Праект партала
Густ
14.12.2019 / 17:11
Парфумерная стылістка: Няма такога паняцця, як сэксуальны пах мужчыны9

Данута Нікіціна шмат гадоў адпрацавала настаўніцай у школе. Але, як прызнаецца сама Данута, аднойчы стамілася ад «сістэмы» і вырашыла пачаць жыццё з чыстага аркуша. Дакладней, з чыстага блотара — так называецца палоска паперкі, куды наносяцца духі.

Данута Нікіціна — парфумерная стылістка. Пра тое, ці запатрабаваная гэта прафесія ў Беларусі, колькі пахаў павінна быць у гардэробе і чаму жаночыя пахі бываюць сэксуальнымі, а мужчынскія не, у гутарцы «Нашай Ніны».

«Аднойчы я зайшла ў дзьюцік на мяжы. Як заўсёды, часу было мала, а парфуму трэба было выбраць. Пырснула, цана падышла, схапіла і пабегла. А пасля задумалася: а чаму я так раблю? А ці падыходзіць наогул мне гэты пах? А чаму я купляю парфуму толькі тады, калі ў мяне заканчваецца папярэдні флакон?» — разважала тады Данута Нікіціна.

Доўга выношвала гэтую думку, шукала інфармацыю ў розных крыніцах, гутарыла з прадаўцамі-кансультантамі ў магазіне парфумы і раптам вырашыла, што хоча займацца менавіта падборам гардэробу пахаў.

Пах, лічыць Данута Нікіціна, гэта першае, на што мы падсвядома звяртаем увагу пры знаёмстве з новымі людзьмі. Таму і важна, каб не сапсаваць пра сябе ўражанне, навучыцца карыстацца пахамі.

«Заўсёды, калі вы выбіраеце духі, трэба пытацца ў сябе: з якой мэтай я наношу той ці іншы пах на сябе? Калі вы ідзяце на сумоўе, то пах павінен быць адзін, калі ў вас рамантычнае спатканне — іншы», — упэўненая Данута.

Мужчыны заўсёды выбіраюць пах шчасця

Першая парада, якую дае парфумерная стылістка, гэта, калі вы ідзяце ў краму выбіраць сабе парфуму, не перабівайце пахі парфумы кавай, якая стаіць на паліцах.

«Кава моцна пахне сама па сабе. І наступныя пахі будзе проста перабіваць сваім водарам. Лепш пахі «запіваць» чыстай вадой»,— сцвярджае Данута Нікіціна.

Данута Нікіціна расказвае, што ўсе жаночыя пахі падзяляюцца на чатыры стыхіі: гаспадыня, дзяўчына, князёўна і каханка.

«Вы будзеце смяяцца, але я аднойчы выратавала сям’ю сваіх сяброў ад разводу. Муж маёй сяброўкі ўвесь час скардзіўся, што дома адчувае сябе не ў сваёй талерцы, што жонку не хочацца больш абдымаць, знаходзіцца побач. Тады я параіла ёй змяніць парфуму. Адмовіцца ад паху «князёўны» і выбраць пах «дзяўчынкі». Лёгкі водар кветак і садавіны зрабіў сваю справу. З халоднай каралеўны, да якой страшна дакрануцца, сяброўка пераўтварылася ў дзяўчынку, якую хочацца абараняць і пра яе клапаціцца», — расказвае Данута Нікіціна.

А вось пахі, якія прадаюцца як афрадызіякі, сцвярджае парфумерная стылістка, — гэта маркетынгавы ход, не больш.

«Не існуе такога паху, які б пачуў мужчына і ад якога ў яго вусы скруціліся б у трубачку быццам у пацука Рокі ад сыру. Трэба ведаць, што такім чынам афрадызіякі павінны ўплываць на саму жанчыну. Калі яна адчувае сябе жаданай і прывабнай, тое самае будзе адчуваць і мужчына, які знаходзіцца побач. А адчуць сябе такой памогуць пахі цынамону, ружы, амбры, пачулі, туберозы, ванілі, іланг-ілангу, сандалу, мускусу», — раіць Данута. 

І фармулюе сваю думку проста:

«Мужчыны заўсёды выбіраюць пах шчасця. Калі ваш пах асацыюецца са спакоем, цеплынёй, утульнасцю, то вы і будзеце прывабнай», — сцвярджае стылістка.

А вось жанчыны ніколі не выбіраюць мужчын па асаблівым, сэксуальным паху.

«Такога паняцця, як сэксуальная мужчынская парфума, не існуе. Жанчынам дастаткова адчуць дыхтоўны драўняна-мускусны пах з тонкімі кветкавымі або цытрусавымі нотамі, і яна разумее, што носьбіт гэтага паху разумны і ўпэўнены ў сабе мужчына. Што ў прынцыпе і з’яўляецца сінонімам сэксуальнасці», — кажа Данута Нікіціна.

Прафесія парфумернага стыліста пакуль не вельмі запатрабаваная ў Беларусі.

«Мяркую, што ў гэтай прафесіі ўсё наперадзе. Ведаеце, як стыліст па адзенні толькі зараз уваходзіць у моду, то тое ж чакае і прафесію стыліста па пахах. У гардэробе жанчыны павінна быць каля 12 пахаў. І ў адзіночку з гэтым справіцца вельмі цяжка», — лічыць парфумерны стыліст.

Данута Нікіціна лічыць, што, калі ты набываеш парфуму, значыць, укладаеш грошы ў эмоцыі.

«І ні ў якім разе не трэба шкадаваць аб тым, што купілі лішнюю парфуму, ці парфума, якой вы раней карысталіся, вам перастала падабацца. У мяне ёсць адна туалетная вада, якой я карыстаюся толькі тады, калі гуляю з сабакам. Не таму што яна нейкая танная ці смярдзючая, а таму што толькі на прагулцы я адчуваю гэты водар, якім ён павінен быць. Мне ў ім утульна, ён змешваецца са свежым паветрам і гучыць так, што думкі ў галаву лезуць толькі прыемныя», — прызнаецца Данута Нікіціна.

А наконт таго, што пах можа перастаць падабацца, Данута Нікіціна тлумачыць гэта так: проста мяняецца наш душэўны стан.

«Калісьці, напрыклад, у вас быў напружаны момант у жыцці, калі адразу навалілася безліч праблем, і вы на падсвядомым узроўні шукалі пах, які дасць вам моцы або, наадварот, будзе вашым абаронцам, а прайшоў час, у вас усё наладзілася ў жыцці, і пах стаў для вас занадта рэзкім. Не спяшайцеся выкідваць духі, якія вам не падабаюцца цяпер. Магчыма, пройдзе час — і вы вернецеся да іх, і адчуеце ўжо зусім іншыя эмоцыі», — сцвярджае Данута.

Калі вы выбіраеце разрэкламаваныя духі, ведайце, што вы плаціце заробак Скарлет Ёхансан

Па цане Данута Нікіціна размяжоўвае парфуму на масмаркетаўскую, мастыжную, люксавую і нішавую.

Масмаркет — гэта, канечне ж, тое, што прадаецца ў любых крамках. Гэта і туалетная вада «Бэз», і духі «Ландыш срэбраны». Мастыжная парфума — гэта такі гібрыд паміж масмаркетам і люксам. Аntonio Banderas, Mexx, Puma, Naomi Campbell, Christina Aguilera — гэта мастыж.

А люкс — гэта ўжо такія брэнды, як Burberry, Nina Ricci, Prada, Gucci, Dior, Givenchy, Kenzo, Jimmy Choo, Calvin Klein, Chloe. Вядома, што гэтыя брэнды належаць буйным карпарацыям, а тыя, чаго толькі не зробяць, каб прасунуць сваю парфуму на сусветны рынак. На гэтыя брэнды працуюць і вядомыя парфумеры, і маркетолагі, і піяршчыкі, і рэжысёры, і мадэлі, і сусветныя зоркі. «Таму трэба разумець, калі вы выбіраеце парфуму класа люкс — вы плаціце заробак і Скарлет Ёхансан, якая яго рэкламавала, таксама», — сцвярджае Данута Нікіціна.

Ёсць яшчэ чацвёртая катэгорыя парфумы — нішавая. Гэта асаблівая катэгорыя парфумы, якую ствараюць толькі майстры і толькі з натуральных інгрэдыентаў. Такая парфума выпускаецца ў вельмі малой колькасці, яна — прадмет гонару і раскошы, стварэнне такой парфумы — гэта легенды і прыгожыя гісторыі.

У палякаў — «Пані Валеўская», а ў Беларусі?

Данута Нікіціна расказвае, што ўжо калі стала цікавіцца парфумай, яе муж распавёў ёй гісторыю сваёй сям’і. Аказваецца, што яго продкі працавалі на фабрыцы па вытворчасці флаконаў для парфумы ў Віцебскай вобласці для кампаніі Brokar.

«Мяне гэта так зацікавіла, што я вырашыла, што проста неабходна даведацца пра гэта падрабязней. А пасля вось якое пытанне мяне турбуе: якімі духамі карысталіся нашы князёўны? Напэўна ж, мелі густ і разбіраліся ў пахах? Асабліва крыўдна становіцца, калі за мяжой мне расказваюць гісторыі пра паходжанне таго ці іншага водару, а мне адказаць нават няма чым. Напрыклад, духі «Пані Валеўская». Ну хто не ведае гэтай гісторыі пра маладую дзяўчыну з Польшчы, якую сустрэў на балі Напалеон? Яна была ў сіняй сукенцы і падарыла імператару букет фіялак. Духі і названыя ў яе гонар. А хіба ў Беларусі няма жанчын, у гонар якіх можна назваць водар духоў?» — пытаецца Данута Нікіціна.

Наталля Тур, фота аўтаркі і з архіва гераіні

Каментары
Па-коласаўску мудры / Адказаць 15.12.2019 / 11:16

З задавальненнем прачытаў артыкул. Чытаў - і хацелася нюхаць, нюхаць, нюхаць. Прыемная жанчына апавядае цікавыя рэчы.

2
Alisa / Адказаць 15.12.2019 / 11:31

Сэксуальны пах мужчыны ёсць, а паняцця такога няма ))))

2
soleil / Адказаць 15.12.2019 / 13:20

"Прафесія парфумернага стыліста пакуль не вельмі запатрабаваная ў Беларусі" Знаете, искать свой аромат с помощью парфюмерного стилиста - все равно, что надеяться встретить любовь всей своей жизни, воспользовавшись услугами брачного агентства. Да, вам подберут кого-то, чьи анкетные данные будут соответствовать вашим запросам, но шансы, что между вами возникнет химия, мизерные. Ни один стилист не услышит аромат так, как услышите его вы, потому, что ольфакторный аппарат у каждого человека уникален. Впечатление, которое произведет на вас парфюмерная композиция, невозможно предсказать, равно, как и ваш эмоциональный отклик на нее. Сам поиск любимых ароматов - ни с чем не сравнимое удовольствие - вместе со всеми сопутствующими надеждами, разочарованиями, восторгами, жаждой обладания и усталостью. Как можно делегировать этот кайф кому-то другому?!

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура