Праект партала
Навокал
28.11.2018 / 11:19
Вольга Завадская два гады не можа выйсці з дому14

Маці зніклага тэлеаператара Дзмітрыя Завадскага прыкаваная да інваліднага крэсла і не можа абыходзіцца без чужой дапамогі. Каля месяца таму яна звярнулася да кіраўніка адміністрацыі Фрунзенскага раёна з просьбай усталяваць пандус, аднак адказу ад чыноўнікаў пакуль няма, піша belaruspartisan.org

Фота «Хартыі'97»

— Я быццам бы вельмі далікатны зварот напісала, і мне здавалася, што нейкая рэакцыі павінна была быць, — распавядае Вольга Рыгораўна «Беларускаму партызану». — І справа не толькі ўва мне адной, што менавіта ў мяне перасталі працаваць ногі і я не магу выйсці на вуліцу. Мне здаецца, гэтае пытанне трэба вырашаць глабальна па ўсёй краіне. Многія сутыкаюцца з такімі праблемамі і гадамі сядзяць у сваіх кватэрах, без глытку свежага паветра. І ніхто ж не застрахаваны, што з ім такое не здарыцца…

Я амаль два гады жыву ў інвалідным вазку. Выязджаю толькі на хіміятэрапію.

— Муж на руках да машыны нясе вас?

— Спачатку спускае вазок, а затым мяне. Я яго чакаю на хадунках, і пераадолець для мяне гэтыя 15 прыступак нават з яго дапамогай — гэта неверагодна цяжка.

— Вам хоць трохі лепш ад хіміятэрапіі?

— У мяне ж яшчэ неўралагічны дыягназ… Толькі з анкалогіяй, можа, і можна было б існаваць, быццам бы нейкая дынаміка пазітыўная ёсць. А праз дыфузную полінейрапатыю ў мяне перасталі працаваць спачатку ногі, а цяпер і рукі не слухаюцца. Я не магу хадзіць, не магу сябе абслугоўваць, не магу нічога прыгатаваць. Цэлымі днямі толькі сяджу. Стараюся, як кажуць, ціснуць на сон — пазней прачынаюся, пазней снедаю. Мне ж спяшацца няма куды. Існую каля тэлевізара і кампутара.

Я так разумею, што паляпшэнняў ўжо не будзе. І трэба змірыцца з тым, што ёсць. У мяне было апрамяненне галавы, гаворка трохі парушылася, памяць пагоршылася. Ну і хіміятэрапія — яна ж не толькі лечыць, але і атручвае арганізм.

— Але гаворка ў вас, як мне здаецца, абсалютна нармальная …

— Я імкнуся гаварыць. Але парушэнні некаторыя ёсць.

— У вас дыягнаставалі рак малочнай залозы?

— Так. Рак малочнай залозы з метастазамі ў мозг. Я прайшла дзесяць сеансаў апраменьвання. А хімій — ужо і з ліку збілася! Напэўна, штук сорак было. Акрамя кропельніц яшчэ і таблеткі п'ю. Назва такая смешная — ад слова «капец» — капецытабін. Яны такія вялікія, доўгія, як вітаміны. Чатыры раніцай трэба выпіць і чатыры ўвечары праз паўгадзіны пасля ежы. Апетыту, вядома, у мяне зусім няма. Але муж, Сяргей, мяне прымушае есці… Сам зараз усё гатуе.

— Нягледзячы ні на што, аптымізму не губляеце. Яшчэ і жартуеце!

— А інакш ніяк. Дзякуй яшчэ, што муж за мной глядзіць, корміць, апранае. Я зараз ад яго моцна залежу. У дачкі свая сям'я, свае клопаты, дзеці растуць…

— Калі болька нейкая накрывае, многія кажуць абурана: «Госпадзі, ну за што мне ўсё гэта!» А на вашу долю столькі выпрабаванняў выпала — не кожны вытрымае…

— Ну вось я і зламалася, мабыць…

Кожны чалавек грэшны, і за кожным ёсць нейкая віна — вядомая або невядомая, як у малітвах кажуць…

А стрэсаў ў маім жыцці на самай справе было нямала. І калі з Дзімам усё гэта здарылася… Ну і ўвогуле ў жыцці ўсякае глупства, негатыў назапашваецца, назапашваецца… Хтосьці вытрымлівае, а хтосьці хварэць пачынае.

Вядома, больш за ўсё мяне прыгнятае мая бездапаможнасць. Хочацца і тое зрабіць, і другое. Але я, у найлепшым выпадку, магу ўключыць пральную машыну. Закінуць бялізну ўжо цяжка. Прашу мужа, каб загрузіў. Парашок стараюся сама яшчэ насыпаць…

Раней я такая дзейная была, усюды ўсё старалася паспець, а цяпер — бездапаможная. Адной рукой нават кубак не магу да рота данесці — павінна дзвюма рукамі прытрымаць, каб не перакуліць на сябе.

Але што ўпадаць у істэрыку або ў паніку … Усё ідзе сваім парадкам… Нічога не зробіш. Хадзіць без дапамогі хадункоў я ўжо не магу, ды і на хадунках з цяжкасцю. Ужо некалькі разоў падала, калі адна была, і лоб разбівала, і рукі… Увогуле, за гэтыя два гады шмат чаго са мной было… Вядома, мне сумна…

— А што вас цяпер больш за ўсё радуе?

— Тое, што тэлевізар ідзе, фон у доме нейкі ёсць, гутарка. А так… Кампутар для мяне — хоць нейкая сувязь са светам. Зараз вось сяджу, старыя выразкі з газет перабіраю…

Шкада, што на вуліцу выйсці зусім не магу. Так бы хоць паслухала, як птушкі спяваюць, адчула водар свежага паветра… Ужо забаўка была б!

Мне зараз забаўка нават, калі мяне вязуць на машыне на хімію — я гляджу па баках, гляджу на людзей, на агні вакол і мне добра, аж настрой паляпшаецца.

— Можа, чыноўнікі ўсё ж адрэагуюць на просьбу ўсталяваць пандус…

— Не так даўно адрамантавалі схілы на прыступках каля пад'езду, па якіх калыскі можна каціць. Рабочыя растворам дзіркі залаталі, а выраўняць — забыліся. Так і тырчаць рэшткі … Я калі апошні раз на хімію ехала, штанамі зачапілася і парвала, ледзь не ўпала. Добра, Сяргей быў побач… Але каго гэта цікавіць?..

Мне здаецца, калі сёння дамы новыя праектуюць, трэба абавязкова прадугледжваць такія моманты. У жыцці бо ўсякае бывае. Добра, са мной муж побач, дапамагае, а як быць таму, хто адзін?..

— І выйшла ж вам так захварэць…

— Як медыцынскі работнік у мінулым, магу сказаць: трэба прыслухоўвацца заўсёды да свайго арганізму і быць уважлівым да свайго здароўя. І калі недзе нейкі збой — абавязкова ісці да лекара і абследавацца, каб потым не было позна.

У мяне спачатку пухліну выявілі ў лёгкім. Я якраз збіралася ехаць у Польшчу або ў Літву, а мне кажуць, што абследавацца трэба, а затым і аперыравацца. Пухліну выразалі, але яна, на шчасце, аказалася дабраякаснай.

— Аперацыя на лёгкім — няпростая, цяжка пасля яе аднаўляцца…

— Я заўсёды давяраю лекарам і лёгка згаджаюся на любыя ўмяшанні. Лепш выразаць дабраякаснае ўтварэнне, чым яно вырасце і ператворыцца ў злаякаснае.

Але я нос ўсё роўна не вешаю! Згасаць — апошняя справа. Я нават зараз стараюся радавацца любым дробязям…

У мяне нядаўна, праўда, яшчэ адно засмучэнне было — кот памёр. Ён прыйшоў да нас у той год, калі Дзіма знік. Я праводзіла пляменніцу, вяртаюся — пад дзвярыма кацяня. Я яго ў дом запрасіла, і Кузя на 18 гадоў застаўся. Калі захварэла, ён мне дапамагаў, стрэсы здымаў. Любіў ляжаць у мяне на грудзях. Я так сумую без яго, але новага завесці не вырашуся — сябе не магу даглядаць, а калі яшчэ і новы кот… Так што ўжо ў інтэрнэце катамі любуюся…

— Вольга Рыгораўна, здароўя вам і аптымізму!

— Дзякуй. Прыгнятае мяне вельмі, што ні пагладзіць, ні абняць блізкіх не магу… Але галоўнае — пакуль жыву!..

Пераклад Новага часу

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура