Праект партала
Рост
13.12.2018 / 16:24
«У аднакласніка драматурга бацька забіў маці». Стваральнікі спектакля пра сямейны гвалт пра тое, чаму беларусам важна наведаць іх прэм’еру

Ужо на наступным тыдні, 18 і 19 снежня, у творчай прасторы Moving Art Factory пройдзе прэм’ера новага спектакля Лабараторыі сацыяльнага тэатра ECLAB* пад назвай «Родныя людзі?».

Спектакль стане працягам даследавання лабараторыі на тэму сямейнага гвалту: год таму гледачы маглі пабачыць іх чытку «Сховішча», зробленую на аснове гутарак з жанчынамі з «Радзіславы», месца, дзе ахвяры гвалту знаходзяць часовы прытулак. Пасля гэтага лабараторыя з аншлагам адыграла спектаклі пра тэракт у мінскім метро «11 красавіка». А летам гэтага года рэжысёрка Валянціна Мароз, сабраўшыся з духам, зноў узялася за тэму гвалту — былі дасабраныя інтэрв’ю з ахвярамі, апрацаваць якія прапанавалі драматургу Аляксею Чыканасу.

Даведка: Лабараторыя сацыяльнага тэатра была заснаваная ў 2017 годзе на базе канцэнтрацыі «Сучаснае мастацтва і тэатр» Еўрапейскага каледжа Liberal Arts у Беларусі (ECLAB). Людзі зусім розных прафесій: бармэны, рэкламісты, драматургі — прыйшлі ў каледж, каб падцягнуць матчастку, а ў выніку аб’ядналіся ў тэатральную трупу, якая ў вольны ад асноўнай занятасці час на поўным энтузіязме працуе ў жанры дакументальнага тэатра, які сёння ў Беларусі, акрамя іх, актыўна не развівае амаль ніхто.

Мы сустрэліся з часткай трупы перад рэпетыцыяй і распыталі падрабязнасці творчага працэсу.

«НН»: Вы ўжо рабілі пастаноўку «Сховішча» на гэтую ж тэму. У чым будзе адрозненне «Родных людзей?» ад таго матэрыялу?

Валянціна Мароз, рэжысёрка: Усё ж «Сховішча» было больш чыткай, чым спектаклем. Мы чыталі сабраныя гісторыі, цяпер жа «апранулі» іх у мастацкую форму. Звярнуліся да драматурга Аляксея Чыканаса, які нам у гэтым дапамог. Лёша, дарэчы, распавёў, што для яго размова пра гвалт — вельмі асабістая. У яго жыцці мела месца драматычная сітуацыя: у аднакласніка бацька забіў маці, хлопец стаў сведкам той страшнай гісторыі. Аляксея і па сёння непакоіць нават расповед пра гэта.

Валянціна Мароз, рэжысёрка.

«НН»: Калі вы завялі гаворку пра асабісты досвед, то ці былі падобныя траўмы ў вас, бо часцей рэжысёры бяруцца за тэмы, якія тым ці іншым чынам закранулі іх.

Кацярына Чакатоўская, актрыса: У мяне бацька — алкаголік. Калі ён напіваўся, мог пачаць буяніць. Мяне не чапаў, уся яго агрэсія ішла на маці: ён мог крычаць, зневажаць яе, нават біць. Цяжка быць сведкай такога ў дзяцінстве, бачыць маміны слёзы, кожны дзень перажываць, як скончыцца сённяшні вечар…

У маладосці я паспела пабываць у аб'юзіўных адносінах (заснаваных на гвалце — Рэд.) сама, але мне пашчасціла адтуль выбрацца. Аднак цалкам сысці ад аб'юзера дагэтуль не атрымалася: ён пераследуе мяне ўжо гадоў пяць, цягаецца за мной, і гэта не дае мне магчымасці адчуваць сябе ў бяспецы на 100%. Не здзіўлюся, калі ён прыйдзе і на гэтую прэм’еру, бо на іншых маіх выступах прысутнічаў.

ВМ: У мяне такога досведу не было, дзякуй богу.

Ірына Аверына, актрыса: У мяне таксама не. Але калі я навучалася ва ўніверсітэце, назірала вельмі складаныя стасункі аднагрупніцы, у якіх, як мне падавалася, яна цярпела пэўны від гвалту ад партнёра.

КЧ: А ў мяне сяброўка нядаўна выйшла замуж, і я бачу, што з яе мужам усё нядобра… Калі мы працавалі над спектаклем, сур'ёзна пагружаліся ў тэму, шмат размаўлялі з гераінямі. У выніку я стала больш бачыць, разумець людзей у сітуацыі гвалту. Спектакль дапамог зразумець, што можа адчуваць мая сяброўка цяпер: нейкую разгубленасць і няўпэўненасць. І ёсць жа такое, калі жанчынам кажуць: «сыходзь ад яго», а калі не сышла — значыць, падабаецца.

Я разумею, што сысці — гэта цяжкае і складанае рашэнне, на якое патрэбныя сілы і рэсурсы. Я не магу прымусіць сяброўку сысці ад мужа, калі яна ў разгубленым стане і не можа выбраць, што ёй рабіць, але магу быць побач і падтрымліваць яе. Не пакідаць яе ў ізаляцыі, а імкнуцца часцей сустракацца, напрыклад.

Я сказала ёй, што яна можа ў мяне пажыць, калі што, і можа разлічваць на маю дапамогу. Для мяне важна, што яна гэта ведае.

ІА: У нас у тэксце ёсць пэўныя маркеры, з дапамогай якіх можна вызначыць паводзіны агрэсараў у пачатковай стадыі развіцця, напрыклад. Якія ў выніку могуць прывесці да фізічных дзеянняў.

«Родныя людзі?» створаныя на аснове жаночых гісторый, але ў спектаклі граюць і акцёры-мужчыны. Асноўная іх роля — дэманстраваць паводзіны агрэсараў, якія выбудаваныя на ўспамінах ахвяр. Перад рэпетыцыяй акцёр Павел Андрэеў прызнаецца, што граць аб’юзера — зусім няпроста, але справіцца з гэтым дапамагае пастаяннае абмеркаванне матэрыялу з трупай. Іншыя акцёры таксама сцвярджаюць, што працаваць над такім драматычным матэрыялам у прынцыпе было вельмі цяжка: немагчыма абстрагавацца ад жудасных гісторый, нават калі ты чытаеш іх маналогі соты раз.

«НН»: Ці можна сказаць, што пагружэнне ў матэрыял навучыла вас нейкай схеме паводзінаў, і калі б такое здарылася з вамі — вы былі б ужо падрыхтаваныя і ўзброеныя?

ВМ: Хочацца сказаць «так», мы абароненыя, але тут няма ніякіх гарантый. У верасні мы наведвалі з дзяўчатамі базавы трэнінг па самаабароне Wen-Do, які праводзіць Вольга Ланеўская. І Воля падзялілася з намі, што, калі вучылася гэтаму ў Польшчы, адна з дзяўчат, якая там выкладае прынцыпы самаабароны, сама апынулася ў гвалтоўных адносінах. То бок ніхто не застрахаваны ад гэтага, нават калі ты ўсё ведаеш пра агрэсараў.

ІА: Праца над гэтай тэмай — гэта як прышчэпка для імунітэту. Калі ты сам не сутыкаешся з гвалтам, цябе гэта нібыта не хвалюе: лепш заплюшчыць вочы на праблему, нават калі яна побач, не ўмешвацца. Я ж навучылася быць уважлівай, ідэнтыфікаваць небяспечныя сітуацыі нават сярод сваіх сяброў і, калі трэба, дапамагаць ім звярнуць увагу на праблему.

«НН»: То бок вы адназначна за тое, што людзям збоку лепш умешвацца ў сямейныя сутычкі?

ВМ: Так, мы якраз размаўлялі на гэтую тэму з Вольгай Гарбуновай, якая кіравала «Радзіславай» і дапамагла нам з кантактамі гераінь для спектакля.

Для мяне і для нашай групы відавочна: калі ты робішся сведкам, трэба ўмешвацца ў сітуацыю і зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы ахвяры. Адзінай схемы, як тут дзейнічаць, не існуе, у тым ліку і таму, што ў нас няма закона супраць хатняга гвалту.

«НН»: Раз вы згадалі закон, што вы адчулі ў той дзень, калі кіраўнік краіны раскрытыкаваў законапраект аб супрацьдзеянні хатняму гвалту і спыніў яго далейшы ход?

ВМ: Я добра памятаю той дзень: для мяне гэта было шокам. Але больш за ўсё ў той момант я спачувала такім, як Вольга Гарбунова, якая паклала частку жыцця на тое, каб закон быў прыняты, якая дапамагала жанчынам, ратавала іх столькі год і спадзявалася, што ў краіне з’явяцца дадатковыя механізмы па іх абароне, а тут такое…

«НН: Хтосьці назваў той дзень «чорнай пятніцай» і сказаў, што пасля такіх заяваў Лукашэнкі з’ездзе з краіны…

ІА: Мне ў той дзень стала страшна ад таго, што ў краіне ў прынцыпе зусім невялікі працэнт людзей задаецца пытаннем, чаму закон не прынялі. Чаму ён важны ці не. У той самы вечар я апынулася ў кампаніі, дзе людзі толькі мяльком чулі гэтую навіну: ну, падумаеш, нейкі чарговы законапраект зарубілі! Мне тады стала страшна, што многім абыякава. Спроба апраўдаць любы гвалт у мяне выклікае пытанне. Можна разважаць пра абставіны, прычыны, нюансы, але гэта ўжо наступны крок. Перш, мне здаецца, трэба пачаць з нейкай жорсткай палітычнай пазіцыі ў гэтым пытанні.

ВМ: Што і казаць, калі ў суполцы «Маршыруй, дзетка», дзе абмяркоўваецца далейшы план дзеянняў, крыху больш за 2 тысячы мужчын і жанчын, і гэта з 10 мільёнаў насельніцтва… Мне падаецца, наша грамадства пакуль не гатовае да гэтага закона, таму яго і не прынялі.

КЧ: Але грамадства можа быць ніколі не гатовым! Часам сама дзяржава мусіць правесці нават непапулярныя рэформы для будучага развіцця краіны.

Я лічу, што кардынальныя змены змогуць адбыцца, калі сама палітычная сітуацыя ў Беларусі зменіцца. А пакуль мы ўсе можам працаваць над нейкімі сацыяльным стаўленнем да тэмы сямейнага гвалту, абмяркоўваць яе, як мы робім гэта ў тым ліку спектаклем.

Гэта ўжо нейкія крокі. Але, канечне, так мы будзем паўзці як смаўжы, калі б працэс ішоў зверху — было б прасцей.

«НН»: Вы казалі раней, што не бачыце сэнсу клікаць на спектакль чыноўнікаў, чаму? Ці хаця б асабіста запрасіць удзельнікаў пралайферскіх арганізацый, якія збіралі подпісы супраць законапраекта? Можа, усё ж гэта б было карысна?

ВМ: Я не ўпэўненая, што гэта мае сэнс. Я думаю, што чыноўнікі выдатна дасведчаныя і ўяўляюць сабе, як выглядае праблема знутры, ім вядомая статыстыка па гэтай праблеме. Але калі хто-небудзь з іх прыйшоў бы на спектакль, мы былі б толькі рады магчымасці задаць ім пытанні, якія нас цікавяць.

Тры прычыны наведаць спектакль «Родныя людзі?»

ВМ: Ва ўсіх нас унутры сядзяць і ахвяры, і агрэсары. З дзецьмі мы паводзім сябе адным чынам, з калегамі — іншым. Каб кантраляваць гэта і асэнсоўваць, мне было важна пазнаёміцца з тэмай.

ІА: Мне хочацца, каб спектакль дапамог «сямейнаму гвалту» быць не проста словазлучэннем. Пачуўшы падрыхтаваныя намі гісторыі, спадзяюся, людзі зразумеюць, пра што ў грамадстве апошнія месяцы вялася гаворка і чаму важна такое не дапускаць. Для мяне будзе радасцю, калі пасля прагляду гледачы зоймуць больш жорсткую пазіцыю ў гэтым пытанні, калі мы нешта зменім у іх свядомасці.

КЧ: Я магу дадаць, што гэта проста класны спектакль, як мне падаецца. У яго незвычайная для Беларусі тэхніка выканання, гэта не будзе тэатрам імя Горкага, напрыклад, з яго савецкімі нейкімі падыходамі. Не варта думаць, што гэтай пастаноўкай мы загонім вас у дэпрэсію. Насамрэч, у матэрыяле ёсць і месца камізму, іроніі.

«Родныя людзі?» — гэта, канечне, пра сацыяльную адказнасць, дакументалістыку, але і пра тэатр у тым ліку. Гэта пра тое, што важна, калі беларускі тэатр выносіць на сцэну сапраўды актуальныя для грамадства рэчы.

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фоты Кацярыны Арціменя

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура