Праект партала
Тое-сёе
24.10.2018 / 11:03
Іна Афанасьева: Я даю развітальны канцэрт на сваё 50-годдзе — і сыходжу са сцэны35

Шчаслівыя людзі рэдка пахваляюцца на ўвесь свет сваімі пачуццямі. Мабыць, таму спявачка Іна Афанасьева, якая некалькі гадоў назад выйшла замуж за пецярбургскага бізнэсмена Аляксандра Котава, не выносіць асабістыя эмоцыі на публіку, не вельмі часта з'яўляецца ў тэлеэфіры і на свецкіх тусоўках. Але сёлета выпадак асаблівы: у артысткі ёсць важкія нагоды, каб адкрыта пагаварыць і нават прызнацца ў любові — да блізкіх, да слухачоў, да музыкі і сцэны. 28 кастрычніка заслужаная артыстка Беларусі адзначае круглую дату — 50 гадоў, а 2 лістапада запрашае сяброў і прыхільнікаў на вялікі сольны канцэрт «Любоў мая…», прысвечаны таксама 30-годдзю творчай дзейнасці. Пра любімыя песні і добрыя ўспаміны, дарагіх людзей і планы на будучыню «Звязда» распытала Іну Афанасьеву напярэдадні асабістага і творчага юбілеяў.

Фота з асабістага архіва. 

— У адным з нядаўніх інтэрв'ю вы сказалі, што юбілейны канцэрт будзе апошнім. Гэта канчатковае рашэнне? Цяжка паверыць, што такая энергічная жанчына, папулярная спявачка раптам сядзе дома і будзе проста жонкай свайго мужа…

— Не ведаю, як далей складуцца абставіны, але пакуль гэта сапраўды так. Не хацела б зараз каментаваць, чаму і што адбываецца, занадта сумная і глыбокая тэма, але мяркую, што на дадзеным этапе так будзе правільна.

— Публіка прызвычаілася, што вашы сольныя канцэрты — гэта заўжды якаснае і яркае шоу. Што ўбачаць гледачы 2 лістапада і каго з калег, сяброў чакаеце ў госці?

— Так, сапраўды рыхтуем шоу, літаральна завяршаем апошнія зводныя рэпетыцыі, каб расставіць патрэбныя акцэнты. На мой погляд, праграма атрымалася прыгожая, з цікавай сцэнаграфіяй, з сюрпрызамі для гледачоў. І хоць на канцэрце самае галоўнае — настрой, а не тое, у што ты яго абгорнеш, але я разумею, што публіка чакае шоу, таму захоўваю гэту традыцыю. Звычайна ў сольных праграмах я працую адна, але тут асаблівая нагода, і хацелася прыгадаць розныя этапы майго шляху, некаторыя асабістыя падзеі і запрасіць на сцэну таксама калег, з якімі мы ўжо 30 гадоў працуем разам і сябруем не толькі на сцэне, але і за кулісамі. Таму ў канцэрце выступяць і Ірына Дарафеева, і Аляксей Хлястоў, і гурт «Аўра», з якімі мы шмат гадоў знаходзімся на адной хвалі і добра разумеем адно аднаго: Юля Быкава і Жэня Алейнік напісалі для мяне мноства добрых песень, і, дарэчы, Жэня адказвае за музычную частку гэтага канцэрта. Ніякіх замежных выканаўцаў у праграме не будзе — хочацца выступіць сваімі сіламі і «для сваіх». А вось геаграфія слухачоў, наколькі я ведаю, вельмі шырокая: на канцэрт збіраюцца мае прыхільнікі з розных гарадоў і краін, у тым ліку з далёкага замежжа.

— Пару гадоў таму ў айчынным тэлепраекце «Дзве зоркі» вы прыемна ўразілі прыхільнікаў дуэтам з сынам Іванам — магчыма, гэты творчы праект атрымае працяг?

— Ваня ў мяне проста вельмі сціплы таварыш, і я ледзьве ўгаварыла яго на ўдзел у тым тэлепраекце. Нават выступіць на юбілейным канцэрце пераканала, але, на жаль, ён вельмі шчыльна заняты ў тэатры (Іван Стральцоў — акцёр, служыць у Рускім тэатры. — Аўт.), і там такі напружаны графік, што ў многіх спектаклях няма кім яго замяніць… Мы абое засмуціліся з гэтай нагоды, але што тут зробіш — працу часам немагчыма адкласці.

Думаю, з часам Іван прыйдзе да разумення таго, што я не проста артыстка, спявачка, а перадусім яго мама, і бацькі на тое і існуюць, каб падтрымліваць сваіх дзяцей, дапамагаць і спрыяць ім, наколькі гэта магчыма. Асабіста я буду вельмі ўсцешана, калі ён працягне выступаць не толькі як акцёр, але і як выканаўца, тым больш у яго гэта добра атрымліваецца, Іван вельмі музыкальны, у яго цудоўны тэмбр голасу, не стае хіба трохі ўпэўненасці ў сабе.

— Ваша маленькая ўнучка Варвара — музыкальнае дзяўчо? Калі яна захоча выйсці на сцэну, будзеце падтрымліваць ці адгаворваць?

— О, яна вельмі музыкальная, у яе ўжо свае мікрафоны, яна танцуе і спявае бясконца мае песні — «Першы снег», «Карункі», «Сарамлівая дзяўчынка», наогул ведае словы вельмі многіх песень з рэпертуару. У гэтым сэнсе яна проста цудоўная, і мы ўсе вельмі радуемся кожнаму новаму слову і новаму кроку Вары. Сёлета яна пайшла ў мадэльнае агенцтва — я лічу, для дзяўчынкі ўсе гэтыя рэчы карысныя. Што да заняткаў вакалам і харэаграфіяй, то мы не вельмі супадаем па графіках, дый Вара яшчэ маленькая, каб яе моцна нагружаць, — ёй жа толькі тры гадкі. Аднак у далейшым, калі захоча сябе паспрабаваць, я буду толькі за. Ведаеце, я і Ваню заўжды казала, што калі б не бачыла ў ім здольнасцяў, а толькі пасрэднасць, то і не прапаноўвала б займацца спевамі. Так і ў гэтым выпадку: калі ў Вары праявяцца талент і жаданне, то чаму не? Канешне, хочацца ўсё перадаць, растлумачыць, расказаць пэўныя сакрэты прафесійнай сцэны — бо хоць гэта і зусім іншае пакаленне, але класіку, не пабаюся гэтага слова, ніхто не адмяняў.

— Мяркуючы па тым, з якой цеплынёй вы гаворыце пра ўнучку, вы хутчэй клапатлівая бабуля, чым строгая (хоць з вамі і наогул не вяжацца слова «бабуля»)…

— Не магу сказаць, што слепа дазваляю рабіць усё, што ўнучка пажадае, — у нас ёсць пэўныя забароны і абмежаванні. Але гэта ніколі не забарона дзеля забароны: кожнае «не» мы тлумачым, стараемся, каб Вара расла і выхаванай, і развітой дзяўчынкай, якая ўмее мысліць. Асабіста я перакананая, што ўсяго можна дасягнуць не шляхам пакарання, а з дапамогай любові, пра якую многія часта забываюцца.

— Вы ўжо некалькі гадоў жывяце на дзве краіны. Дзе сёння пачуваецеся больш камфортна, дзе больш улюбёных месцаў: у Санкт-Пецярбургу, Мінску, родным Магілёве?

— А ведаеце, я не магу сказаць, што пакінула сваю душу ў адным канкрэтным месцы, кожны з гэтых гарадоў па-свойму любімы. Заўжды з задавальненнем прыязджаю ў Магілёў: ён цяпер істотна вырас, і кожны раз, праязджаючы па гарадскіх вуліцах, бачыш, якія з'явіліся новабудоўлі, што адрэстаўравана, што цалкам памянялася… Таксама вельмі сумую па Мінску, гэта непаўторна прыгожы горад, у якім я адчуваю сябе дома, цалкам у бяспецы — і нідзе, ні ў адной краіне свету дакладна не буду сябе так адчуваць. У Піцеры я люблю гуляць па вуліцах і асабліва па Неўскім праспекце, глядзець на архітэктуру, даведвацца цікавыя гісторыі пра горад, хадзіць у музеі — абажаю Эрмітаж і магу днямі хадзіць па яго залах, кожны раз знаходзячы нешта новае. Мы з мужам, ён таксама вельмі лёгкі на пад'ём, аб'ездзілі ўжо практычна ўсё наваколле Пецярбурга ў пошуках розных цікавінак. У кожным з гэтых гарадоў — свая прыгажосць і свая атмасфера.

Фота Ганны Герт. 

— Ведаю, што гэты год юбілейны і для вас, і для вашага мужа Аляксандра, нават планавалася зладзіць адно сумеснае вялікае свята. Ці ўдалося?

— Я прапаноўвала гэта зрабіць, але муж чамусьці засаромеўся і адмовіўся. Ягоны юбілей мы адзначалі, можа быць, не так гучна, як мой, — але ж галоўнае, не якую колькасць людзей ты запрасіў на дзень нараджэння, а хто побач з табой, і ў гэтым сэнсе ўсё атрымалася выдатна: прысутнічалі сапраўды дарагія, блізкія людзі. Але і мой юбілей — таксама ягонае свята, бо ўсё гэта не адбылося б без яго ўдзелу і заўсёднай падтрымкі. Гэта, напэўна, якраз той самы выпадак, калі разам можна пайсці ў разведку.

— Паралельна са сцэнічнай кар'ерай многія артысты ідуць у бізнес: хто выпускае лінію адзення або касметыкі, хто адкрывае прадзюсарскія цэнтры, хто трымае кавярні… У вас, помню, таксама быў цікавы вопыт — выпуск эксклюзіўнай парфумы, за якой нават ганяліся сталічныя модніцы. Чаму потым адмовіліся ад гэтай ідэі?

— Тады быў 2008 год, ужо наступаў сусветны эканамічны крызіс. І як чалавек, што ўкладвае практычна ўсё заробленае ў творчасць, я проста рэальна ацэньвала свае сілы і разумела, што складана будзе ператварыць задумку ў больш-менш сур'ёзны бізнес. Хоць сам эксперымент быў цікавы, і першая партыя парфумы добра разышлася, а пазней, дарэчы, многія артысты пачалі таксама выпускаць імянныя водары, так што я стала ў пэўным сэнсе першапраходцам, гэта прыемна. (Смяецца.)

Наогул, я зусім не бізнесмен. Хоць у будучыні, прызнацца, хачу адкрыць шоўрум. Бо ў мяне за шмат гадоў назбіралася неверагодная колькасць убораў, сукенак — гэта насамрэч праблема, ва ўсіх дамах шафы ўжо не ўмяшчаюць столькі адзення! Мяркую, многія жанчыны з задавальненнем узялі б напракат убор, які, магчыма, спатрэбіцца раз у жыцці.

— Акрамя рэчыўнага, у вас назапасіўся і немалы творчы багаж: больш як 200 песень на розных мовах. Ці ёсць сярод іх тыя, якія вы пяшчотна любіце, нягледзячы на «тэрмін даўнасці»?

— Іх нямала. Бывае, нейкую песню не выконваеш гадоў дзесяць, як было ў мяне з «Жамчугамі», а потым зноў да яе вяртаешся. Канешне, падабаецца кожная новая песня, але з цягам часу яна адыходзіць на другі план, у засекі памяці, і праз нейкі час разумееш песню інакш і выконваеш яе ўжо з іншымі пачуццямі. Дарэчы, у юбілейным канцэрце якраз будзе шэраг песень, якія я не спявала ўжо вельмі даўно, але хацела б да іх вярнуцца. Але будзе таксама і некалькі прэм'ер, якія, спадзяюся, прыйдуцца даспадобы гледачам. Яшчэ плануем выпусціць да юбілею дзевяць дыскаў: перавыдаць усе альбомы, што былі запісаныя раней, а таксама прадставіць новы.

— За 30 гадоў на прафесійнай сцэне складана падлічыць усе ўзнагароды, тытулы і дыпломы, якія вы атрымлівалі, ад ІІ прэміі «Славянскага базару ў Віцебску» да перамогі на Нацыянальнай музычнай прэміі «Ліра». Для вас якая з гэтых узнагарод асабліва дарагая?

— Кожная ўзнагарода каштоўная як ацэнка тваёй працы. Хоць я заўжды баялася надта ўжо радавацца перамогам, мне ўсё здавалася, што бог пакарае за празмерны гонар, таму старалася ўспрымаць поспех спакойна. А самая важная ўзнагарода для мяне — натуральна, званне заслужанай артысткі краіны, у якой я жыву, спяваю і працую. Бо гэта, як бы пафасна тое ні гучала, дазваляе адчуць сябе часткай Радзімы, сваёй культуры — і я вельмі цаню, ганаруся і заўжды помню пра гэту ўзнагароду. І колькі б артысты ні казалі, што ім усё адно, ці ёсць званні, ці іх няма, але ўсе імкнуцца быць заўважанымі, атрымаць прызнанне.

— Нават строгія крытыкі прызнаюць, што вы з узростам толькі прыгажэеце і квітнееце. Таму ў вас часта пытаюцца пра вонкавую і ўнутраную прыгажосць, а вы паўтараеце, што ўсё іграе ролю — і генетыка, і здаровы лад жыцця, і догляд сябе, — але галоўнае — жыць у гармоніі з сабой. Але ж гэта самае складанае! Як удаецца захоўваць гэты лад?

— Перш за ўсё трэба пазбавіцца ад самых страшных заган у жыцці — я пераканана, што гэта зайздрасць, зласлівасць і ўпэўненасць у тым, што вам заўжды нехта вінен. Калі не займацца самаўдасканаленнем і ставіць сябе вышэй за ўсіх іншых людзей, то колькі б вы ні рабілі пластычных аперацый і «ўколаў прыгажосці», колькі б ні займаліся зарадкай, але ў вашых вачах усё адно будзе адлюстроўвацца ўнутраная злая і непрыгожая сутнасць. А вось калі ўдасца сябе перавыхаваць, прагнаць гэтых дэманаў, то вы навучыцеся радавацца поспехам іншых людзей і, не робячы бліжняму брыдоты, самі станеце значна лепшым і прыгажэйшым чалавекам — і вонкава, і ўнутрана. Гэта абсалютна дакладна, я ведаю.

Ужо даўно не імкнуся нікому нічога даказваць, навязваць або тлумачыць. Я не імкнуся выглядаць на 20 або 30 гадоў — усе мае 50 гадоў — мае, і яны мне падабаюцца! А як мяне ўспрымаюць навакольныя — гэта ўжо іх праблема. Нядаўна патэлефанавала мая мама, якой прыяцелька расказала ўражанні ад канцэрта ў Магілёве: «Усе пляткараць, што Афанасьева, канешне, зрабіла пластычную аперацыю, а я на іх сваруся, навошта гавораць тое, пра што не ведаюць». «Мама, — кажу, — а не трэба нічога даводзіць. Што б ні сказаў публічны чалавек, усё адно гэта будуць абмяркоўваць і перадаваць у падрабязнасцях, што і куды я ўкалола».

— Помніце, у фільме «Масква слязам не верыць» гераіня казала, што ў 40 гадоў жыццё толькі пачынаецца. А ў 50?

— Мне здаецца, 50 — выдатны ўзрост, бо прыходзіць і пэўная мудрасць, і другая — ці ўжо трэцяя? — маладосць. (Смяецца.)Цудоўны ўзрост для таго, каб прыгадаць усё добрае, што было ў жыцці, і ўзяць самае добрае і каштоўнае ў далейшае жыццё. Гэта новы этап, у якім самае цікавае — што цябе чакае далей, у наступныя 50 гадоў. У нас з мужам вельмі многа планаў, шмат дзе хочацца пабываць, шмат што ўбачыць. Хочацца назіраць, як растуць унукі, і паглядзець, кім яны стануць, жыць з новымі спадзяваннямі і ісці да новых здзяйсненняў.

Вікторыя Целяшук, «Звязда»

Каментары
Генэрал Голад / Адказаць 24.10.2018 / 11:16

Усё. Цяпер дэпутатам палаткі будзе.

6
Вазьму твой боль / Адказаць 24.10.2018 / 11:22

Эх, магла ж быць поп-музыка і беларускаю. Куды ўсё сплыло?

6
Кастусик / Адказаць 24.10.2018 / 11:29

Может не ждать 50-ти летия и просто уйти?

15
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура