Праект партала
Гісторыі
11.06.2019 / 16:36
Стваральніца брэнда жаночай бялізны — супрацоўнікам: Калі ў вас дрэнны настрой, не прыходзьце на працу4

Амаль тры гады таму Ганна Драгацэнная вырашыла, што не хоча быць проста дызайнеркай і працаваць на кагосьці. Маладая амбіцыйная жанчына падумала, што з яе можа атрымацца выдатны бізнэсоўца.

Ганна Драгацэнная.

«Дакладней, да гэтага мяне падштурхнуў мой муж. Ён заўважыў, што мае сукенкі карыстаюцца попытам, і спытаў, ці змагу я распрацаваць мадэлі для масавай вытворчасці. Я сказала, што змагу. Вырашылі паспрабаваць. І, здаецца, у нас атрымалася», — расказвае Ганна.

Сёння жаночую бялізну брэнда «Драгацэнная» можна купіць ва ўсіх гарадах Беларусі. Таксама бялізну ад Ганны могуць набыць жанчыны ў Расіі, Літве, Казахстане. У бліжэйшых планах — пашырыць вытворчасць, бо ўжо сёння 12 супрацоўнікаў фізічна не спраўляюцца з замовамі. Пакупніцы ўсё часцей патрабуюць новых рэчаў, шануючы іх за якасць, сучаснасць і, канечне ж, за невысокі кошт.

Ганна Драгацэнная па адукацыі дызайнер. Скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. І бізнэсу, прызнаецца жанчына, ёй давялося вучыцца самой, з нуля.

«Ведаеце, вось шмат хто скардзіцца, што ў Беларусі вельмі цяжка мець сваю справу, што бюракратыя, тоны папер і адпіскі адбіваюць усю ахвоту працаваць. Дык вось гэта не так. Калі ты арганізаваны, калі ведаеш, што робіш, то ў Беларусі зможаш развіваць бізнэс. У кожнай дзяржаўнай установе пакажуць і раскажуць як правільна арганізаваць свой бізнес. У мяне, прынамсі, ніколі не ўзнікала пытанняў, у якім кірунку рухацца. Заўсёды былі побач людзі, гатовыя дапамагчы, падказаць, як лепей зрабіць», — дзеліцца Ганна.

Гандлёвую марку «Драгацэнная» Ганна зарэгістравала адразу пасля таго, як скончыла Акадэмію. Гэта не творчы псеўданім дызайнеркі, а сапраўднае прозвішча.

«Магу і пашпарт паказаць», — запэўнівае яна.

«Яшчэ калі я вучылася ў акадэміі, падумала пра тое, што трэба зарэгістраваць сваё прозвішча як марку. Ну таму што прозвішча запамінальнае. Нельга было аддаваць гатовы брэнд у чужыя рукі. А з прозвішчам у мяне ўзнікалі розныя казусы, — прыгадвае Ганна. — Неяк у чарзе акурат перада мной паклікалі мужчыну з прозвішчам Жамчужны. А мяне — за ім. Уяўляеце? Пасля Жамчужнага — Драгацэнная. Уся чарга смяялася».

Ганна кажа, што калі рэгістравала сваю гандлёвую марку, нават уявіць не магла, што пад ёй будзе выпускаць жаночую бялізну. Пачыналася ўсё з вечаровых сукенак.

Начныя кашулі брэнда «Драгацэнная».

Вечаровыя сукенкі насілі адзінкі, а хацелася, каб мая марка была даступнай ўсім беларускам

«Я з дзяцінства добра малявала і марыла быць дызайнерам адзення. Паступіла ў Акадэмію мастацтваў, стала вучыцца. Яшчэ студэнткай перамагла ў «Млыне моды — 2008». Пасля шмат ездзіла па Еўропе з паказамі сваіх сукенак, удзельнічала ў конкурсах. Мяне запрасілі на тэлебачанне шыць уборы вядучым, рабіла сукенкі Алёне Ланской. Дарэчы, з яе і пачаўся мой шлях у беларускі шоу-бізнэс. Алёна заўсёды расказвала, у сукенку якога дызайнера апранутая, было шмат замоў, мой почырк сталі пазнаваць.

А пасля я зразумела, што ўперлася ў столь. Пашыта безліч сукенак, мяне пазнаюць, я шмат удзельнічаю ў паказах. А што далей? Да таго ж, сукенкі шыліся ў адным экзэмпляры. Іх насіла адна жанчына, а бачылі яшчэ чалавек 50. Мне ж хацелася маштабу, хацелася апрануць усіх беларусак. Вывучыла рынак, і аказалася, што прыгожых і элегантных начных кашуль акурат не стае. Вырашыла займацца жаночай бялізнай: халатамі, начнушкамі. І ўсё з натуральнай бавоўны», — распавядае дызайнерка.

Без цяжкасцяў у адкрыцці новага бізнэсу не абышлося.

«Гэта сёння ў нас свая вытворчасць, на нас працуюць людзі, а пачыналі мы з супрацоўніцтва з фабрыкамі. Плацілі ім за тое, што яны ў сябе шылі бялізну пад нашым брэндам. Пасля, калі продажы павялічыліся, нам адмовілі, маўляў, не спраўляюцца. А пасля мы ўбачылі, што фабрыка стала выпускаць бялізну па маіх лякалах пад сваёй назвай. Гэта было вельмі крыўдна. У гэтым плане мы заканадаўствам не абароненыя зусім. Дастаткова да чужой мадэлі прышыць кішэню, напрыклад, і ўсё, гэта лічыцца іншай рэччу. А ведаеце, як гэта чапляе, калі бачыш у краме сваю прыдумку, але пад іншым брэндам?» — абураецца Ганна.

Сваю справу Ганна пачынала з банкам «Дабрабыт». Хоць прапаноў для бізнэсу і ў той час хапала, паверыла дызайнерка менавіта гэтаму банку.

«Мы з «Дабрабытам» працуем ад самага першага дня, як пачалі сваю справу. У іх вельмі добрая падтрымка бізнэсу, таму і аддалі ім перавагу. Працуем і не можам нарадавацца. За некалькі гадоў банк не падвёў ніводнага разу», — адзначае ўласніца брэнда «Драгацэнная».

Калі ў вас свой бізнэс:

Банк «Дабрабыт» мае спецыяльную праграму падтрымкі жаночага бізнэсу і крэдытуе мікраарганізацыі, малы і сярэдні бізнэс на выгадных умовах. Прадпрымальніцы могуць узяць крэдыт на 11 год пад 5,5% гадавых.

Пры атрыманні крэдыту на суму $100 000 на 11 год штомесячны плацёж з улікам працэнта — $1216. 

Клікніце, калі хочаце даведацца больш пра праграму.

Адзіны шлях да поспеху — працаваць

Працоўны дзень у Ганны пачынаецца а 7-й гадзіне раніцы, а заканчваецца амаль апоўначы.

«А інакш нельга. Ведаеце, мне аднойчы муж сказаў, што ёсць тры шляхі стаць паспяховым і багатым. Першы — атрымаць спадчыну, другі — мець мегамозг, ну як Біл Гейтс, напрыклад. А трэці шлях — гэта працаваць і працаваць. Крок за крокам будаваць сваю мару. Наш шлях — трэці. І яшчэ вельмі важна разбірацца ў тым, што ты робіш. У мяне, напрыклад, нават няма свайго дырэктарскага кабінета. На працы я працую. Мне няма калі сядзець за сталом. Калі трэба сесці за швейную машынку, я сядаю. Калі трэба ўзяцца за прас — бяруся. Я сама працую з пастаўшчыкамі, бо я ведаю, якая тканіна і якія карункі мне патрэбныя».

Усе мадэлі Ганна прыдумвае з нуля.

«Я малюю мадэль спачатку ў сваёй галаве. Пасля пераношу на паперу, затым шыю адзін экзэмпляр, гляджу, як мадэль будзе выглядаць на тканіне. Калі мяне ўсё задавальняе, запускаем у вытворчасць. Але, ведаеце, ніколі немагчыма спрагназаваць, якая рэч спадабаецца пакупнікам. Я памятаю, як радавалася, калі здабыла тканіну з бавоўны тэракотавага колеру. Думала, што гэта будзе бомба. А ў выніку? Мадэлі гэтага колеру да сёння ляжаць на складзе».

Самы бяспройгрышны варыянт, дзеліцца Ганна Драгацэнная, — гэта начныя кашулі чорнага колеру з карункамі. Такія рэчы на паліцах доўга не затрымліваюцца.

Адной з пераваг свайго брэнду Ганна лічыць тое, што яны гатовыя задавальняць патрабаванні сваіх кліентаў.

«Мы сочым за каментарамі, якія пакідаюць нам на нашых старонках у інтэрнэце. Адказваем на ўсе пытанні. Калі ў нашых сілах палепшыць нашыя рэчы, мы гэта робім», — расказвае Ганна.

Ключавое слова ў бізнэсе — парадак

Што значыць «сакрэт поспеху», Ганна не ведае.

«Няма ніякіх сакрэтаў. Мне здаецца, што ключавое слова ў паспяховым бізнэсе — гэта парадак. Для нас нават прыход праверкі — гэта як прыход доўгачаканых гасцей. Просяць любую паперку, а ў нас яна ёсць. Мы своечасова праходзім сертыфікацыю, плацім падаткі і выплачваем заробкі. Нашы супрацоўнікі ведаюць, што ўсё, чаго мы ад іх патрабуем, — гэта акуратнасці і ўважлівасці на працоўных месцах. Мы не гонімся за колькасцю рэчаў, якую павінны зрабіць швачкі за змену. Мы просім якасці і парадку. Дрэнны настрой і стомленасць — гэта паважныя прычыны, каб не прыходзіць на работу. Ну як будзе працаваць чалавек, які стомлены, у дрэнным настроі? Ён паўдня будзе спрабаваць узяць сябе ў рукі! Прыйдзе раздражнёны і сваім настроем выб’е з каляіны тых, хто працуе побач. Таму лепш хай адпачне, прыйдзе ў сябе. А на працы трэба працаваць», — упэўненая дырэктарка.

У бліжэйшых планах брэнда «Драгацэнная» — пашырыць вытворчасць.

«Я не ведаю, што будзе далей. Магчыма, будзем выпускаць дзіцячаю бялізну, магчыма, пашырым жаночы асартымент. Але я дакладна ведаю, што буду рабіць гэта ў Беларусі. Я не ведаю, ці патрыятызм гэта, але калі ў Расіі і Казахстане ў першую чаргу пытаюцца пра беларускія рэчы (бо ведаюць, што беларускія рэчы — гэта якасна і сучасна), то гэта гонар і жаданне працаваць яшчэ больш старанна. Я вельмі хачу, каб за мяжой Беларусь пазнавалі не толькі па трактарах і бульбе, а і па якасным сучасным адзенні».

Не так даўно брэнд «Драгацэнная» хацела выкупіць замежная фірма, прапаноўвалі вялікія грошы.

«Мара не прадаецца, адказала я ім», — падсумоўвае Ганна Драгацэнная.

Наталля Тур, фота Волі Афіцэравай

Каментары
Звонкие бубенцы / Адказаць 12.06.2019 / 10:15

Согласен! Если у одного плохое настроение - он демарализует весь коллектив. Плохое настроение - страдай дома один, не распространяй вирус!

5
Владимир123 / Адказаць 12.06.2019 / 15:44

Хорошая скрытая реклама банка добрабыт.

0
Вясковы Лірнік / Адказаць 12.06.2019 / 22:52

Дзякуй за матэрыял. Хай шчасціць гэтым людзям. Давайце падтрымаем іх сваімі грашыма. Гэта будзе найлепшы знак павагі.

6
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура