Праект партала
Густ
02.09.2018 / 13:07
Дачка Івана Шамякіна: «Ніколі не займалася гаспадаркай, затое маю больш за 500 публікацый»17

Сёння ў нас незвычайная гераіня рубрыкі «Пяць рэчаў». 

Перакладчыца, літаратурны крытык, выкладчыца, прафесарка, доктарка філалагічных навук, дачка класіка беларускай літаратуры Івана Шамякіна — Таццяна Іванаўна Шамякіна.

У Таццяны Іванаўны ад 1974 года ў працоўнай кнізе толькі адзін запіс пра тое, што яна прынятая на працу ў БДУ.

«Пасля мяняліся толькі кафедры, — кажа Таццяна Іванаўна, — а тое, што я звяжу сваё жыццё з філалогіяй, я ведала з дзяцінства».

З філалогіяй сваё жыццё звязалі і дзве родныя сястры Таццяны Шамякінай, і абедзве дачкі — Марыя і Славяна.

Выхоўвацца ў сям’і класіка літаратуры і не стаць літаратаркай — дзіўна. Тым больш, калі Іван Шамякін даведаўся, што яго перакладчыкі на рускую мову не зусім сумленныя людзі, папрасіў дачку самой заняцца перакладамі яго твораў.

«Вазьму твой боль» — самы знакаміты татаў раман, але больш за ўсё я люблю твор «Трывожнае шчасце»

«Кніга, якую я трымаю ў руках, сведчанне майго 20-гадовага супрацоўніцтва з бацькам», — кажа Таццяна Шамякіна.

А здарыўся гэты творчы саюз абсалютна выпадкова. 

«За раман «Глыбокая плынь» Шамякін атрымаў Сталінскую прэмію. Вядома, такіх аўтараў актыўна друкавалі і перакладалі. А паколькі бацька быў аўтарам пладавітым, у яго былі нават свае сталыя перакладчыкі. Гэта ленінградцы Арсеній Астроўскі і Павел Кабзарэўскі. Яны пачыналі працаваць яшчэ, здаецца, да рэвалюцыі. Выбітныя перакладчыкі, якія, на жаль, пайшлі з жыцця. Тады бацьку свае паслугі сталі прапаноўваць масквічы».

Трэба дадаць, што праца перакладчыка ў той час была справай даволі прыбытковай. Аўтар атрымліваў 60% ад ганарару, перакладчык — 40%.

«Дык вось, абсалютна выпадкова Шамякін даведаўся, што адзін з маскоўскіх перакладчыкаў аддае кавалкі твораў сваім студэнтам. Тыя іх перакладалі за нейкія капейкі, а 40% ганарару забіраў сабе той «перакладчык». Тады бацька прапанаваў перакладаць мне».

Таццяна пераклала на рускую мову 10 раманаў Івана Шамякіна, а таксама аповесці і п’есу.

На сустрэчу прынесла гэты раман з дзвюх прычын. Першая — пераклад аўтарызаваны. Гэта значыць, яго вычытваў і ўзгадняў сам аўтар. А па-другое, гэта адзін з самых вядомых раманаў Івана Шамякіна.

«Вядомы, таму што па ім зняты кінафільм. Рэжысёр фільма — Міхаіл Пташук, з якім наша сям’я была добра знаёмая, ён жыў па суседстве. І так трагічна і недарэчна загінуў. Паехаў атрымліваць «Ніку» ў Маскву, пасварыўся з жонкай, і гэтая аварыя…»

А любімы твор у Таццяны — «Трывожнае шчасце».

«Яго і бацька любіў больш за іншыя. Ён для мяне вельмі знакавы, я памятаю, як бацька пачынаў над ім працаваць. Гэта ж аўтабіяграфічная гісторыя маладых мамы і таты. Хаця сам Шамякін казаў, што ў творы 70% выдумкі. На тое ён і Шамякін. Я наогул лічу, што Іван Пятровіч — адзін з самых лепшых у беларускай літаратуры сюжэтчыкаў. Ён умеў закруціць сюжэт».

Упрыгожанне з Перу

«Усе мае калегі ведаюць, што я нашу гэтае ўпрыгожанне з оніксу амаль заўсёды. У яго такая гісторыя. У бацькі быў франтавы сябар, Віталь Вацлававіч Вольскі. Вельмі гераічны чалавек, ён атрымаў зорку Героя Савецкага Саюза. Пасля вайны шмат вучыўся, абараніў доктарскую дысертацыю. Быў дырэктарам Інстытута Лацінскай Амерыкі ў Маскве. Я яго добра памятаю. Неардынарны чалавек. Вольскі ведаў усіх палітычных дзеячаў Лацінскай Амерыкі, сябраваў з тагачасным прэзідэнтам Мексікі.

Некаторыя рысы Віталя Вольскага ўвасобленыя ў пэўных вобразах бацькавых кніг. Напрыклад, у рамане «Зеніт».

Упрыгожанне, якое паказвае Таццяна Шамякіна, Віталь Вольскі прывёз у падарунак маці нашай гераіні з самаго Перу.

«Гэтай падвесцы ўжо гадоў 40. Яе насіла мама, пасля ў спадчыну перадала мне».

Шкатулка ад мужа, з якім сёлета маглі адзначаць залатое вяселле

Шкатулку, у якой Таццяна Шамякіна прынесла на сустрэчу ўпрыгожанне з Перу, падарыў ёй яе тады яшчэ будучы муж Вячаслаў Віктаравіч.

«На куфэрчыку вельмі сімвалічная выява. Гэта матывы з уладзімірскіх месцаў Расіі. Адтуль бацькі майго мужа. Яны прыехалі з Расіі адразу пасля вайны. Спачатку аднаўлялі Маладзечна, пасля Мінск. Мы сябравалі з дзяцінства, абменьваліся кнігамі. На трэцім курсе пажаніліся. У гэтым жніўні было б 50 гадоў, як мы разам. Жылі мы душа ў душу, не сварыліся ніколі. Чаму? Таму што былі сапраўднымі сябрамі. Вячаслаў Віктаравіч памёр шэсць гадоў таму. Інсульт».

Шкатулку муж падарыў Таццяне на Новы год.

«Я цяпер вельмі сумую па нашых вялікіх застоллях. Нас жа ў бацькоў чацвёра было. Брат і тры сястры. Тата з мамай вельмі гасцінныя былі. Заўсёды збіраліся на святы за сталом. Мне цяпер вельмі гэтага не хапае. Але праз такую сямейнасць мае дзве дачкі выраслі занадта хатнімі. Цяпер перажываю, што ўнукаў няма. Маша і Славяна ўсё ніяк адарвацца ад нас не маглі, ад бабулі з дзядулем, пасля ад нас з бацькам. Мы ж увесь час разам, і фільмы разам глядзелі і гутарылі пасля, і кніжкі чыталі, і ездзілі разам шмат куды».

Марыя і Славяна таксама сталі філолагамі, таксама працуюць у БДУ.

«Нарадзіла я старэйшую Машу даволі позна, у 27 гадоў. Мы з мужам здорава пагулялі ў маладосці! Нараджала ўжо тады, калі абараніла кандыдацкую».

Машу назвалі ў гонар маці Таццяны Шамякінай.

«А калі нараджала Славяну, я ўжо захаплялася міфалогіяй. І думала пра тое, што мы з мужам розных нацыянальнасцяў. І што нас аб’ядноўвае — гэта славянская культура. Таму і Славяна».

Партфелям не здрадзіла ні разу ў жыцці

«Гэты партфель, што зараз нашу, падарылі дочкі год таму. Чаму любімая рэч? Таму што я ўсё жыццё, пачынаючы ад школы, хадзіла толькі з партфелямі. Ніякіх сумачак, ніякіх рукзачкоў».

Таццяна Іванаўна расказвае, што гэты партфель яшчэ не самы вялікі па памерах. Раней, калі выкладала гісторыю і тэорыю сусветнай культуры насіла ў партфелі студэнтам мастацкія альбомы.

«Цяпер прасцей. Цяпер у мяне ўсё на флэшцы. Але ў партфелі шмат кашалёчкаў: у адным — лекі, у другім — манеткі, у трэцім — касметыка, у чацвёртым — ключы, у пятым — мабільны тэлефон».

Шамякіна не кансерватарка, а рацыянальная

Мабільны тэлефон — падарунак калегаў на мой 60-гадовы юбілей, 10 гадоў таму. І, ведаеце, за гэтыя 10 гадоў ён мне ні разу не адмаўляў, не псаваўся, не падводзіў».

Здавалася б, стары мабільны тэлефон. Няўжо Таццяна Шамякіна такая кансерватыўная?

«Шамякіна не кансерватар, я проста рацыянальна разважаю. Цяпер жа вы ведаеце, што ў свеце пануе запланаванае састарэнне. Ствараюцца тавары з неапраўдана кароткім тэрмінам прыдатнасці. Вазьмі той жа мабільны або звычайную лямпачку. Яны ж робяцца так, каб хутчэй выйшліз ладу, каб купіць новую. А такімі мабільнікамі, ведаю, многія бізнесмены карыстаюцца. У такіх мабільніках яшчэ няма прыстасавання для запісу, яны не падключаны да інтэрнэту і нельга адсачыць, дзе ты».

Таццяна Шамякіна называе сябе прыхільніцай новай тэхнікі.

«Як я магу не прымаць сучаснасць, калі мы вельмі марылі пра тое, як будзе? Якімі машынамі чалавецтва будзе карыстацца, як будзе выкарыстоўваць тэхніку на сваю карысць. Я — фанатка навуковай фантастыкі. Доктарскую дысертацыю я набірала на камп’ютары. А вось на забавы ў інтэрнэце мне вельмі шкада часу. Калі карыстаюся, то толькі для таго, каб хутка ўспомніць прозвішча, якое забылася, або ініцыялы чалавека. І яшчэ не магу чытаць на экране. У гэтым плане я прыхільніца папяровых кніг і часопісаў. Да гэтага шмат чаго выпісваю. І «Полымя», і «Нёман», і «Роднае слова», «Наука и религия», «Наука и жизнь», «Знание сила», «Чудеса и приключения».

А яшчэ Таццяна Іванаўна прызналася, што яна ўсё жыццё была «вучоная пані».

«Муж гатаваў лепш за мяне, ён, уласна, і дапамагаў мне займацца кар’ерай, дочкі рана навучыліся абслугоўваць сябе. Я ніколі ў жыцці не займалася гаспадаркай. Затое маю больш за 500 публікацый».

Наталля Тур, фота Волі Афіцэравай

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура