Праект партала
Накіпела
31.05.2019 / 15:10
Заблытаная гісторыя ў мінскай радзільні. Ці маглі ў палату да здаровых мам пакласці жанчыну з сухотамі?11

Дзіўная сітуацыя адбылася ў мінскай радзільні №2. У рэдакцыю звярнуліся родныя пацыентак, якія сцвярджаюць, што ў агульную палату да здаровых мам паклалі жанчыну з сухотамі. Цяпер парадзіхі ездзяць на абследаванне ў тубдыспансэр. «Наша Ніна» паспрабавала разабрацца, што насамрэч здарылася ў шпіталі.

«Жанчына была з тэмпературай і пастаянна кашляла»

— У мяне 20 мая там нарадзілася дачка, — расказвае Андрэй Чумазаў. — Увечары, а 19-й гадзіне, у палату №418 да жонкі падсялілі парадзіху, якая вельмі моцна кашляла і была з тэмпературай. 21 мая, прыкладна а 12-й, гэту дзяўчыну некуды перавялі. Як аказалася, яе прынялі без абменнай карткі і дакументаў (гэта бачыла пацыентка, якая паступіла з ёй). Абменную картку прынёс яе муж на наступны дзень. Дактары пыталіся, чаму картка пустая. Жанчына адказала, што ў яе другое дзіця, і не было часу праходзіць абследаванні.

Па словах мужчыны, у дзень выпіскі, 23 мая, яму паведамілі, што ў той парадзіхі былі сухоты.

— Пра гэта гаварылі і акушэркі, і неанатолагі, і іншыя работнікі аддзялення. Сказалі, што дзецям нічога не пагражае, паколькі ў іх імунітэт маці. Пазней была апрацоўка палаты санстанцыяй. Пасля намеснік галоўнага ўрача ўсё адмаўляў, спасылаючыся на доктарскую таямніцу. Сцвярджаў, што ў пацыенткі былі дакументы і што яна не хворая на сухоты. Але наколькі нам цяпер вядома, у жынчыны была адкрытая форма сухотаў.

У выпісных дакументах жонкі Андрэя ніякай пазнакі аб інцыдэнце ў палаце не паставілі. Але сям’я сама забіла трывогу і звярнулася ў тубдыспансэр. На дыягностыку праз падазрэнне на кантакт з крыніцай інфекцыі накіравалі і маці, і немаўля.

— Мы не ведаем, што з нашымі дзецьмі і жонкамі, — хвалюецца Андрэй Чумазаў. — Нам не далі поўную інфармацыю. Для ацэнкі дзеянняў персаналу і кіраўніцтва радзільні пішам заявы ў праваахоўныя органы. Усім неабходна правільная і дакладная інфармацыя, што здарылася ў бальніцы: ёсць верагоднасць, што магло адбыцца заражэнне вялікай колькасці людзей.

Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Фота roddoma.by.

Жонка Ігара Пілюціка ў тыя дні таксама ляжала ў палаце №418.

— Радзільня знаходзіцца на вуліцы Бельскага, а мы жывем літаральна ў суседнім доме. Таму я штодзённа з дзецьмі прыходзіў, наведваў жонку і быў у курсе, — дзеліцца мужчына.

Жонка нарадзіла 20 мая. Усё прайшло планава, без ускладненняў, таму пасля яе паклалі ў агульную палату. Усяго ў пакоі ляжала 5 мам і 5 нованароджаных. Потым адна з жанчын выпісалася, і на яе месца прывезлі новую.

— Жонка ляжала праз адзін ложак ад яе. Адразу звярнула ўвагу, што медсястра ў размове з гэтай дзяўчынай сказала пра тэмпературу больш за 38. Плюс жанчына пастаянна кашляла. Потым мая жонка звярнула ўвагу, што яна вельмі худая і ўсе пазногці счарнелыя. Калі дзяўчыну наведвалі дактары, медсёстры, то пыталіся: а дзе ваш пашпарт, а дзе ваша абменная картка з паліклінікі? Гэтыя размовы адбываліся ў палаце пры ўсіх.

Яшчэ адзін момант, які падаўся падазроным: пасля родаў дзіця той пацыенткі не паклалі разам з ёй, а пакінулі ў абсервацыі.

— На наступныя суткі дзяўчыну перавялі ў іншую палату. Маю жонку запрасіла ў кабінет выканаўца абавязкаў загадчыцы аддзялення. І ў размове згадала: вам трэба зрабіць флюараграфію. Мая жонка кажа: а як я, кормячая мама, буду яе праходзіць? Прамым тэкстам ёй патлумачылі: было падазрэнне на сухоты. Апроч гэтага, у абменнай картцы, якую жонка атрымала на рукі пры выпісцы, пазначана, што яна і дзіця кантактавалі з пацыенткай з падазрэннем на сухоты, — апісвае падрабязнасці Ігар Піліцюк.

Ён успамінае, што кіраўніцтва радзільні прасіла іх не хвалявацца і казала, быццам бальніца перагружана, няма свабодных месцаў, таму такое здарылася. Як і іншую парадзіху з палаты №418, жонку Ігара запрасілі на кансультацыю ў тубдыспансэр.

Радзільня: «Такіх не паступала»

У Гарадскім клінічным радзільным доме №2 інцыдэнт адмаўляюць.

— У вас недакладная інфармацыя. Жанчына без дакументаў ці з сухотамі да нас у гэтыя даты не паступала. Такіх пацыентак накіроўваюць у радзільню №3, а не ў нашу, — адказала галоўны доктар установы Наталля Курэк.

Ці магло адбыцца, што маці з сухотамі паклалі да здаровых парадзіх? «Наша Ніна» звярнулася па каментар да крыніцаў у медыцынскай сферы.

— Такога не павінна было б быць. Адзінае выключэнне — калі жанчына нараджала дзесьці побач і яе даставілі ў найбліжэйшую радзільню. Бо сапраўды з усімі незразумелымі сітуацыямі накіроўваюць у трэцюю радзільню, — расказвае эксперт.

Ён тлумачыць: ёсць два аддзяленні — фізіялагічнае (для здаровых жанчын) і абсервацыйнае. Калі ў парадзіхі ёсць праявы вострых захворванняў ці няма карткі пры сабе, яе адпраўляюць у другое.

— Калі жанчына паступала ў радзільню без дакументаў і ў яе не было тэмпературы, кашлю, то яе маглі б пакласці ў абсервацыйнае аддзяленне ў палату на некалькі чалавек. Калі ў яе былі свежыя пазнакі, што яна хварэе, то павінны былі б ізаляваць.

Медык заўважае: нельга адмовіць жанчыне ў аказанні медыцынскай дапамогі на падставе таго, што яна не мае нейкага дакумента ці не абследаваная. Проста з ёй трэба працаваць адразу так, нібыта ўсе хваробы ў яе ёсць.

Наколькі пацыентка з сухотамі небяспечная для маладых мам і немаўлят, залежыць ад формы захворвання. Пагроза здароўю ёсць, калі гэта адкрытая форма — пры ёй выдзяляецца палачка Коха. У стадыі рэмісіі ж жанчына не павінна нікому нашкодзіць. А вось такога сімптома, як счарнелыя пазногці, у сухотаў няма.

Па словах эксперта, калі персанал радзільні даведаўся пра дыягназ не адразу, але своечасова правеў санапрацоўку, папярэдзіў іншых пацыентак, які комплекс мер ім трэба прыняць, каб засцерагчы ад небяспекі сябе і дзіця, то ніякага злачынства тут няма. Іншае пытанне, калі медыкі былі ў курсе сітуацыі, але ўтойвалі інфармацыю.

Праўда, апошні варыянт, лічыць суразмоўца «Нашай Ніны», самы неверагодны, бо зараз усе перастрахоўваюцца, каб «нідзе не прагучаць, не было ніякіх эксцэсаў».

Nina.nn.by

Каментары
maha / Адказаць 31.05.2019 / 15:22

а проста факт высокай тэмпературы і кашлю ў парадзіхі дазваляе яе класці ў адзін пакой з іншымі? і на якую халеру ўсіх мучаюць з флюараграфіяй, калі яе вынікі не правяраюцца пры паступленні ў роддом.

7
vovik21.12 / Адказаць 31.05.2019 / 22:56

Ситуация конечно мутная, но у второго роддома репутация не очень. У меня там сестра рожала, какие-то проблемы со швами были. Когда жена рожала и должна была рожать во втором, то я ездил и разговаривал с заведующим роддома и он оставил у меня негативные впечатления, по этому я добился, чтоб жена рожала в областном и мы не прогадали вообще. Как то так.

7
Szcz / Адказаць 01.06.2019 / 08:33

Что-то родственнички и роденицы чушь полную несут. Я ни единому слову не верю.

15
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура