Праект партала
Тонус
07.01.2020 / 11:09
Беларускамоўная майстрыха дэпіляцыі: «Працэдура папулярная і сярод мужчын, асабліва калі яны плыўцы»9

Люся Нікіценка працуе майстрам па дэпіляцыі. Звычайная сёння прафесія. Але запіс, прыём і свой блог пра здароўе скуры Люся вядзе выключна па-беларуску.

 

«Калі рыхтую нейкі допіс пра асаблівасці догляду скуры, часам даводзіцца нават прыдумляць беларускія словы, бо многіх тэрмінаў проста няма ў слоўніках», — прызнаецца Люся Нікіценка.

Сама дзяўчына размаўляе па-беларуску з юнацтва.

«Хаця я вучылася ў беларускамоўнай школе, многія прадметы нам выкладалі па-руску. Таму не магу сказаць, што пераход на мову адбыўся ў адзін дзень. Маё кола зносін сфарміравалася такім чынам, што ў ім было шмат беларускамоўных людзей, так паступова на мову перайшла і я», — расказвае Люся.

Спачатку блізкія і сябры ўспрымалі гэта насцярожана.

«Як я зразумела, што ўсе прызвычаіліся? Раней мая сяброўка, калі я размаўляла па-беларуску, казала, што гэта не я. А праз нейкі час, пачуўшы, што я з кімсьці гавару па-руску, сказала: «Цяпер гэта дакладна не ты».

А з кліентамі такой праблемы не было. Асноўная інфармацыя пра мяне ў інтэрнэце, я вяду свае суполкі па-беларуску, таму кліенты ведаюць пра гэта. Рэдка хто здзіўляецца, калі я пытаюся, на якую дату запісваць на шугарынг [дэпіляцыя цукровай пастай — Рэд.] », — кажа Люся.

Людміла расказвае, што і шугарынг, і дэпіляцыя воскам сёння папулярныя як сярод жанчын, так і сярод мужчын.

«Я нармальна стаўлюся да таго, што да мяне па працэдуры звяртаюцца і мужчыны. Тыя часы, калі мужчыну было сорамна прызнацца, што ён робіць дэпіляцыю ці манікюр, на шчасце, ужо прайшлі. Усе хочуць выглядаць дагледжана.

Часцей за усё звяртаюцца спартсмены. Напрыклад, плыўцы. Іх жа фатаграфуюць у адных плаўках, таму ім хочацца, каб цела было гладкім паўсюль. Просяць мужчыны пагаліць і падпахі, і грудзі, і зону бікіні. Не бачу ў гэтым нічога такога. Горш, калі людзі не даглядаюць або даглядаюць скуру няправільна», — расказвае Люся Нікіценка.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Шмат хто з маіх кліенткі дзівяцца, што я раблю дэпіляцыю мужчынам. "ЯААК??" - пытаюцца яны. А што ў гэтым такога, уласна кажучы? Сучасныя мужчыны хочуць быць прыгожымі і дагледжанымі не менш за жанчын. ⠀ Дык навошта ж дэпіляцыя мужчыну? ▪︎Дэпіляцыя - гэта чыста гігіенічная працэдура. Як вядома, валасы вельмі добра ўтрымліваюць пахі (і поту ў тым ліку). Дэпіляцыя ўратуе ад гэтых непрыемнасцей ▪︎Гэта зручна! Не трэба мучыцца раздражненнем ад частага галення, адчуваць дыскамфорт ад монобрыва, купляць пенкі ды сродкі пасля галення і інш. ▪︎Гэта эканоміць багата часу раніцамі⏰. Хвілін 15-30 штодня ў параўнанні з 1-2 гадзінамі ў месяц - розніца каласальная! ▪︎Працяглы эфект. Колькі трымаецца гладкасць пасля галення? Дзень або два, калі пашанцуе? Дэпіляцыя дорыць гладкасць ад 7 дзён і болей ▪︎Захапленне жанчын. Ну што ўжо казаць, усім падабаюцца дагледжаныя прыгажуны. ⠀ Дарэчы, многім мужчынам дэпіляцыя некаторых зон неабходная па родзе заняткаў (напрыклад, плыўцам). ⠀ Мужчынская дэпіляцыя на сённяшні дзень - гэта такая ж неабходнасць як стрыжка ці мужчынскі манікюр. Гэта проста догляд за сабой. ⠀ Дзяўчаты, а вашыя мужчыны сочаць за сабой? Хочуць быць дагледжанымі? #tryepil

Публикация от ШУГАРЫНГ ВОСК ДЭПІЛЯЦЫЯ МІНСК (@tryepil)

«Канечне, хочацца, каб мае кліенты клапаціліся пра стан сваёй скуры. І самая вялікая памылка — думаць, што чым больш будзеш церці яе, тым лепей. Гэта зусім не так. Давайце параўнаем скуру з далікатнай тканінай. Што б з ёй было, калі б мы кожны дзень спачатку церлі яе ў адбельвальніку, мылі пральным парашком, узмоцнена шаравалі? Тое самае адбываецца і са скурай. Не трэба штодзень мыцца з рознымі гелямі і мылам. Для штодзённай гігіены дастаткова звычайнай цёплай вады. Гель ці мыла можна выкарыстоўваць 1—2 разы на тыдзень», — расказвае Люся.

Люся Нікіценка раіць усім звяртаць увагу на склад крэмаў, геляў ці шампуняў.

«Абавязкова глядзіце, каб не было сульфатаў. Яны досыць агрэсіўныя і могуць выклікаць праблемы са скурай. за тым, каб у вашых сродкаў не скончыўся тэрмін прыдатнасці», — раіць Люся.

Жанчына працягвае, што многія выбіраюць дзіцячыя сродкі, бо мяркуюць, што за іх складам сочаць больш пільна.

«Я не магу адказваць за ўсе дзіцячыя сродкі, бо для мяне самой было нечаканасцю ўбачыць, што склад некаторых дзіцячых геляў яшчэ больш агрэсіўны, чым дарослых. А вось калі трапіць на стары добры «Кря-кря», то ім можна карыстацца смела», — запэўнівае майстар.

Наталля Тур

Каментары
Алёна К. / Адказаць 07.01.2020 / 12:39

Поспехаў сп. Люсіі, і развіцця бізнэсу)

8
Uladzimir Padabed / Адказаць 07.01.2020 / 12:49

Гэту навіну патрэбна на першую старонку.

3
mikola ramanau / Адказаць 07.01.2020 / 13:15

Ja spaczatku praczytau jak-*belaruskamouna mahljarka*.................byla smesna.............

10
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура