Беларусі. У маім разуменні падаткі — гэта дамоўленасць, што дзяржава нейкі сэрвіс аказвае, і мы за гэта плацім. Але мяне зусім не задавальняюць тыя сэрвісы». 

Вольга звольнілася з Дзяржфілармоніі, дзе была скрыпачкай, збіраецца шукаць новую працу ў Вільні. Пакуль там лакдаўн, музыканты сядзяць па дамах.

У чым сакрэт трывалых адносін?

«Думаю, трэба клапаціцца адно пра аднаго і адкрываць у жыцці цікавыя моманты разам. Важна паважаць унікальнасць чалавека. Вядома, што адносіны самі сабой не даюцца і трэба згладжваць нейкія моманты — непаразуменні бываюць, гэта жыццё», — разважае Максім.

Андрэй і Вікторыя

У 2013-м яны былі студэнтамі БДУ. Сустракаліся ад пачатку вучобы — і разам дагэтуль.

Пара жыве ў Мінску. Выпусціліся са спецыяльнасці «фармацэўтычная дзейнасць» і засталіся ў гэтай галіне.

«Я працую хімікам на фармацэўтычным прадпрыемстве, а Андрэй — экспертам. Таму ў нас часам адбываюцца невялікія спрэчкі па прафесійных пытаннях. На шчасце, гэта, бадай, адзіная нагода для спрэчак», — распавядае Вікторыя. 

З Андрэем яны вучыліся ў адной групе. Спачатку сябравалі і разам рыхтаваліся да семінараў, ні пра якія рамантычныя адносіны не думалі, але праз нейкі час пачуцці прабіліся вонкі. 

Пара яшчэ не ў шлюбе.

«З гэтым пытаннем мы не спяшаемся, бо ў нас яшчэ зашмат рок-н-ролу, — усміхаецца Вікторыя. — У адносінах цэнім, перш за ўсе, павагу да асабістых інтарэсаў, ніхто не спрабуе навязваць адно аднаму свае жаданні, адсутнічаюць якія-небудзь забароны, каб была магчымасць заставацца вольным у сваім выбары. 

Я цаню ў Андрэю здольнасць захоўваць спакой у любой сітуацыі, уменне згладжваць канфлікты — тут яго ратуе пачуццё гумару. А Андрэй сказаў, што цэніць маю здольнасць рухаць яго наперад і магчымасць заўсёды казаць як ёсць».

Ігар і Вольга

Студэнты на той момант сустракаліся тры гады. Збіраліся падаваць заяву ў ЗАГС. Не дайшлі — пара распалася.

«Прайшло каханне, ніякай асаблівай прычыны няма», — тлумачыць Вольга. 

Пара разышлася праз год ці паўтара пасля таго фота. Апошні час да расставання яны мала стасаваліся — не стэлефаноўваліся і не бачыліся тыднямі. Хоць у нейкі момант сапраўды былі думкі ажаніцца.

Дзяўчына цяпер сумяшчае працу перакладчыка і рэпетытара — па ангельскай і шведскай мове. Знаходзіцца ў іншых адносінах.

«Веру, што кожнаму прызначана другая палова. У адносінах шукаю шчырасць, клопат і ўвагу. Таксама важна, каб з чалавекам было лёгка і весела», — дзеліцца Вольга.

Вольга і Ігар цяпер

Ігар успамінае, што дзяўчына сышла, бо захацела быць з іншым.

«Калі разышліся, то дні тры падтрымліваў вытворцаў спіртных напояў», — жартуе хлопец.

Ён працуе ў Акадэміі навук, у галіне парашковай металургіі. Пасля вайсковай службы была магчымасць застацца ў арміі, але не захацеў. Два гады таму ажаніўся, гадуе маленькага сына.

***

Чацвёртая пара — Віялета і Сцяпан. Мінчукі, у 2013-м яны былі першакурснікамі БДУ. Пра іх лёс мы не змаглі даведацца. Калі на гэтым фота вы ці вашы знаёмыя, напішыце, калі ласка, у тэлеграм-бот @NashaNivaBot.

Наталля Лубнеўская, фота Сяргея Гудзіліна і з архіву герояў

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура