Праект партала
Стасункі
07.09.2018 / 14:26
Выплаты пры цяжарнасці і родах: якія ёсць, хто мае права, як атрымаць 2

Пасля наступлення цяжарнасці для жанчыны актуальнымі становяцца не толькі веды пра здаровы лад жыцця, спрыяльныя ўмовы для выношвання і родаў, але таксама — інфармацыя пра грашовыя выплаты ў сувязі з цяжарнасцю і нараджэннем дзіцёнка. Прапануем агляд асноўных звестак пра тое, на якую матэрыяльную дапамогу могуць разлічваць беларускія жанчыны ў выпадку наступлення цяжарнасці і нараджэння дзіця і як гэтую дапамогу атрымаць.

1) Матэрыяльная дапамога па цяжарнасці і родах

Па сутнасці, дадзеная выплата — гэта аплата бальнічнага. З 30 тыдня цяжарнасці жанчына атрымлівае ліст непрацаздольнасці па цяжарнасці, які дзейнічае яшчэ 56 дзён пасля родаў. Адпаведна на матэрыяльную дапамогу па цяжарнасці і родах можа разлічваць толькі жанчына, якая працуе альбо вучыцца, ці афіцыйна зарэгістравана ў якасці беспрацоўнай. Пры гэтым стаць на ўлік па беспрацоўі неабходна ў тэрмін да 12 тыдняў цяжарнасці.

Памер дапамогі па цяжарнасці і родах разлічваецца ў адпаведнасці з сярэднямесячным заробкам жанчыны. Яна выплачваецца аднаразова за ўвесь перыяд, адзначаны ў лісце непрацаздольнасці.

2) Матэрыяльная дапамога жанчынам пры пастаноўцы на ўлік на ранніх тэрмінах (да 12 тыдняў)

Для таго, каб атрымаць дадзеную дапамогу, жанчыне неабходна ў тэрмін да 12 тыдняў цяжарнасці стаць на ўлік у жаночай кансультацыі і да самых родаў выконваць усе прадпісанні і рэкамендацыі дактароў. Тым, хто не паспеў стаць на ўлік у дадзены тэрмін, дапамога не выплачваецца.

Памер дадзенай выплаты складае 100% бюджэту пражытковага мінімуму (БПМ). З 1 жніўня 2018 года ён роўны 213,67 рублёў

3) Матэрыяльная дапамога ў сувязі з нараджэннем дзіцяці

Выплачваецца пры нараджэнні кожнага дзіцяці. Прычым матэрыяльная дапамога пры нараджэнні другога і кожнага наступнага дзіцёнка большая, чым дапамога пры нараджэнні першынца. Для атрымання дадзенай дапамогі неабходны пакет дакументаў падаецца на месца працы маці / бацькі альбо ў органы сацыяльнага страхавання па месцы жыхарства (калі мама і тата беспрацоўныя). Дапамога налічваецца цягам 10 дзён пасля звароту і выплачваецца аднаразова ў наступным месяцы ў дзень выплаты заробку.

Памер матэрыяльнай дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці складае:

  • пры нараджэнні першага дзіцяці — 10 бюджэтаў пражытачнага мінімуму. З 1 жніўня 2018 года гэта роўна 2 136,70 беларускім рублям.
  • пры нараджэнні другога і кожнага наступнага — 14 бюджэтаў пражытачнага мінімуму. З 1 жніўня 2018 года гэта роўна 2 991,38

4) Штомесячныя дэкрэтныя выплаты

Выплачваюцца жанчыне ў перыяд яе знаходжання ў адпачынку па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім 3 год. У выпадку, калі жанчына не карыстаецца сваім правам на дадзены адпачынак, ён можа быць аформлены на іншага члена сям’і альбо родзіча. Адпаведна і дэкрэтныя выплаты ў такім выпадку будзе атрымліваць той, хто на каго афармляецца дэкрэтны адпачынак.

Калі сям’я поўная, то выплаты прызначаюцца па месцы працы (вучобы, службы) маці. Калі маці не працуе і не вучыцца, тады дапамога прызначаецца па месцы працы альбо вучобы бацькі. Ва ўсіх астатніх выпадках дапамога прызначаецца і выплачваецца органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва.

Каб атрымаць дадзеную дапамогу, неабходна падаць адпаведны пакет дакументаў па месцы працы маці / бацькі альбо ў органы сацыяльнага страхавання. Дапамога прызначаецца з наступнага пасля нараджэння дзіцяці дня. Выплачваецца ў бягучым месяцы за бягучы перыяд.

Дапамога па доглядзе дзіцяці да 3-х год складае:

  • на першае дзіця — 35 % сярэдняй заработнай платы. З 1 жніўня 2018 года гэта 329,04 беларускіх рублі
  • на другога і наступных — 40% сярэдняй заработнай платы. З 1 жніўня 2018 года гэта 376,04 беларускія рублі.

5) Штомесячная дапамога на дзяцей ва ўзросце ад 3-х да 18 год у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 год

У выпадку, калі жанчына знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе за дзіцем ва ўзросце да 3 гадоў і мае яшчэ дзяцей ва ўзросце ад 3-х да 18-ці, то яна штомесяц атрымлівае матэрыяльную дапамогу на кожнае дзіця ва ўзросце ад 3-х да 18-ці год, пакуль малодшаму не споўніцца 3 гады. Дапамога выплачваецца штомесячна.

Памер дадзенай дапамогі складае 50% бюджэту пражытачнага мінімуму. З 1 жніўня 2018 года гэта 106,84.

Ці мае права на матэрыяльную дапамогу беспрацоўная

Беспрацоўная жанчына (калі яна не зарэгістраваныя ў статусе беспрацоўнай) не можа атрымаць толькі адну з пералічаных выплат — матэрыяльную дапамогу па цяжарнасці і родах. Усе астатнія выплаты, калі бацька дзіцяці працаўладкаваны, налічваюцца і выплачваюцца па месцы працы бацькі. Калі ж цяжарная з’яўляецца маці-адзіночкай альбо ў поўнай сям’і абое бацькі беспрацоўныя, то выплаты прызначаюцца і выплачваюцца органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва.

Выплаты на дзяцей пры пражыванні за мяжой

У адпаведнасці з заканадаўствам, дзяржаўныя выплаты на дзяцей, якія пражываюць за межамі Беларусі, не прызначаюцца. Выключэнне складаюць дзеці, чые бацькі працуюць у дыпламатычных прадстаўніцтвах і консульскіх установах краіны.

Акрамя таго ў выпадку выезду дзіцяці за мяжу на тэрмін большы за 2 месяцы выплата штомесячнай дапамогі па доглядзе за дзіцём спыняецца.

Таксама не прызначаецца і не выплачваецца дзяржаўная дапамога на дзяцей ва ўзросце ад 3-х да 18 год у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, калі дзеці ва ўзросце ад 3-х да 18-ці гадоў знаходзяцца за межамі Беларусі.

Гэта асноўныя звесткі пра тое, на якую матэрыяльную дапамогу могуць разлічваць беларускія жанчыны пры цяжарнасці і родах. Больш падрабязную інфармацыю па тэме можна знайсці на афіцыйным сайце Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Тут жа можна адсочваць змены ў памерах выплат.

Няхай цяжарнасць і роды працякаюць прыемна, а афармленне адпаведных выплат не прынясе непрыемных сюрпрызаў.

Ганна Валодзіна

Каментары
Непонятно / Адказаць 07.09.2018 / 18:13

А где информация про "материнский капитал" кот дают при рождении 3? ребенка? Это уже отменили? Также непонятно про единовременную помощь: раньше ее платили и тем кто рожал за границей. Только надо было в 6месячный срок предоставить документы в соц. Защиту. Если уж освещаете тему, так уж до конца

0
Стас / Адказаць 10.09.2018 / 12:32

Забота о детях и семье есть коллективная обязанность .

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура