Праект партала
Стасункі
28.07.2019 / 09:35
«На вяселлі плацілі за паветра і кідалі букет з арматурай». Маладзёны з Мінска зладзілі вяселле пад вадой ФОТА, ВІДЭА14

«Гэта ўсё Антон, мой цяпер ужо муж прыдумаў», — дзеліцца Яна Піліпчук, мінчанка, якая сказала «так» пад вадой.

 «Спачатку я думала, што ўсё гэта жарт: вяселле пад вадой, аквалангі, пытанні аб тым, як будзем распісвацца ў вадзе… А пасля таго, як наш інструктар па дайвінгу Аляксандр Назараў стаў усё ўсур’ёз пралічваць, я зразумела, што сапраўды выходжу замуж пад вадой», — кажа Яна.

Яна прызнаецца, што любоў да дайвінгу ў яе ўзнікла нечакана, разам са з’яўленнем у яе жыцці Антона.

«На 14 лютага ён мне падарыў сертыфікат на пагружэнне. Я і да гэтага любіла ваду, а цяпер дакладна магу сказаць, што гэта мая стыхія. А калі Антон прапанаваў узяць шлюб у вадзе, я падумала, ну калі я гатовая з чалавекам і ў агонь, і ў ваду, то гэта сапраўднае каханне», — дзеліцца Яна.

Прапановы выйсці замуж, прызнаецца Яна, яна так і не атрымала. Проста Антон хутка ўсё вырашыў разам з інструктарам, а Яну папярэдзілі пра тое, што ў яе вяселле, за пяць дзён да ўрачыстасці.

«Аказваецца, да вяселля цалкам можна падрыхтавацца за пяць дзён. Сукенку я купіла на «Куфары» за 70 рублёў. Паколькі роспіс быў пад вадой, мы зэканомілі на фатографах і аператарах — нас здымалі сябры, у якіх была адмысловая тэхніка. З прычоскай і макіяжам былі складанасці. Візажысты і цырульнікі, каторым я тэлефанавала, адмаўляліся. Адныя казалі, што гэта вельмі складана для іх, другія проста думалі, што я жартую і кідалі трубку. Затое мае сяброўкі ўдзячныя за тое, што я таксама ім зэканоміла грошы. Не спатрэбіліся ні ўкладкі, ні макіяж».

«Даражэй за ўсё нам абышлася арка з жывых кветак, за яе мы заплацілі каля 300 рублёў. Мы ж хацелі, каб усё было прыгожа пад вадой, каб там у нас была сапраўдная цырымонія, а не абмен пярсцёнкамі. А! І за паветра давялося заплаціць па 20 рублёў на чалавека», — смяецца Яна.

Агулам цырымонія пад вадой на глыбіні 6 метраў доўжылася амаль гадзіну.

За гэты час у маладых спыталіся, ці згодныя яны пабрацца шлюбам. Для гэтага раздрукавалі спецыяльныя таблічкі, якія вядучы цырымоніі, а ім быў інструктар Антона і Яны па дайвінгу Аляксандр Назараў, паказваў маладым. А тыя дружна ў адказ паднялі таблічку са словам «так». Пасля маладыя ў вадзе абмяняліся пярсцёнкамі, затым адбыўся першы танец маладых, пасля там жа, пад вадой, прымалі віншаванні ад сваякоў і сяброў, ну і, канечне ж, нявеста кідала букет.

«Букет я свой забылася ля басейна, таму сяброўкі лавілі букет ужо на паверхні вады. Але, каб ён даплыў па вадзе, давялося дадаваць у букет кавалак арматуры. Сяброўка, што злавіла букет, пажартавала, што цяпер таксама будзе вымушаная распісвацца пад вадой», — кажа Яна.

Наогул, з’яўленне нявесты ў раздзявалцы басейна не прайшло незаўважаным.

«Натуральна, людзі, што былі ў той дзень у аквапарку, аж міргалі, калі бачылі мяне. Нявеста ў вэлюме ў басейне, што гэта? І пакуль доўжылася цырымонія, у аквапарку ніхто не плаваў. Усе дзівіліся на нас, стоячы ля парэнчаў басейна», — расказвае Яна.

Праз два тыдні пару чакае афіцыйны роспіс у ЗАГСе, а пасля Яна і Антон зноў возьмуць аквалангі і паедуць у мядовы месяц у Егіпет, каб і яго правесці пад вадой.

 

Наталля Тур, фота з архіва гераіні

Каментары
maha / Адказаць 28.07.2019 / 11:04

А кажуць, радыяцыя не дзейнічае)

6
maha / Адказаць 28.07.2019 / 11:05

Але шчасця маладым!

1
ugo / Адказаць 28.07.2019 / 11:34

"Праз два тыдні пару чакае афіцыйны роспіс у ЗАГСе" ----------------------- Тут і віншаваць пакуль не з чым. Без афіцыйнага роспісу вяселле несапраўднае, фэйкавае. Тут, нядаўна, аналагічна двух гусакоў жанілі. Я чакаў сапраўднага роспісу, як у Лас-Вегасе, калі ў якім-небудзь казіно АФІЦЫЙНА жэняцца.

4
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура