Праект партала
Навокал
30.08.2018 / 07:44
Францужанка Алізэ Карнэ зняла майку на корце US Open — і змяніла правілы сусветнага тэнісу14

flickr.com

У першым туры Адкрытага першынства ЗША па тэнісе 31-я ракетка свету Аліз' Карнэ атрымала нечаканае папярэджанне ад суддзі на вышцы за тое, што зняла на корце майку.

28-гадовая францужанка гуляла свой першы матч на турніры ў 38-градусную спёку і ў перапынку паміж другім і трэцім сэтамі пайшла ў распранальню, каб пераапрануцца.

Вярнуўшыся на корт, яна пабачыла, што надзела майку навыварат, тут жа зняла яе і надзела як трэба. Што праўда, пад майкай быў ружовы топ.

Сапраўды, правілы абвяшчаюць, што жанчыны на US Open не могуць пераапранацца на корце і абавязаны пайсці дзеля гэтага ў распранальню. Згодна з правіламі, Карнэ дапусціла парушэнне кодэкса гульца.

Такое парушэнне прыраўноўваецца да нецэнзурнай лаянкі і іншых непрыстойных дзеянняў гульца паміж розыгрышамі. Першае такое парушэнне пагражае папярэджаннем, другое — пазбаўленнем ачка, трэцяе — прайграным геймам, а чацвёртае — паражэннем у матчы.

Алізэ прайграла ў трох сэтах шведцы Ёхане Ларсэн, але нязначны, здавалася б, інцыдэнт з пераапрананнем францужанкі засланілі спартыўны вынік матча.

Справа ў тым, што ў спёку на кортах «Флашынг-Медоўз» можна рэгулярна бачыць тэнісістаў-мужчын, якія здымаюць у перапынку паміж геймамі майкі, і нікому нават не прыходзіць у галаву рабіць ім заўвагі і тым больш афіцыйныя папярэджанні.

Акрамя таго, тэнісісты часта пераапранаюцца ў перапынку паміж геймамі, седзячы побач з кортам. А спёка ў гэтым годзе на кортах US Open невыносная: у мужчынскай сетцы ўжо пяць тэнісістаў зняліся з турніру.

Рашэнне суддзі многія палічылі неапраўданым: былая аўстралійская тэнісістка Кейсі Дэлакво назвала яго смехатворным, а пяціразовая чэмпіёнка турніраў Вялікага шлема ў парным разрадзе Бетані Матэк-Сандс — шчыра слабым.

У выніку кіраўніцтва WTA заявіла, што Алізэ Карнэ незаслужана атрымала папярэджанне і пакарана не будзе. Асацыяцыя вырашыла растлумачыць правілы: зараз тэнісісткі могуць не сыходзіць у распранальню, каб пераапрануцца.

«Гэта рашэнне не было заснавана на правілах WTA, так як у WTA няма правіл, якія забараняюць пераапранаць спартыўную вопратку на корце, — гаворыцца ў заяве асацыяцыі. — Гэтае правіла турніру Вялікага шлема, і мы рады, што USTA (Асацыяцыя тэніса Злучаных Штатаў) зараз яго змяніла».

«Усе тэнісісты і тэнісісткі могуць пераапранаць свае майкі, седзячы ў крэсле для гульцоў, гэта не з'яўляецца парушэннем Кодэкса, — гаворыцца ў заяве US Open. — Спартсменкі пры жаданні могуць пераапрануць свой топ у больш зацішным месцы побач з кортам, калі яно ёсць. Хуткая змена спартыўнай вопраткі не будзе лічыцца ўзятым тэнісісткай перапынкам».

Бі-бі-сі

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура