Праект партала
Дома
31.12.2019 / 11:48
Ідэя на навагодняе меню: курыны рулет з каштанамі або курагой21

Ужо зусім хутка надыдзе чароўная навагодняя ноч. І людзі чакаюць гэтае свята не толькі таму, што спадзяюцца на здяйсненне ўсіх сваіх мараў і на пачатак новага жыцця з новага года. Шмат хто чакае менавіта навагодні стол, за якім можна пагаманіць са сваёй сям’ёй і сябрамі і пакаштаваць новыя цікавыя стравы. І кожнаму хочацца здзівіць сваіх гасцей, але пры гэтым не правесці ўвесь вечар на кухні.

Таму я параю дзівіць не колькасцю і складанасцю страваў, але ўжываннем незвычайных інгрэдыентаў. Напрыклад, можна зрабіць звычайны курыны рулет, але дадаць у яго такія нязвыклыя для нас каштаны, каб атрымаць абсалютна іншы смак. Смачна есці!

Каштаны тут надаюць своеасаблівы салодка-арэхавы смак. Можна паспрабаваць замяніць іх курагой, калі каштаны будзе складана знайсці.

На 4 рулеты:

  • 2 вялікія грудкі са скурай і косткай
  • 1 цыбуліна
  • 1 зубчык часнаку
  • палова морквіны
  • 50 грам рысу
  • 50 грам грэцкіх арэхаў
  • 100 грам каштанаў
  • аліўкавы алей
  • соль, перац

Пачнём з таго, што зварым каштаны. На скурцы кожнага каштана робім надрэз шырынёй сантыметр ці два. Апускаем каштаны ў каструлю з вадой і варым хвілін 30—40 да мяккасці (унутры яны павінны лёгка пракалвацца відэльцам). Каштаны чысцім і рэжам на сярэднія кавалкі.

Пакуль варацца каштаны, рыхтуем усё астатняе для начынкі. Рыс варым да гатоўнасці ў салёнай вадзе. Цыбулю, моркву і часнок дробна наразаем. У патэльні разаграём алей і смажым на ім агародніну да мяккасці. Арэхі рубім на кавалкі.

Змешваем рыс, агародніну, арэхі і каштаны, дадаём соль і перац — начынка гатовая!

Курыныя грудкі зразаем з косткі, скуру пакідаем. Спрабуем зрабіць грудку як мага танчэйшай і большай па плошчы: у тоўстых месцах грудку наразаем па гарызанталі, але не да канца, каб грудка заставалася цэлым кавалкам. Трохі адбіваем, солім і перчым.

На кожную грудку выкладаем начынку, загортваем рулетам і звязваем ніткай. Шмаруем рулеты аліўкавым алеем.

Запякаем рулеты ў духоўцы 40 хвілін пры 180 градусах. Потым падвышаем тэмпературу да 200 градусаў і пакідаем яшчэ на 10 хвілін, каб на рулетах з’явілася прыгожая залатая скарынка.

Вольга Чарнова, фота аўтара

Каментары
хамса / Адказаць 14.12.2019 / 16:04

Вольга Чарнова, а я ўсё думаю - куды ж вы прапалі?) пэўна ў Францыі чакалі саспявання каштанаў.. вы б хоць папярэджвалі ў “сваіх” рэцэптах, дзе шукаць “вашыя” інгрэдыенты.. у Беларусі ўежныя каштаны не растуць.. калі ўжо беларускія стравы будуць?

5
хамса / Адказаць 14.12.2019 / 16:09

яна здзекуецца, гэта ваша гаспадыня? “прадумваем навагодняе меню”.. з парыжскімі каштанамі.. а што рабіць працуючай 31-га снежня (дзякуй румасу) рабыні?

6
хамса / Адказаць 14.12.2019 / 16:18

прадумваем навагодняе меню.. гы) мы з бацькамі (не маладзеем)), таму навагодняе меню робіцца ўсё больш лёгкім.. паветраным.. як бурбалкі шампанскага.. хутка, відаць, ежа зусім знікне са стала.. Вольга Чарнова, а прапанаваць нешта больш лёгкае для страўніка (душы.. гаманца..) не?

4
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура