Праект газеты
Тонус Псіхасаматыка: на якія хваробы «ад нерваў» часцей за ўсё скардзяцца беларусы, і што з гэтым рабіць?4

«Менш нервуйся, бо ад гэтага ўсе хваробы» — часцяком чуем мы. Але ці сапраўды гэта так? Ці кожны стрэс прыносіць шкоду, і як зразумець, што прыйшоў час ісці да псіхатэрапеўта, а не ў бальніцу. Разбіраемся разам з псіхатэрапеўткай Вікторыяй Змітровіч.

Вікторыя Змітровіч. Фота з асабістага архіва.

Што такое псіхасаматыка?

Пад гэтым тэрмінам разумеюць узаемасувязь паміж псіхалагічнымі фактарамі і ўзнікненнем хваробаў. Так, вы працяглы час падвяргаецеся стрэсу, падаўляеце эмоцыі — ад гэтага імунітэт слабее і адказвае хваробай. Кажуць жа: дзе тонка, там і рвецца. У сітуацыі з целам «парвацца» можа самая ўразлівая частка цела: напрыклад, той орган, да захворвання якога ў вас ёсць генетычныя схільнасці.

Стрэс можа «зламаць» нас і за адзін дзень: калі рэзка звальняюць з працы, напрыклад. Калі няправільна адрэагаваць на сур’ёзную псіхатраўму, не перажыць эмоцыі гаравання як мае быць, усё гэта адаб'ецца на нашым целе.

Стрэс — ахоўная рэакцыя арганізма на патэнцыйную небяспеку. Калі ён здараецца, павялічваецца выпрацоўка гармонаў «экстранага рэагавання», усе жыццёва важныя працэсы ў арганізме паскараюцца. Каб забяспечыць мышцы і органы кіслародам у такім стане, сасудам патрабуецца перакачваць больш крыві, чым звычайна. Калі ў вас пасля наступае разрадка, дзеянне органаў нармалізуецца, але калі выплюхванне эмоцый не адбылося, то спазм сасудаў захоўваецца, і гэта негатыўна ўплывае на арганізм.

Схема рэакцыі на стрэс фарміруецца ў дашкольным узросце. Калі бацькі дэманструюць дзіцяці адэкватныя эмацыйныя паводзіны, не прымушаюць пастаянна падаўляць злосць і слёзы, то ў яго павінна выпрацавацца эмацыйная граматнасць.

Трэба разумець, што цела рэагуе на ўсё: на ўцёкі ад праблем, на працяглае непаразуменне з начальствам. Мы можам ігнараваць свае збоі нейкі час, глушыць галаўны боль таблеткамі, запіваць алкаголем ці заядаць салодкім. Але калі іх дзеянне скончыцца, праблема толькі ўзмацніцца. Часам хваробы патрэбныя людзям, каб расплюшчыць вочы і адказаць на пытанні: можа, вы жывяце з занадта вялікай хуткасцю, трэба спыніцца і адпачыць?

Як гэта праяўляецца?

Псіхасаматычныя парушэнні могуць праяўляцца ў выглядзе асобных сімптомаў (слабасць, боль у шыі, галаве ці жываце, нервовы цік, галавакружэнне). Але існуюць і цэлыя паталогіі, якія развіваюцца пад уплывам псіхагенных фактараў. Гэта не толькі стрэс, але і нейкія траўмы, унутраныя канфлікты.

Часцей за ўсё беларусы звяртаюцца з наступнымі захворваннямі: мігрэнь, бранхіяльная астма (нярэдка развіваецца ў людзей з абвостраным пачуццём віны), хранічнымі экзэмамі і алергіямі. У беларускіх жанчын вельмі распаўсюджаныя хваробы ў раёне шыі і спіны, той жа астэахандроз — гэта ўсё звязана з тым, што беларускі традыцыйна вельмі шмат на сябе ўзвальваюць, цягнуць і працу, і сям’ю.

Псіхасаматычныя расстройствы могуць быць прычынамі праблем кішэчніка і дванаццаціперснай кішкі. Некаторыя спецыялісты нават анкалагічныя захворванні звязваюць з няправільнымі рэакцыямі арганізма на стрэс.

Бывае, што ў людзей баліць адразу некалькі частак цела. Праўда, калі згадаць, у які перыяд узніклі болі, усё адно можна зрабіць высновы, што спачатку выйшла з ладу нешта адно, астатняе ж далучылася ў «букет» ланцуговай рэакцыяй.

Апошнім часам да мяне на прыём прыходзіць шмат праграмістаў. Не хачу падацца сварлівай бабуляй, але з развіццём тэхналогій з’явілася шмат такіх вось кліентаў, якім банальна не хапае рэальных сацыяльных кантактаў афлайн, у рэальным жыцці. Разам з ненармаваным графікам і нагрузкай гэта прыводзяць да таго, што людзі пачынаюць скардзіцца на дрэнны сон, панічныя атакі, трывожныя расстройствы.

Фота: gestaltism.ru.

Ці ўсе хваробы ад нерваў?

Не. І добра, калі псіхатэрапеўт не распачынае працу з кліентам, пакуль той не пройдзе ўсіх профільных дактароў і патрэбныя абследаванні. Калі да мяне звяртаецца чалавек, які скардзіцца на боль у спіне, я абавязковы высветлю, ці зрабіў ён МРТ, ці наведаў хірурга і неўролага? Толькі калі ўсё гэта мела месца, але вынікаў нуль — можна спрабаваць псіхатэрапію.

Часам самі дактары, калі вычарпаныя ўсе медыкаментозныя варыянты лячэння, накіроўваюць да псіхатэрапеўтаў. Знаёмы, які пабываў у Швецыі, расказваў, што там увогуле некаторыя тэрапеўты, перш чым распачынаць дыягностыку пацыентаў, прапаноўваюць ім нейкі час папіць лёгкія заспакойлівыя і толькі пасля пераходзяць да іншых дзеянняў.

А ці ўсякі стрэс дрэнны?

Не, кароткатэрміновы стрэс у некаторых сітуацыях дапамагае сабрацца і мабілізаваць свае сілы, прыводзіць у тонус: дазваляе лепш здаць іспыт ці выступіць публічна.

Як лячыць псіхасаматычныя расстройствы?

Калі мы адчуваем боль, першым жаданнем, канечне, будзе пазбавіцца ад яго: закінуцца таблеткамі і забыцца. Але зноў жа: цела не баліць проста так. Такім чынам яно просіць звярнуць увагу на тое, на што вы звычайна не звяртаеце.

Некаторым людзям, напрыклад, не хапае клопату і ласкі — ён ненаўмысна пачынае хварэць, бо ў дрэнным стане яго шкадуюць. Іншых, нармальных спосабаў атрымаць недахоп увагі ён не ведае — важна паказаць яму гэта, а пасля выбудаваць дыялог паміж сабой і тым месцам, што баліць.

Праца з псіхасаматычнымі адхіленнямі прадугледжвае тэрапію ад паўгода да года. Гэта мінімум. Але некаторым кліентам можа хапіць і разавай кансультацыі: каб хаця б зразумець, што яго сітуацыя зусім не тупіковая, атрымаць погляд збоку.

Фота: artpsy.pro.

У псіхатэрапіі існуе асобны кірунак — цялесна арыентаваная псіхатэрапія, якую распрацоўвалі Франц Аляксандэр і Аляксандр Лоуэн. Іх методыка прадугледжвае працу з неўрозамі прац цялесны кантакт: ёсць шмат спецыяльных практыкаванняў па гэтай тэме.

Але ёсць і выключна размоўныя метады, напрыклад, метад пустога крэсла, на якое ўсаджваюць сваякоў ці тыя праблемы, з якімі трэба ўстанавіць дыялог. Існуе таксама шмат практык глыбокага дыхання, медытацыя, яны таксама дапамагаюць паправіцца.

Як менш стрэсаваць?

Каб прасцей перажываць любыя стрэсы, трэба ўключыць сваё цела — любая фізічная нагрузка тут сыграе добрую ролю. Адна мая кліентка развіталася з хлопцам і вельмі эмацыйна гэта перажывала. Яна пачала хадзіць у трэнажорку, басейн, і, не паверыце, прагрэс пайшоў куды хутчэй. Калі загадзя ведаеце, што наперадзе чакае нейкая стрэсавая падзея — схадзіце хаця б у лазню ці на масаж, паклапаціцеся пра сваё цела ў фізічным сэнсе. 

Nina.nn.by

Каментары
Scooter / Адказаць 18.09.2018 / 21:56

Усе хваробы - ад няправільнага харчаваньня!

1
Космич / Адказаць 19.09.2018 / 10:35

Вы забыли про СРК- синдром раздражённого кишечника!

0
Зураб / Адказаць 19.09.2018 / 18:53

На такую доктарку паглядзіш і адразу на ўсе немачы забудзісься.

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура