Праект партала
Дома
02.01.2019 / 16:27
«Здаровая, без шкодных звычак»: хто ў Беларусі прадае і купляе грудное малако?38

Тэматычныя форумы і суполкі ў сацсетках для маладых маці час ад часу напаўняюцца аб’явамі наступнага зместу:

«Куплю грудное малако, па дзве шклянкі ў дзень. Вельмі патрэбна. Тэлефануйце».

«Усім прывітанне! У мяне шмат малака, гатовая падзяліцца. маладая маці, дзіцяці — тыдзень, здаровая, без шкодных звычак. Мінск».

Часцей за ўсё патрэбу ў грудным малацэ маюць маці неданошаных дзетак, у якіх па тых ці іншых прычынах збіўся ўласны «малочны» працэс. Або жанчыны, якія не могуць карміць дзіця самастойна па медыцынскіх паказніках.

У падтрымку груднога выкормлівання хаця б да таго моманту, пакуль малому не споўніцца паўгода, выступае Сусветная арганізацыя аховы здароўя. І для многіх маці гэта, а таксама аргументы блізкіх не на карысць сумесяў, становіцца прычынай, каб шукаць малако ў іншых жанчын.

Але ці небяспечна гэта? Наколькі актуальны для Беларусі попыт на донарскае малако?

Прааналізавалі сітуацыю і распыталі па тэме маладых маці-удзельніц форумаў і спецыялістаў па грудным выкормліванні.

Што кажуць жанчыны, якія набываюць/прадаюць малако на форумах?

«Купіць сумесі лягчэй»

У Алесі сёння — двое дзяцей. Калі яна нарадзіла першынца, то актыўна размяшчала на форумах аб'явы пра продаж малака: «У мяне было яго шмат, таму і хацелася падзяліцца. Праўда, да мяне ў выніку ніхто не звяртаўся, і гэта, думаю, добра. Бо потым колькасць малака ў мяне пачала змяншацца і дапамагаць камусьці яшчэ я б змагла максімум некалькі тыдняў».

Алеся лічыць, што беларускі не да канца разумеюць, наколькі карыснае сваё малако ў параўнанні з сумесямі з крам: «У мяне шмат знаёмых адмаўляліся ад груднога выкормлівання проста таму, што нешта крышачку не ўдалося, і яны пасля і не захацелі працэс аднаўляць. Яны набываюць дзеткам сумесі, бо так лягчэй».

«Сваё малако я аддавала суседцы»

Надзея з форума ў прыватнай размове расказвае, што актыўна дзялілася сваім малаком з суседкай, з якой яны разам ляжалі ў радзільні. «Ёй дзіцяці не адразу аддалі, 2300, здаецца, нарадзілася. Першапачаткова прыкладанняў да грудзей не было — малако знікла. А сумесь яны таксама доўга не маглі падабраць: набывалі, а тыя ўсё не падыходзілі, у дзяцей алергія «вылазіла». Уявіце, колькі грошай выкінулі на сметніцу. А маё малако, здаецца, пайшло. Я і сама замарожвала сабе яго, а потым дзіцяці то кашу ім разводзіла, то тварог рабіла».

Жанчыны расказваюць, што прадаюць бутэлечкі з малаком па 250-300 мл у сярэднім за 5 рублёў. Нехта аддае яго проста так, бо зусім не ўспрымае справу як бізнэс — усяго толькі як дапамогу тым, хто сапраўды мае ў гэтым патрэбу.

Алена распавядае, што прадавала малако некалькім жанчынам, папярэдне атрымаўшы даведкі пра свой стан здароўя ў паліклініцы, і сцвярджае, калі б малака не было ў яе самой, то таксама б аддала перавагу таму, каб узяць яго ў іншай маці.

Аднак далёка не ўсе прадаўцы груднога малака з форумаў маюць на руках даведкі пра стан здароўя. Між іншым, праз малако можа перадацца шэраг інфекцый.

У такой сітуацыі, лічыць прадстаўніца аб'яднання бацькоў неданошаных дзяцей «Рана» Вольга Скарбенка, было б нядрэнна, каб у Беларусі з'явіўся свой банк груднога малака (на сённяшні момант аб'яднанне складаецца з 450 людзей з афіцыйнымі членскімі білетамі, усяго ж па рэспубліцы ў іх чатах падтрымкі знаходзяцца больш за 700 бацькоў).

Менавіта для неданошаных дзетак грудное малако, расказваюць спецыялісткі цэнтра, з'яўляецца залогам хутчэйшага набору вагі.

Біяхімік, спецыялістка па грудным выкормліванні Таццяна Карпенка ўвогуле настойвае:

«Грудное малако — гэта комплексная біялагічная вадкасць, якая адрозніваецца не толькі ў розных жанчын, але і перажывае змены ў адной і той жа жанчыны ў рамках аднаго дня і па ходу росту дзіцяці. Сумесь жа штодзень мае толькі адзін склад».

Фота: life.ru.

«Нам патрэбны банк індывідуальнага малака»

Банкі груднога малака існуюць ў ЗША, Канадзе, Францыі, Італіі і шэрагу іншых краін Еўропы. У 2014-м першы падобны праект з’явіўся ў Расіі (пры тым што ў часы СССР донарскія пункты малака пры паліклініках ўвогуле былі пашыранай з’явай, але ўжо ў пачатку 90-х гадоў гэтыя ўстановы спынілі сваё існаванне ў сувязі з цяжкасцямі ў кантролі якасці малака і развіццём індустрыі дзіцячых пажыўных сумесяў).

Усе донары банкаў праходзяць мноства медыцынскіх тэстаў, каб пацвердзіць, што яны цалкам здаровыя — толькі пасля сцэджанае імі малако пастэрызуюць і замарожваюць. У такім выглядзе яно можа захоўвацца да года.

«Донарскае малако павінна праходзіць шматступеньчатую сістэму праверкі, і ў нашай краіне забяспечыць гэта пакуль што цяжка. Тым больш у працэнтных суадносінах не так шмат жанчын гатовыя на тое, каб карміць дзіця чужым малаком. Таму мы са свайго боку выступаем за тое, каб у Беларусі, перш за ўсё, з’явіліся банкі індывідуальнага выкормлівання. Каб пры радзільнях тое малако, што маці сцэджвае, напрыклад, пакуль дзіця знаходзіцца ў рэанімацыі, можна было захаваць і замарозіць, а потым карыстацца ім на другім этапе выкормлівання, калі ў маці ад стрэсу ці недасыпаў змяншаюцца яго запасы».

У 2017-м годзе планавалася, што пры РНПЦ «Маці і дзіця» з’явіцца банк індывідуальнага груднога малака, але пытанне засталося адкрытым.

Біяхімік Таццяна Карпенка лічыць, што асноўная праблема тут — у грашах.

«Банка няма, а стварыць яго вельмі няпроста, гэта патрабуе фінансавых выдаткаў. Таму пакуль што маці, думаю, будуць працягваць абменьвацца малаком паміж сабой. Напрыклад, пры дапамозе валанцёрскіх праектаў, які функцыянуюць у Расіі, але там шукаюць і прапаноўваюць сваё малако і беларускі».

Чытайце таксама:

Мінчанка корміць дзіця грудзьмі ў людным месцы — ВІДЭАэксперымент

Мая Лінь

Каментары
Жвір / Адказаць 02.01.2019 / 17:12

Дык ёсьць жа мілуміл / аптаміл і д.т.п. ....

5
Serg / Адказаць 02.01.2019 / 17:36

Детки!!!

3
Матёрый / Адказаць 02.01.2019 / 19:05

Кто и как добывает это молоко?

4
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура