Праект партала
Гісторыі
30.10.2020 / 18:21
Нязломная фатографка Алена Доўнар пра месяц за кратамі і 5 дзён у карцары без матраца: Цяпер адчуваю, як гэта — быць патрыётам сваёй краіны

30 дзён — столькі фатографка Алена Доўнар адбыла ў ізалятары за сваю працу. Яе схапілі на жаночым маршы, далі 15 сутак, а пасля накінулі столькі ж за фота ў сацыяльных сетках. Пяць дзён дзяўчына правяла ў карцары — у адзіноце, без матраца і гарачай вады. Пра месяц за кратамі Алена распавяла «Нашай Ніне».

Алене 23 гады. Сама яна з Барысава, толькі сёлета перабралася жыць у Мінск. Здымала моладзевыя дэбаты «ДысКУТ» і падпрацоўвала ў краме. Так было да жніўня 2020-га.

«Калі гэтыя падзеі пачаліся, у мяне сэрца не на месцы было. Я разумела, што зараз гісторыя робіцца, трэба распавядаць пра тое, што адбываецца. Тым больш журналістаў не хапае, столькі падзей кожны дзень неабходна асвятляць. Я напісала ў «Белсат» — ім якраз былі патрэбныя людзі.

Мой фотаапарат зламаны, толькі аб’ектыў ёсць, і я за свае грошы брала тэхніку ў арэнду», — расказвае Алена.

Дзяўчыну — і яшчэ шэсць журналістак — затрымалі 26 верасня на жаночым маршы. У бусіку ўсіх адвезлі ў Кастрычніцкае РУУС. Праз дзве гадзіны тых, у каго была акрэдытацыя ці пасведчанне журналіста, адпусцілі, а Алену перавезлі на Акрэсціна.

Суд быў праз тры дні, 29 верасня. У пратаколе Алены стаялі два артыкулы — 23.34 (Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 (Непадпарадкаванне). Яна напісала, што не згодная з абвінавачаннем. Пакуль судзілі іншых, журналістка прысутнічала на пасяджэннях — чамусьці яе не адвялі ў асобны пакой.

«Дзяўчына, якая дзяжурыла па паверсе, нават запытвалася ў міліцыі з Кастрычніцкага РУУС: гэта ваша супрацоўніца?

Мой суд быў самы доўгі — можа, паўтары гадзіны. І ў мяне адзінай былі рэальныя сведкі. У астатніх проста зачытвалі паказанні, а мне падключылі сведак у балаклаве па скайпе. Гэта ўжо неяк насцярожвала.

Іншым людзям суддзя адразу казаў, колькі вынеслі сутак, а ў маім выпадку на паўгадзіны выдаліўся, каб параіцца. Вярнуўся, зачытаў. Па 23.34 далі 50 базавых. Я выдыхнула. А пасля па 23.4 — 15 сутак», — апісвае Алена працэс.

Пакаранне ёй вынес суддзя Аляксандр Рудэнка. Дзяўчына не чакала, што дадуць такі вялікі тэрмін.

«У нас сумна было на ІЧУ, і дзяўчыне, якая са мной у камеры сядзела, на дзень народзінаў прысудзілі 9 сутак. Я думала: блін, што тут рабіць можна столькі дзён? І калі мне далі 15, я тры гадзіны не магла прыйсці ў сябе», — прызнаецца яна.

Праз дзень яе перавялі ў СІЗА ў Баранавічы. Алена заўважае, што стаўленне да затрыманых там лепшае, чым на Акрэсціна.

«За намі глядзела міліцыя і супрацоўнікі Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП). Апошнія і адносіліся паважліва, і маглі паразмаўляць з намі — пра палітыку, пра жыццё. Яны кожны дзень нас вадзілі на шпацыр. Адзін з супрацоўнік казаў: мы не пойдзем спакойна дадому, пакуль не выведзем вас. Маўляў, яны павінны гэта зрабіць. Душ па правілах раз на тыдзень, але мы прасілі часцей. За тыдзень тры разы былі ў «лазні» (там так гэта называюць).

Думаю, яны самі ў шоку былі, бо прывыклі да крымінальнікаў. А тут мы такія юныя, прыгожыя прыехалі». 

Адна з сукамерніц Алены сядзела другі раз. Спачатку яе забралі з белым аркушам паперы, далі 12 сутак. А праз два дні, як яна выйшла на волю, асудзілі на 15 сутак за акцыю з кветкамі. Тая дзяўчына пыталася ў супрацоўнікаў ДВП: вы думаеце, гэта справядлівае пакаранне? «Ведаем мы вас. Спачатку кветкі, пасля камяні будуць», — адказалі ёй.

У камеры, разлічанай на 19 чалавек, сядзела 17. Усе па 23.34. Самай старэйшай было 56, маладзейшай — 18. 

«Мы як сёстры сталі. Калі нейкую перадачу прыносілі, жартавалі, што гэта ад агульных бацькоў. Пастаянна размаўлялі, першыя некалькі дзён у нас гоман стаяў. Я спрабавала чытаць кніжку і не змагла і 10 старонак адолець: цікава было паслухаць гісторыі іншых. Мы пасля стамляліся адна ад адной і рабілі гадзіну цішыні. Спрачаліся, што хто парушыць, з’ядае палку калбасы — у нас яе шмат было, і мы перажывалі, што сапсуецца».

Разам з журналісткай сядзела дзяўчына, якая на жаночы марш выйшла ў белай балаклаве. Яе схапілі падчас таго, як яна давала інтэрв’ю. Калі дзяўчыну пасадзілі ў бусік, сказалі: здымай балаклаву. Яна амапаўцу: спачатку вы. Ён злосна сцягнуў сваю: на, глядзі. Пасля ў аддзяленні белую балаклаву дзяўчыны адзін міліцыянт перадаў другому, пажартаваў: будзеш з жонкай забаўляцца.

За некалькі дзён да заканчэння тэрміну Алену выклікала кіраўніцтва баранавіцкага ізалятара. Спыталі, як хутка яна зможа аплаціць штраф і колькі ёй яшчэ засталося сядзець. А пасля сказалі збіраць рэчы.

«Мяне забралі на Мінск. Нічога не казалі. Я была ўпэўнена, што мяне выпусцяць у Баранавічах. Ужо план быў, як мяне будуць сустракаць. Сябры мікрааўтобус арандавалі, каб усім разам ехаць. 

На Акрэсціна мяне везлі ў аўтазаку адну пад канвоем — чатыры ці пяць міліцыянтаў, сабака. Рэальна, я такі небяспечны чалавек, што мяне так перавозяць? Я не разумела, адкуль да мяне асаблівая любоў. Я ж не кідалася на аўтазакі — проста рабіла сваю працу».

На фатографку склалі другі пратакол за ўдзел у маршы 6 верасня. Доказам было фота ў інстаграме. За яго дзяўчыне далі яшчэ 15 сутак. Пяць дзён Алена правяла ў карцары.

Тое самае фота

«Я была ў шоку: за што? Спрабавала дабіцца адказу на пытанне, чаму я тут, у камеры ж былі вольныя месцы. Мне казалі толькі: мы маем права пераводзіць цябе, куды захочам», — дзеліцца фатографка.

Яна апісвае карцар: пакойчык тры на чатыры метры, туалет (дзірка ў падлозе) без дзверак, у кране толькі халодная вада, замест ракавіны — смеццевае вядро. Ложак, які на дзень прыбіраецца, без матраца. 

«Мне вельмі стрэсова было, што я адна. Я прасіла: давайце на падлозе буду спаць, але ў камеры з іншымі. У карцары ўночы халодна было — я апранала ўсё сваё адзенне, але ўсё адно замярзала. Прасіла плед — нічога не далі.

У мяне паднялася тэмпература — хутчэй за ўсё праз стрэс. Пачалі рукі часацца. Медсястра казала, што трэба пастарацца супакоіцца, каб не захварэць.

Была яшчэ адна супрацоўніца, якая па-чалавечы ставілася да мяне і падбадзёрвала.

Я думала, што ў карцары буду да апошняга дня тэрміну, змірылася з гэтым. Думала, перадачу не пусцяць, але прынеслі. І гэты было як подых свежага паветра, як падарунак на Новы год. Мае аднагрупнікі на белым ручніку чырвонымі ніткамі вышылі свае прозвішчы. І мне так прыемна стала, бо мы пасля ўніверсітэта з імі не кантактавалі, а яны пра мяне памяталі. Дзяўчыны з баранавіцкай камеры мне свае рэчы перадалі».

У карцары засталіся выдрапаныя надпісы ад папярэдніх сядзельцаў — «Малады фронт», «Народная грамада», прозвішчы і даты гэтага года, маленькі крыж пад акном.

Чаму яе змясцілі ў карцар, журналістка так і не даведалася.

«Я зразумела там адно правіла: не спрабуй знайсці логіку. Гэта вельмі дапамагае.

У нас была дзяўчына-анархістка, якая крычала на ўвесь паверх, песні пела. Я ж нічога не рабіла».

Пасля Алену перавялі ў камеру на два месцы, дзе яна амаль заўсёды была адна. Яна кажа, што вельмі хацела дадому, каб адпачыць ад мацюкоў, якімі ўвесь час размаўляць супрацоўнікі Акрэсціна.

З журналістыкі дзяўчына не сыходзіць.

«Маці просіць, каб я нікуды не хадзіла, бо яна яшчэ раз не перажыве гэтага. Але я разумею, што не змагу нічога не рабіць — нейкая ўнутраная патрэба. Я не магу проста сядзець, калі такое адбываецца ў краіне.

«Белсат» пытаў, дзе я хачу працаваць — у Польшчы ці ў Беларусі. Калі б год назад спыталі, я б сказала ў Польшчы. А цяпер — не, я застаюся тут, таму што гэта мая краіна. Я так палюбіла гэтых людзей! На маршы 16 жніўня на Валадарцы быў адкрыты мікрафон, і там адзін хлопчык сказаў, што ён толькі зараз адчуў, як гэта — быць патрыётам сваёй краіны. І мне так запомніліся яго словы. Гэта тое, што я адчуваю».

Наталля Лубнеўская, фота Шуры Піліповіч-Сушчыц

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура