Праект партала
Стасункі
04.11.2018 / 18:48
«33-гадовы нявіннік», «сэкс без абавязкаў» і «перавядзі мне грошы». Як я правяла месяц на сайце знаёмстваў116

Месяц таму я думала-думала і адважылася на эксперымент — правесці месяц на сайце знаёмстваў «Табар.ру».

Гэты сайт існуе ад 2007 года, ім карыстаюцца каля 14 мільёнаў чалавек. Адначасова анлайн там знаходзяцца каля 30 000 карыстальнікаў. Геаграфія сайта — у асноўным Беларусь, Расія і Украіна, але ў пошуку можна выбраць Італію ці, напрыклад, Францыю. Але як усур’ёз ставіцца да таго, што француз называе сябе Ахламонам, а італьянец Інтымам-1, — не ведаю.

Для сябе вырашыла не ігнорыць нікога. Запоўніла анкету, размясціла сваё сапраўднае фота, падпісала імя. З узростам крыху схітрыла, але толькі крыху. На паведамленні адказваю ўсім.

Мэта эксперыменту — адказаць на пытанне: ці можна сустрэць на такім сайце калі не каханне ўсяго жыцця, то хаця б сябра. Панеслася!

33-гадовы «нявіннік» і жанаты мужчына, якія з першага паведамлення ехалі да мяне

На сайце знаёмстваў, як аказалася, сядзяць вельмі сціплыя хлопцы, якія ў сваіх паведамленнях далей за слова «прывет» не заходзяць. Аднак сустракаюцца і больш нахабныя экзэмпляры.

Саша, 28 гадоў. 

Адразу напісаў, што хоча са мной сустрэцца. І адразу ж прызнаўся, што ён жанаты. На маё пытанне, дзе ён хоча сустрэцца, адказаў: «Ідзі ў душ, я хутка да цябе заеду». 

Ці трэба казаць, што пасля гэтага пайшоў ён — не ў душ, а ў чорны спіс.

Антон, 33 гады.

Не ведаю, ці гэта развод для лахушак, але Антон адразу запытаўся, ці цікавіць мяне сэкс з цнатлівым. І расказаў сваю гісторыю пра тое, што неяк не заладзілася ў яго з жанчынамі, то вучоба, то праца. Зрэшты, яго кранальная гісторыя не кранула ні разу. Не кранула таму, што я проста ў яе не паверыла. Перапіска скончылася яго паведамленнем: «Ну, калі перадумаеш, дай знаць». 

Сяргей, 28 гадоў. 

Сяргей доўга не размаўляў. Запрасіў у кіно і папрасіў нумар тэлефона. Пагадзілася. Чакаю, што будзе далей.

(Прайшоў месяц. Аднойчы атрымала ад яго прымітыўны вершык пра добрую раніцу. Ні разу, на шчасце, той Сяргей так і не пазваніў.)

У асноўным хлопцы на сайце знаёмстваў не гатовыя да сустрэч у кіно або кавярні. Пераважна запрашаюць да сябе. Калі адказваеш, што нікуды не паедзеш і што хацела б сустрэцца ў кавярні, адказваюць: «Не гані! Прыедзеш!» 

Іншыя настойліва просяць нумар тэлефона. Не даю, шчыра кажучы, не хачу засмечваць свой эфір размовамі, якія нічым не скончацца. Затое стала звяртаць увагу на статусы хлопцаў.

Мудрасць з сайта знаёмстваў

Арфаграфія і пунктуацыя захаваныя.

«Здорово найти того человека, которому можно уткнуться в плечо и понять, что все хорошо». Валера, 36 гадоў

«Только хароший секс сближает людей на века». Віталь, 37 гадоў 

«Хорошо, когда есть человек которого ты больше, чем сильно, а он тебя — сильнее, чем очень». Дзіма, 30 гадоў

«Внутри каждой девушки живет мартышка!». Сяргей 32, гады. 

«Наша жизнь это постоянный выбор: кому доверить свой безымянный палец, а кому — средний». Аляксей, 34 гады 

«В юности я полагал, что секс — самое главное в жизни. Теперь я стал старше и убедился, что так оно и есть!». Джоні, 43 гады

«Удивительный сайт…у женщин — иллюзия востребованности, у мужчин — иллюзия выбора». Андрэй, 39 гадоў

«Помни, самый сахар на дне». Міхаіл, 29 гадоў

«Девушка, которую мама научила есть банан ложкой, несчастлива в семейной жизни». Іван, 38 гадоў

Наступны тыдзень таксама нічым пазітыўным не вызначыўся. Адныя «маньякі», якія ўжо ў другім паведамленні прапаноўвалі інтымную блізкасць. Прапаноўвалі сустрэць з працы, звалі на каву, а пасля майго адказу «Добра, давайце», перапытваліся: «А сэкс дакладна будзе?»

Ілля, 26 гадоў:

Гэты Ілля ўчыніў мне сапраўдную істэрыку. 

Піша, што хоча прыехаць, убачыцца. Кажу: ок, у мяне будзе вольная гадзінка ў суботу з 18.00 да 19.00.

Далей цытата: «Не зразумеў! А дзе я начаваць буду? Не фіг мне рабіць, ехаць усяго на гадзіну, я магу на цябе і па вайберы проста паглядзець. Ты нейкая дзіўная! Мужа тут сабе шукаеш, хлопца? Дык дарма марнуеш час! Я прыеду, калі УСЁ будзе. А так, дасвідос!»

Ок, «дасвідос». 

Калі казаць пра пытанні, якія задаюць часцей за ўсё і якія асабліва раздражняюць, то гэта такія: «З кім жывеш?», «Што шукаеш на сайце?», «Дай спасылку на старонку «Укантакце». 

Чым далей у лес, тым страшней становіцца. Усё больш прапаноў канкрэтна пераспаць за грошы або стаць палюбоўніцай. 

Андрэй, 42 гады:

«Можам сустракацца на ўзаемавыгадных умовах?» — пытаецца ў мяне інтэлігентны ачкарык. 

«Якія гэта такія выгадныя?» — пытаюся.

«Ты са мной спіш, а я табе грошыкі». 

Сэкс з сабой «Андрэй, 42» ацаніў у 50 рублёў. 

Адмовілася. Напісаў: «Зразумей і даруй». 

10 кастрычніка ўпершыню пагадзілася на сустрэчу. Хлопец Саша ехаў з Мінска ў Маладзечна, прапанаваў падвезці. Усю дарогу размаўлялі, было цікава і ненапружна. Назаўтра сустрэліся папіць кавы. На трэцяй сустрэчы Саша прызнаўся, што яго завуць зусім не Саша. Напружылася і чакала падвоху. Зрэшты, падвох сябе доўга чакаць не прымусіў. На наступны дзень, пасля на наступны тыдзень «Саша» перыядычна пісаў, што сумуе і хоча сустрэцца, але недзе ў ад'ездзе і ў яго не атрымліваецца. Так гэтая перапіска працягваецца і сёння. Зрэшты, нумар тэлефона ён так і не спытаўся.

Пад канец месяца зрабіла выснову, што на сайце знаёмстваў праўду пра сябе расказваць не спяшаюцца. 

Падманваюць ва ўсім: пачынаючы ад узросту і сямейнага становішча да наяўнасці дзяцей. Самыя шчырыя прызнаюцца ў тым, што шукаюць толькі сэкс. Самыя дзіўныя шлюць кожную раніцу вершыкі, жадаюць добрай ночы ці добрага дня, акрамя гэтага больш нічога не пішуць. 

Не думаю, што нешта зменіцца за апошні тыдзень эксперыменту. Але кропку паставіць трэба. І тут здарыўся Антон…

Антон, 28.

Антон, безумоўна, дыямент у маёй калекцыі! Прыгожы, вясёлы, цікавы. Чэмпіён краіны па адным з відаў спорту. Сустрэліся з ім у кавярні. Размаўлялі, дурэлі. Абмяняліся спасылкамі на старонкі Укантакце.

На фота ў сацыяльнай сетцы Антон у касцюме, які прынята называць шлюбным. Ды і фота, відаць, прафесійнае.

«Ты што, жанаты?» — пытаюся. 

«Жанаты». Адказвае мне Антон 18 кастрычніка, у якога вяселле было ў канцы верасня. Дарэчы, з узростам Антон таксама падмануў, яму 25.

Эх, зноў хлусня, зноў аблом. 

22 кастрычніка я, што называецца, псіханула. Надакучылі адныя і тыя ж пытанні, адныя і тыя ж размовы. Вырышала: да 1 лістапада цягнуць няма сэнсу. 

І знакам таго, што з сайтам знаёмстваў час завязваць, стала вось гэта паведамленне:

Сэкс за грошы прапаноўвалі, сустрэчы без абавязкаў таксама, але вось каб яшчэ грошы прасіць… 

На адну прыемную сустрэчу я ўсё ж схадзіла. Хлопец, з якім мы даўно знаёмыя, убачыў на сайце маю анкету. Доўга смяяўся і запрасіў на чай, каб абмеркаваць гэта. Ну што, чаму б і не папіць чаю з хлопцам з сайта знаёмстваў, праўда, з тым, каго ты і так ведаеш 100 гадоў?

Вынік, які зрабіла за месяц, несуцяшальны. Ні кахання, ні сябра тут знайсці не ўдалося. Калі і здараюцца сустрэчы, то яны на адзін-два разы. Ніхто больш не хоча марнаваць час «без працягу».

Не ведаю, можа, гэта толькі на «Табары» так. І каб завяршыць эксперымент, можа, варта было б зарэгістравацца на іншых рэсурсах, але як падумаю пра тое, што давядзецца адказваць на паведамленні «з кім жывеш» і «цікавіць сэкс без абавязкаў», адразу зводзіць сківіцу.

І больш такіх эксперыментаў не хочацца.

Чытайце таксама:

Як беларускамоўная жанчына 35+ шукала мужчыну на Ціндары

Наталля Тур

Каментары
I'm sorry, Dave. I'm afraid I can't do that. / Адказаць 30.10.2018 / 11:04

33-гадовы нявіннік.... Oh, Jesus

23
циник / Адказаць 30.10.2018 / 11:24

Неудивительно что незамужем и даже дружка нет:) и судя по всему ничего и не изменится))

49
сколько у неё было парней к 28 годам? / Адказаць 30.10.2018 / 11:32

всмысле не поверила? мне тридцать и я девственник. ну тоже не заладилось. такого не может быть?

12
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура