Праект партала
Густ
01.08.2019 / 10:15
Дызайнер упрыгожанняў Алена Карпілава: Раз на 3—4 месяцы абавязкова з’язджаю ў Парыж, каб наталіць свой культурны голад5

Яркія ўпрыгожанні, заўважныя аксэсуары, лічыць дызайнер Алена Карпілава, носяць толькі смелыя і адкрытыя людзі, людзі, якім ёсць што сказаць пра сябе, што заявіць, і якія не баяцца, што да іх будзе прыкавана пільная ўвага.

Мы пагутарылі з Аленай пра тое, ці існуе мода на аксэсуары, які сацыяльны і палітычны падтэкст могуць несці брошкі ці калье, чаму сама дызайнерка хоча, каб яе аксэсуары насіла Святлана Алексіевіч, і чаму ў Мінску нельга наталіць свой культурны голад.

Алена Карпілава.

Алена Карпілава мае і мастацкую, і мастацтвазнаўчую адукацыю, калісьці прыдумала Minsk Design Week, з’яўляецца сузаснавальніцай Школы архітэктурнага мыслення, чытае лекцыі па мастацтве, робіць свае ўласныя, ні на што не падобныя ўпрыгожанні.

«Мае кліенты кажуць, што ў мяне ўсе працы быццам архітэктурныя. Магчыма, таму што я натхняюся не працамі ювеліраў, а творамі архітэктараў, мастакоў», — кажа дызайнер.

Алена Карпілава. Завушніцы з серыі Tapes.

Завушніцы з калекцыі Jeu d'été.

Раз на 3—4 месяцы, прызнаецца Алена, абавязкова з’язджае ў Парыж, каб наталіць свой культурны голад.

«У сэнсе мастацтва, прасторы для натхнення я, на жаль, не магу сказаць, што задавольваюся тым, што адбываецца ў Беларусі. Мне тут сумна. Вартыя ўвагі мерапрыемствы, выставы здараюцца ў Беларусі вельмі рэдка.

А мне для натхнення проста неабходна бачыць, што новага, крутога адбываецца ў свеце мастацтва. Так бывае, глядзіш на нейкія арт-аб’екты, запамінаеш, натхняешся, і ідэя для ўпрыгожання прыходзіць у самы нечаканы момант. Пры гэтым я не пераношу, калі капіююць рэчы іншых дызайнераў. Крыўдна, што пакупнік так і не даведаецца, хто быў першакрыніцай той рэчы, якая яму так спадабалася. Прычым не зразумела, навошта капіяваць чужыя ідэі? Аксэсуары — гэта такая прастора для творчасці, тут няма ні абмежаванняў, ні забароны».

Тым больш, сцвярджае Алена Карпілава, моды на аксэсуары няма.

«Цяпер модна ўсё. Вяртаецца вінтаж, можна надзець нітку жэмчугу, можна выйсці ў свет у абсалютна нечаканым, дзёрзкім вобразе. Напрыклад, вось гэта калье аўстрыйскай дызайнеркі Канстанцэ Прэхтль. Гэта не проста ўпрыгожанне, гэта цэлая філасофія», — распавядае Алена.

Канстанцэ Прэхтль. Калье «Навыварат». 

Тым, хто цікавіцца значэннем аксэсуараў, Алена Карпілава раіць пачытаць кнігу Мадлен Олбрайт, першай жанчыны — дзяржсактара ЗША, «Прачытай мае брошкі».

«Гэтая жанчына мела вялізную калекцыю брошак, у яе калекцыі, здаецца, больш чым 200 экзэмпляраў. І ў залежнасці ад настрою, ад сітуацыі, ад мэты сустрэчы яна надзявала адпаведнае ўпрыгожанне. Калі ў яе быў добры настрой — надзявала птушачак ці кветачкі, калі трэба было ўдзельнічаць у дэбатах, прышпільвала брошку ў выглядзе пчалы. І яе апаненты сапраўды казалі, што яна быццам джаліць іх», — расказвае дызайнерка.

Ці адваротны прыклад, працягвае Алена Карпілава, — расійская мастацтвазнаўца Вольга Свіблава. Яна ўжо амаль дзесяць год не выходзіць у свет без свайго ўлюбёнага калье. І носіць яго з абсалютна рознымі вобразамі.

Хочаце быць у цэнтры ўвагі — насіце ўпрыгожанні

«У мяне самой такіх упрыгожанняў, якія б прыцягвалі ўвагу, не шмат. Я не люблю выдзяляцца. Мне больш цікава назіраць, якія новыя, нестандартныя рашэнні прыдумляюць сусветныя дызайнеры. Пры гэтым мне нецікава набываць такія ўпрыгожанні, калекцыянаваць іх. Напрыклад, калье са старых мабільнікаў або з рознакаляровых канцылярскіх гумак. Дызайнерка Ліза Уокер давяла мастацтва знойдзенага аб’екта да вяршыні.

Ліза Уокер. Калье. 

Дзюн Канісі. Брошка «Дзе Мікі?» 

Ліза Уокер. Калье. 

Вядома, гэтыя рэчы наўрад ці зоймуць месца ў шкатулцы з фамільнымі ўпрыгожаннямі, але назіраць за тым, чым яшчэ здзівяць дызайнеры, адно задавальненне», — расказвае Алена.

Не ўсё тое золата…

А вось да чаго ў сучасных ювеліраў і дызайнераў ёсць прэтэнзіі, дык гэта да каштоўных камянёў і металаў.

«Мне сумна глядзець на нейкіх зорак на чырвоных дарожках, калі яны хваляцца сваімі дыядэмамі і падвескамі ў выглядзе масіўных змеяў вакол шыі, з брыльянтамі, якія каштуюць пяць мільёнаў даляраў. Вось, мабыць, гэта цяпер і не модна. Выстаўляць напаказ багацце: зашмат залатых упрыгожанняў, пярсцёнкі на ўсе пальцы засталіся, на мой і не толькі на мой погляд, у далёкіх 90-х. Зараз некаторыя авангардныя дызайнеры і ювеліры наогул адмаўляюцца ад працы з золатам», — расказвае Алена.

Напрыклад, швейцарскі мастак і дызайнер Ота Кюнцлі адмовіўся ад працы з золатам на цэлых дзесяць год. Вынікам яго пераасэнсавання таго, што золата — гэта брудны метал, што ён здабываецца ў цяжкіх умовах, стала яго праца — бранзалет «Золата асляпляе». Бранзалет на самай справе змяшчае цалкам важкі цэльны шар з золата, але пра гэта складана нават здагадацца, бо ён схаваны ў чорны гумовы «шланг».

Упрыгожанні — гэта не толькі вонкавая прывабнасць. У брошках, бранзалетах, калье, як сцвярджае дызайнер, можа быть схаваны глыбокі палітычны і сацыяльны падтэкст.

«Узяць тую ж гісторыю з залатым бранзалетам, хіба гэта не пра палітыку? У таго ж Ота Кюнцле быў сацыяльны праект, калі ён пры дапамозе ювелірных упрыгожанняў даследаваў інстытут шлюбу. Ён зрабіў два заручальныя пярсцёнкі, якія былі счэпленыя паміж сабой. У сваёй працы ён быццам пытаўся: такія пярсцёнкі — гэта кайданкі або сімвал добраахвотнай сувязі людзей?» — расказвае Алена Карпілава. 

Ота Кюнцлі. Пярсцёнак для дваіх. 

Цікавы быў перформанс дызайнеркі Камілы Праш. Яна зрабіла бранзалет з цэтлікаў ювелірных крамаў. На год закапала іх, а праз год паказала вынік гэтага эксперыменту. Ніткі і папера спарахнелі. Вось і пытанне: ці настолькі каштоўныя тыя ювелірныя вырабы?

Каміла Браш. Бранзалет «Пахаваны». 

«Мне не ўсё роўна, хто носіць мае ўпрыгожанні»

Алена Карпілава прызнецца, што да сваіх прац ставіцца вельмі крытычна.

«Калі прыходзіць у галаву нейкая ідэя, я раблю спачатку пробны варыянт упрыгожання. Пасля доўга яго дапрацоўваю, перарабляю. Імкнуся да дасканаласці. Але бывае, што кліенты хочуць чагосьці пэўнага, і гэтыя пажаданні бываюць нечаканымі. Калі я жыла ў Францыі, там таксама выстаўляла свае вырабы на розных маркетах. Прычым я больш люблю стальныя, срэбныя колеры. Але 90% францужанак, што падыходзілі да мяне, казалі: «Ой, якія прыгожыя завушніцы, а ці ёсць у залацістым колеры?» — кажа дызайнер.

Алена ўсе упрыгожанні робіць дома, туды і запрашае на прымерку і кліентак.

«Я параўноўваю свой фармат працы з фарматам некаторых люксавых крам, якія працуюць па заяўках на пэўны час. Напрыклад, недзе ў Нью-Ёрку. Калі ў краму тэлефануе Шэран Стоўн і кажа, што можа прыехаць толькі апоўначы. І спецыяльна дзеля яе гэты магазін адкрываецца. Мне было б, безумоўна, прыемна, каб так аднойчы патэлефанавала Святлана Алексіевіч. Гэта было б вельмі пачэсна для мяне», — расказвае Алена.

Што датычыцца іншых беларускіх зорак, то Алена ставіцца да гэтага спакойна.

«А я нават не ведаю, каго б хацела бачыць тварам сваіх упрыгожанняў. Адназначна не Саладуху. Нічога не маю супраць яго як чалавека, бо з ім не знаёмая, але ўпэўненая, што ён — не іміджавы твар маіх вырабаў. Тым больш для мужчын упрыгожанняў я не раблю. Як ні дзіўна, мне больш важная якасць кліентаў, а не іх колькасць. Мне не ўсё роўна, хто носіць мае вырабы, і я досыць выразна бачу вобраз майго кліента, які неяк зусім далёкі ад вобраза сучаснага беларускага эстраднага спевака», — адказала Алена Карпілава.

Наталля Тур, фота з архіва гераіні

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура