Праект партала
Стасункі
08.05.2020 / 13:48
Крык душы бацькі: «Жонка гуляла. А пасля разводу я бачуся з дзецьмі толькі два разы на месяц!» 120

«Я магу бачыцца з дзецьмі толькі два разы на месяц па чатыры гадзіны. Маці спецыяльна развозіць іх па розных школах або наогул не прыводзіць», — наракае бацька з Гомеля Юрый Юрчанка. З яго слоў, былая жонка спачатку збегла ў іншы горад да каханка, а пасля адсудзіла ў яго сыноў.

У гэтай гісторыі ўсё складана.

«Аказваецца, гуляла яна»

«Гісторыя доўгая, — пачынае Юрый. — У 2015 годзе мая жонка пераехала працаваць у Мінск. У Гомелі я застаўся адзін з двума дзецьмі, у мяне там была работа. Тады старэйшы сын хадзіў у першы клас, малодшы ў садок. Праз год дзяцей перавезлі ў Мінск, яны жылі там на здымнай кватэры. Я з Гомеля прыязджаў да іх кожны тыдзень з пятніцы па нядзелю.

У 2017-м мы развяліся. Як мне сказала жонка, патрэбны фармальны развод для таго, каб атрымаць службовае жыллё».

Юрый з сынамі. Хлопчыкам 11 і 9 гадоў.

Праблемы пачаліся летась. У жніўні Юрый вырашыў звазіць хлопчыкаў на мора — зняў у Адэсе кватэру на два тыдні. 

«У дзень ад’езду тэлефануе былая і пачынае дзецям выядаць мозг. Маўляў, калі вы паедзеце, я ў вас усё забяру. Яна не дала ім з сабой ні шкарпэтак, ні зубных шчотак. У выніку мы правялі ў Адэсе толькі тыдзень. Жонка запэўнівала, што купіла пуцёўкі ў санаторый, што дзецям трэба аздараўлівацца. Мы вярнуліся раней, аднак ніякіх пуцёвак не было, хлопчыкі прасядзелі дома.

Самае страшнае, што на наступны дзень, як мы паехалі ў Адэсу, жонка пабегла ў суд і падала на пазбаўленне мяне бацькоўскіх правоў. Напісала, што я ніякай увагі дзецям не надаю і ў выхаванні не бяру ўдзелу. Праўда, потым сама тую заяву забрала».

У снежні 2019-га суд вызначаў графік, па якім бацькі будуць кантактаваць з дзецьмі. Час, які адвялі Юрыю, — гэта сустрэчы два разы на месяц па месцы навучання хлопцаў пад прыглядам кагосьці са школы.

«Чаму я не магу забраць сыноў на выходныя, чаму не прапісаны час канікул, дні народзінаў? Я да дзяцей як у турму пад наглядам павінен ездзіць? Я пісаў скаргу ў Мінскі гарадскі суд.

Суддзя на пасяджэнні зачытала яе і сказала: што вы прычапіліся да гэтых дзяцей, завядзіце сабе новую сям’ю, нараджайце сабе іншых. Гэта нармальна?» — абураны такім падыходам Юрый.

Ён заўважае: мала таго, што хлопцы вучацца ў розных школах — яго былая жонка зрывае гэтыя сустрэчы. Немагчыма нармальна пагутарыць і па тэлефоне. Каб даведацца, як справы ў дзяцей, даводзіцца тэлефанаваць дырэктару школы ці класнай кіраўніцы.

«Чаму яна не дае гутарыць? Бо дзеці скардзяцца на тое, што адбываецца. Хлопцы тэлефануюць мне, расказваюць штосьці, а яна па вуснах можа даць, «шасцёркай» абазваць. Жонка пераконвае дзяцей, што я хачу выкрасці іх і прадаць на органы! Раней яна палохала іх пасля сустрэч са мной, і яны ў школу ішлі заплаканыя, выматаныя. А жонка казала: паглядзіце, гэта пасля сустрэчы з бацькам дзеці псіхованыя».

Па словах мужчыны, толькі пазней ён даведаўся, што ў Мінск жонка з’ехала не проста так, а да каханка.

«Аказваецца, гуляла яна — і ў Мінску, і ў Гомелі. Быў нават такі момант. Мы з дзецьмі ў Гомелі, яны звоняць маме: ты прыедзеш? Яна кажа, што не. А літаральна праз 10 хвілін мы яе сустракаем у краме на касе. Яна не адна была, з мужчынам. Убачыла дзяцей, кінула кошык і выбегла з крамы».

У Юрыя думак пра новую сям’ю не было. Кажа, прывык усё аддаваць дзецям. І цяпер аліменты плаціць спраўна.

«Я іх кожнае лета вывозіў ці ў санаторый, ці на мора, ці ў спартыўныя лагеры.

За 10 гадоў, што мы пражылі з жонкай, яна ні разу за кватэру не заплаціла. Яе крэдыты я аплачваў — на тэлефоны, на ўпрыгожванні. У жонкі была пазіцыя: я замужам, і ён павінен мяне забяспечыць. Я яму нарадзіла дзяцей, няхай ён іх і даглядае».

Юрый наракае, што ўсе іх сямейныя справы разглядае адна і тая ж суддзя — не прымае яго даведкі і становіцца заўсёды на бок жонкі.

«Яшчэ пасля разводу я падаў заяву, каб падзяліць сумесную маёмасць — машыну. Я купіў яе жонцы, каб яна без перашкод магла ездзіць з Мінска сюды да дзяцей. Аформіў на яе. Па выніках разгляду справы мне прысудзілі 0,01 долю ад купленай мной машыны!

Бо другі бок не пагадзіўся, што аўто я набываў за свае грошы. Я прадстаўляў у судзе выпіскі са сваёй карткі — былая жонка сказала, што гэтай карткай карысталіся дзеці. Ага, хадзілі а 12-й ночы да банкамата і здымалі грошы».

На Юрыя павесілі таксама ўсе судовыя выдаткі.

«Уцякла, бо муж падымаў на мяне руку»

Былая жонка Юрыя апісвае сітуацыю зусім інакш. Кажа, што суд аргументы супраць яе палічыў паклёпам і таму заняў яе бок. Жанчына (па яе просьбе не ўказваем імя) з жахам прыгадвае апошнія гады жыцця з мужам.

«Я, можна сказаць, уцякла ў Мінск. Падчас шлюбу быў фізічны гвалт з боку мужа, і дзеці гэта бачылі. Не саромеючыся, пры дзецях мог абражаць.

Муж падымаў руку. У мяне парэзы, пабоі былі… Ён мяне за валасы цягаў. Вельмі моцна крыўдзіла, калі на вуліцы, у прысутнасці іншых, муж пачынаў раўці на мяне, абражаць. Яму чужыя людзі рабілі заўвагі, а ён мог іх на тры літары паслаць. Гэта ўсё з кожным годам накоплівалася.

Я не магла да сястры пайсці ў госці. Ён раўнаваў нават да маіх бацькоў! 

Развод ён, натуральна, не даваў, пужаў. Потым ужо я сабралася з думкамі і падала заяву: будзь што будзе», — успамінае жанчына.

У міліцыю яна тады не пісала: кажа, муж пагражаў за гэта выкінуць з акна.

«Дзеці, калі сюды пераехалі, былі крыху дзікаватыя. Баяліся мужа да такой ступені, што не маглі яму «не» сказаць. Што ён ні казаў, з усім пагаджаліся. Потым я заўважыла, што чым далей, тым старэйшаму сыну горшае. Цікі пачаліся, мы звярнуліся ў спецыялізаваны цэнтр».

Жанчына кажа, што спроба пазбавіць мужа бацькоўскіх правоў была выклікана адчаем. Графік, па якім ён сёння бачыцца з дзецьмі, зацвердзілі па яе просьбе на паўгода.

«Ён злоўжываў сваімі правамі. Прыязджаючы з Гомеля, мог дзяцей са школы звезці, не сказаўшы мне. Колькі разоў падавала ў вышук, бо не ведала, дзе сыны! Паходы ў паліклініку ён нам зрываў, трэніроўкі».

Былая жонка Юрыя дзеліцца, што сітуацыя пагоршылася пасля падзелу машыны. Па яе словах, ніхто ёй аўто не дарыў — сама купіла. Узяла авердрафт, пазычыла грошы ў сястры. 

Інфармацыю пра каханкаў жанчына таксама абвяргае.

«Я сышла адна. Адзінае — я падтрымкі шукала ў супрацоўнікаў сілавых структур яшчэ ў Гомелі, бо не ведала, што рабіць».

Жанчына кажа, што нападкі ў яе бок не спыніліся і цяпер. Былы муж піша скаргі на яе ва ўсе службы, спрабуе сапсаваць рэпутацыю на працы.

«У яго заўсёды былі праблемы з працай. Ён амбіцыйны чалавек, але канфліктны, пастаянна судзіцца. А я камунікабельная, з усімі знаходзіла агульную мову, ішла па кар’ернай лесвіцы уверх. У мяне атрымлівалася лепш, чым у яго.

Я магла затрымацца на працы, бо камандзіроўкі, нарады. А муж мне даваў 10 хвілін, каб даехаць з офіса дадому.

Калі я сядзела ў дэкрэтным, тлумачыла яму, што мне дзіцячых грошай хапае толькі на тое, каб карміць сыноў. Мы атрымлівалі нават харчаванне як маламаёмная сям’я, бо ў яго заробак быў вельмі маленькі.

Пасля разводу муж пісаў: вярні мне грошы за тое, што жыў з табою 10 гадоў і траціў іх на цябе!»

Жанчына кажа, што Юрый хоць і плаціць аліменты, але гэта ўсяго толькі 75% ад пражытковага мінімуму, прытым што ён дырэктар фірмы. «Апраўдваецца, што на прадпрыемстве часовыя цяжкасці», — адзначае жанчына.

Бачыцца з дзецьмі яна яму не забараняе. Але сустрэчы праходзяць па пэўных правілах.

«Цяпер калі ён прыязджае, то гутарыць у прысутнасці псіхолага. Адзінае — старэйшы сын цалкам ад спатканняў з бацькам адмовіўся, ён яго вельмі баіцца».

Жанчына ўпэўнена: былым мужам кіруе зайздрасць.

«Яго мэта — сапсаваць мне жыццё. Бо калі я сышла ад яго, мне стала лепш. Дзяцей забяспечыць магу, добрая праца, усяго хапае. Потым і машына з’явілася, нашмат лепшая, чым была. Былы муж гэта бачыць, і яго гэта чапляе».

Наталля Лубнеўская

Каментары
Tuteishi / Адказаць 08.05.2020 / 14:14

Вельмi знаёмае становiшча. Адзiн у адзiн як у мяне было зь першай жонкай. Толькi мая да "мамы" зьбягала. У судзе, калi судзьдзя жанчына, ён нiчога не выйграе. Праходзiлi. Пракурорскi - жанчына, судзьдзя, сакратар, прадстаунiк адукацыi - таксама. Бабскi суд адразу займае пэунае становiшча. А адказчыца такая белая, пухнатая i ахвяра злачынцы. Трэба заяуляць адвод судздзе. I зьвяртацца да юрыстау, што па сямейнаму праву працуюць, калi сам ня можаш iск скласьцi. Як варыянт зьвярнуцца у асацыяцыю па ахове правоу бацькау i дзяцей. Там есьць юрыст. Ён без працы нiколi ня бывае. Дзяцей шкада. Псiхiку iм такая матка парве моцна. Псiхалагiчны гвалт. Бо у дзецях яна бачыць "быушага". Таксама праходзiлi. Гэтае пытаньне на Беларусi зараз вельмi балючае i невырашальнае.

27
Агрэст / Адказаць 08.05.2020 / 14:29

После развода начнутся гражданские мужья, или как сейчас модно называть, партнеры. Детки будут заложниками своей мамы и ее "раскрепоженной, комуникабельной" жизни.

22
Казік / Адказаць 08.05.2020 / 14:30

Патрэбны каментар спецыяліста. Максім-дзізайнер, чакаем

13
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура