Праект партала
Тонус
20.02.2019 / 12:04
«Падлеткі могуць адмовіцца ад гінекалагічнага агляду». Як апраўдваюцца дактары пасля таго, як ім даручылі паведамляць міліцыі пра сэкс7

На мінулым тыдні на калегіі галоўнага ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама начальнік аддзела па супрацьдзеянні гандлю людзьмі Яўген Дубаневіч заявіў: «Калі на штогадовых медаглядах выявіцца, што дзяўчаты да 16 год мелі палавую сувязь, гінеколаг будзе абавязаны адразу ж паведаміць пра гэта начальніку мясцовага УУС».

Па словах Дубаневіча, у такіх выпадках медыцынская таямніца перастае быць актуальнай, бо на першае месца выходзіць выяўленне злачынства супраць палавой недатыкальнасці непаўналетніх.

фота shutterstock.com

Пасля такой навіны грамадства выбухнула абурэннем і крытыкай.

Чытайце таксама.
Віктар Марціновіч: Ён, Яна і таварыш следчы

Але грамадскасць абмяркоўвала толькі заяву міліцыі, што ж пра гэта думаюць дактары?

Каб расставіць кропкі над «і», «Наша Ніна» пагутарыла з адным з галоўных гінеколагаў краіны. На жаль, прэс-служба Міністэрства аховы здароўя адмовілася ўзгадніць каментар (такая практыка існуе).

Таму, кіруючыся інтарэсамі чытачоў, мы публікуем атрыманы каментарый, не называючы імя гінеколага, які пагадзіўся агучыць сваю пазіцыю па скандале з медаглядамі.

«Усе дактары працуюць выключна ў прававым полі»

«Хутчэй за ўсё, выказванне Яўгена Дубаневіча было неабдуманым ці яго вырвалі з кантэксту журналісты. Далей пачалося чаканае — гарачую тэму расцягнулі па парталах і падалі са сваімі памылковымі інтэрпрэтацыямі.

Усе дактары працуюць выключна ў прававым полі, нічога не змянілася. Самае галоўнае для нас — каб выконваліся правы чалавека, а калі ідзе гаворка пра непаўналетніх — правы дзяцей.

Міністэрства аховы здароўя шмат год выбудоўвала даверную атмасферу паміж дзецьмі і медыкамі. І на сёння нейкае разуменне, давер былі дасягнутыя. А цяпер атрымліваецца, што памылковае выказванне аднаго чалавека можа ўсю гэтую працу перакрэсліць?

Барацьбу з кішэннымі крадзяжамі нельга вырашыць, выдаўшы закон пра забарону кішэняў. Тут тая самая сітуацыя».

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: nastroy.net.

Дык што ўсё ж будзе з медычнай таямніцай?

«Міліцыя не можа прымусіць дактароў пайсці на выдачу медычнай таямніцы — такіх прэцэдэнтаў не было і не будзе.

У Беларусі існуе такое паняцце, як «медыцынскія прафагляды», яны рэгламентаваныя 96-й пастановай Міністэрства аховы здароўя. Дзяцей павінны агледзець перад паступленнем у дашкольную ўстанову ці ў школу (калі гэта не было зроблена перад садком). А далей ідуць рэгламентаваныя тэрміны аглядаў: пачынаючы з 14—15 год штогод.

Важна: з 14 год дзіця самастойна можа адмовіцца ад гэтых прафаглядаў. Ведаеце, каля бальніц няма ахоўнікаў з сабакамі і рашоткі на вокнах не стаяць.

І самае цікавае, пра што нашы грамадзяне банальна могуць не ведаць: у мерапрыемствы прафілактычнага агляду гінекалагічны агляд не ўваходзіць. Калі дзіця і яго бацькі не маюць скаргаў на здароўе, на нейкія паталагічныя болі, выдзяленні і гэтак далей, ніхто не будзе гвалтоўна заганяць падлетка на гінекалагічнае крэсла. Доктар павінен толькі адсачыць агульнае развіццё, паглядзець малочныя залозы і жывот.

Калі дзіця і бацькі адмаўляюцца ад прафагляду, ніхто іх за гэта караць не будзе».

Пра хлопчыкаў і дзяўчынак

«Тое, пацыентка цнатлівая ці не, ніколі не з’яўляецца мэтай гінекалагічных аглядаў, доктар не дае такіх заключэнняў (тым больш на звычайных аглядах гэта можна выявіць не заўсёды).

Галоўная мэта дактароў — толькі калі бацькі і дзіця самі прыйшлі са скаргамі на здароўе — пабачыць рысы магчымых супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да пацыента, нейкія інфекцыі, і толькі тады даць сігнал пра дрэннае становішча, каб яму хутчэй дапамаглі.

Усе чамусьці прычапіліся да палавога акта і дэфларацыі, але сэксуальны гвалт у адносінах да дзяцей у большасці выпадкаў не пра гэта. Гэта могуць быць дзеянні рознага характару: напрыклад, віртуальны гвалт — грумінг, чацінг і гэтак далей.

І менавіта такія злачынствы важна папярэдзіць. Тут няважна, дарэчы, пра каго ідзе гаворка: пра хлопца ці дзяўчынку. Абывацелі разважаюць, што вось у дзяўчынак мы можам неяк адсачыць сэксуальнае жыццё — значыць, будзем іх кантраляваць. Аднак гэта гендарная няроўнасць: па статыстыцы, ахвярамі сэксуальнага гвалту без непасрэднага палавога кантакту хлопчыкі становяцца нават часцей.

Гаворка ў дадзеных выпадках не ідзе пра падлеткаў, якія займаюцца сэксам, — хай займаюцца на здароўе, калі гэта па каханні, без прымусу. Галоўнае, каб яны ўмелі засцерагацца ад цяжарнасці і інфекцый».

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура