Праект партала
Тонус
06.12.2018 / 12:09
Тры прычыны, чаму не варта худзець да Новага года1

Не за гарамі Новы год, і, значыць, у жыцці многіх жанчын пачынаецца перыяд пад дэвізам «тэрмінова схуднець». У барацьбу за ідэальны сілуэт ідуць усе наяўныя сродкі: купіць безлімітны абанемент у трэнажорную залу і гадзінамі прападаць на бегавой дарожцы, знайсці ў гугле любую дыету, купіць анлайн-курс праграмы харчавання, прайсці 20 дзён суперсушкі… Аднак усе гэтыя патугі зусім не карысныя, асабліва калі да гэтага ніякіх фізічных заняткаў і здаровага харчавання ў вашым жыцці не было.

Што вас чакае? Вы пачынаеце сваю супердыету на грэчцы з кефірам, набываеце абанемент у трэнажорку і строга прытрымліваецеся рэжыму ўвесь снежань. Хутчэй за ўсё, вам нават удасца скінуць вагу, але пад бой курантаў вобраз Папялушкі ператворыцца ў гарбуз, на якой трашчыць сукенка. Жаданне пакаштаваць усё самае смачнае са стала аказваецца нашмат мацнейшым за ўсе асатнія.

Самае непрыемнае пасля здараецца ў першыя дні студзеня: стрэлка вагаў па-здрадніцку вяртаецца да лічбы да дыеты і нават імкнецца трохі наперад. Становіцца вельмі крыўдна, што столькі сіл і часу было згублена ў снежні дарма. У гэты самы момант знікае любое жаданне і матывацыя працягваць займацца спортам, трымаць сябе ў руках і не паддавацца спакусам. Усё валіцца ў пекла, і так да наступнага снежня.

Але ёсць добрая навіна: усяго гэтага можна не дапусціць, калі разумець, як працуе ваш арганізм.

Эфект «Якога д'ябла?!»

Любая жорсткая дыета і абмежаванні непазбежна прыводзяць да зрыву, варта хоць крыху зрабіць крок не ў той бок.

Выглядае гэта прыкладна так: трымалася, не ела, цярпела, кавалачак торта з'ела і потым: «Ай, якога д’ябла! Губляць няма чаго, дзе адзін кавалак, там і тры!»

Да такога адчайнага кроку прыводзіць пачуццё віны, яно і прымушае зноў «караць» сябе ежай за незаконна з'едзенае. Атрымліваецца замкнёнае кола: палёгка-шкадаванне- пакаранне-яшчэ вялікая палёгка-яшчэ большае шкадаванне і яшчэ большае пакаранне. Гэтую з’яву вывучыла і апісала каманда навукоўцаў Джэнэт Паліві і Піцер Херман з Універсітэта Таронта. У сваім даследаванні яны параўналі рэакцыі тых, хто худзее і хто не, падзялілі іх на тры групы. Першай далі выпіць сытны малочны кактэйль, другой — два такія самыя кактэйлі, а трэцюю групу пакінулі галоднай. Пасля ім прапанавалі з'есці столькі марозіва, колькі ўлезе, нібыта мэта эксперыменту — апісаць смак прадукту. Вынік быў наступным: тыя, хто не сядзеў на дыеце і быў галодны, з'елі шмат марозіва, пасля аднаго кактэйлю — крыху менш, а сытая група з двума кактэйлямі засталася практычна абыякавай да дэсерту. А вось сярод тых, хто худзее, вынікі кардынальна адрозніваліся: група з двума кактэйлямі з'ела нават больш марожанага, чым галодная, бо ўсё і так пайшло пад адхон.

Не будзьце занадта строгімі да сабе, не стаўце жорсткія рамкі, перастаньце абвінавачваць. Паспрабуйце спакойна ставіцца да любых адхіленняў ад дыеты, узяўшы за ўстаноўку думкі накшталт: «Так, пераела, непрыемна, але з кім не бывае, проста больш так не буду, але працягну займацца і перагледжу свой рацыён». Лаяльнае стаўленне да сябе заўсёды больш канструктыўна, чым агрэсіўнае. А правільна складзены рацыён харчавання не прывядзе да зрываў.

Цэнтр задавальнення

Чалавечы арганізм — вельмі складаная сістэма, поўная супярэчнасцяў. З аднаго боку, у нас ёсць блукаючы нерв, канцы якога размешчаныя ў сценках страўніка. Яны паведамляюць мозгу пра тое, што «стоп, хопіць есці, ты сыты». З другога боку, у мозгу ёсць аддзел, які адказвае за задавальненне, ён такі ж важны, як і аддзел, што адказвае за працяг жыцця (харчаванне, сэкс). Гэта значыць, што атрымліваць задавальненне нам проста жыццёва неабходна. А падчас прыёму смачнай ежы ў цэнтры задавальнення выпрацоўваецца гармон дафамін, менавіта ён і штурхае нас на неабдуманыя ўчынкі.

Навагодняя ноч — гэта ідэальнае месца злачынства: рэцэптары дафаміну вельмі адчувальныя, а вакол так шмат крыніц — маніпулятараў апетытам: тлушч, соль, салодкае.

Нездарма менавіта гэтыя тры кампаненты так моцна на нас уплываюць: эвалюцыйна склалася так, што тлушч дапамагаў захоўваць цяпло і энергію нашым продкам, каб перажыць зіму, салодкі смак дазваляў адрозніваць ядомую садавіну і ягады ад кіслых і атрутных, а соль ратавала ад абязводжвання, захоўваючы ваду.

Чым мацней мы ўздзейнічаем на ​​рэцэптары дафаміну, тым больш яго павінна выпрацоўвацца, а дозы, адпаведна, павінны рабіцца большымі. Таму спалучэнне салодкага з тлустым выклікае роўна такую ​​ж эйфарыю і залежнасць, як і дрэнныя звычкі.

Калі вы ўвесь час да святаў сілкаваліся нармальна, паўнавартасна, не глядзелі праз слёзы на пірожныя, часам сабе дазвалялі прыемныя слабасці, то потым не ўзнікне жадання сябе пашкадаваць, узнагародзіць ежай. На гэты конт таксама праводзілася даследаванне, дзе вызначалі рэакцыю мозгу людзей на дыеце і не. У ім паддоследным паказвалі розныя малюнкі і назіралі за тым, якая частка мозгу актывізавалася, калі на экране з'яўлялася выява са смачнай ежай. У тых, хто сядзеў на дыеце, актывізаваўся цэнтр мозгу, які адказвае за ўзнагароджанне, у той час як у бездыетных гэты цэнтр заставаўся спакойным і рэагаваў на іншыя выявы.

«Сіндром мачалкі»

Навуковец Браян Эдвардс прысвяціў цэлую працу тэме, як чалавеку, які пахудзеў, захаваць свае дасягненні. Да прыкладу, у зграбнага чалавека каля 40 млрд тлушчавых клетак, а ў таго, хто пакутуе на атлусценне, — 120 млрд. Пры пахудзенні гэтыя 120 (або 40 млрд клетак) нікуды не сыходзяць, яны застаюцца на месцы, проста памяншаюцца ў памеры і становяцца як «выціснутая мачалка», адсюль такая пацешнае назва.

Спустошаныя клеткі лёгка і хутка, нібыта мачалка, напаўняюцца тлушчам з нявыдаткаваных калорый, што часта выклікана наступствамі экстрэмальнага пахудзення — зніжаным метабалізмам і павышаным голадам альбо проста вымушанай нерухомасцю: паелі, пасядзелі з роднымі, гарбаты папілі, тэлевізар паглядзелі, селі ў машыну, прыехалі дадому і ляглі спаць, а лішак калорый у гэты час адкладаецца ў пустыя тлушчавыя клеткі, якія ўжо гатовыя.

Гэта значыць, што толькі што схуднелы чалавек за навагоднюю ноч, напрыклад, хутчэй і лягчэй адкладзе ўсё лішняе ў тлушч, чым той, хто не худзеў. Бо другому ў арганізме яшчэ трэба дадаткова ствараць новыя клеткі, а гэта куды даўжэй і складаней, чым запоўніць старыя.

Прасцей кажучы, жывіце ў сваім звычайным рытме, магчыма, будзьце недзе крышачку больш строгімі ў рацыёне, але не пазбаўляйце сябе радасцяў жыцця, больш рухайцеся, але не кідайцеся ў крайнасці, бо наступстваў пасля не абярэшся. Ну, а калі вельмі хочацца рыхтаваць цела да Новага года, то лепш арыентуйцеся на 2020. Вынікі вас сапраўды прыемна здзівяць.

Лера Казакевіч, фота pinterest.com

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура