Праект партала
Стасункі
03.09.2018 / 15:53
Дзве галоўныя памылкі таты ў выхаванні дзяцей36

Роля бацькі ў сям’і — глыбокая тэма. Тут ёсць пра што задумацца не толькі тым парам, якія рыхтуюцца стаць бацькамі, але і тым сем'ям, якія выгадавалі не адно дзіця, піша Анжэла Клінцэвіч, псіхолаг аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Маладзечанскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Навукоўцы ўжо ж даўно прыйшлі да высновы, што бацька аказвае самы непасрэдны ўплыў на ранняе развіццё дзіцяці.

Немаўляты, якія маюць побач блізкага і актыўнага бацьку з першых дзён пасля нараджэння, паказваюць больш высокія адзнакі ў тэстах інтэлектуальнага і маторнага развіцця, а пасля вырастаюць больш спагаднымі ў сацыяльным плане.

Але любы тата павінен пазбягаць дзвюх памылак: эмацыйнай адгароджанасці і бацькоўскага аўтарытарызму. Гэтыя памылкі вядуць да дысгармоніі ў фарміраванні асобы дзіцяці.

«Ідэальны бацька» — гэта той, хто ставіцца да сваіх дзяцей як да роўных і бярэ актыўны ўдзел у іх выхаванні. У такіх сем’ях і адносіны паміж мужам і жонкай гарманічныя, яны менш канфліктуюць, у пары аднолькавыя мэты і планы.

Таты, у якіх узніклі моцныя эмацыйныя сувязі з немаўлём, аказваюцца больш чулыя да змяненняў цікавасцяў і патрэбаў сваіх дзяцей па меры таго, як яны становяцца больш дарослымі.

Такія бацькі маюць большы ўплыў на сваіх дзяцей, дзеці ахвотна да іх прыслухоўваюцца і хочуць быць падобнымі да іх, бо давяраюць ім.

Шматлікія даследаванні паказалі, што, калі муж падтрымлівае жонку падчас цяжарнасці, у часе родаў і пасля нараджэння дзіцяці, то і жонка ў такой пары пачынае лепш разумець патрэбы і прыярытэты мужа.

Кожнае дзіця ў раннім узросце, калі яно ў сям'і, фарміруе так званую базавую жыццёвую пазіцыю. Адтуль мы прыносім псіхалагічныя «вобразы» нашых бацькоў у тым выглядзе, у якім запомнілі прыкладна да трох гадоў.

Успрыманне немаўляці і маленькага дзіцяці радыкальна адрозніваецца ад таго, як успрымае свет дарослы чалавек, але многія дарослыя проста не разумеюць гэтага.

Немаўля ўспрымае свет «татальна», у цэлым. У яго няма яснага ўяўлення пра час і прастору, ён лічыць, што ўсё, што яго атачае часткай самога сябе.

Маміна скура і грудзі, валасы і рукі таты, прасціна ў калысцы, бразготка, святло лямпы — усё гэта немаўля лічыць «часткай» сябе. Толькі пасля трох месяцаў ён пачынае аддзяляць сябе ад навакольнага свету, фарміруе ўяўленне «Гэта — Я, гэта — не Я».

Адчуванне камфорту і дыскамфорту ў маленькага чалавека таксама ўсёабдымнае — боль у жываце, адзінота, голад, іншыя непрыемнасці, якім дарослы чалавек лёгка дае рады, для немаўляці — правобраз «канца свету».

Менавіта таму саюз таты і мамы, якія кахаюць адзін аднаго — найлепшая база для фарміравання пазітыўнай жыццёвай пазіцыі.

Эмацыйная, заснаваная на невербальным, пачуццёвым успрыманні частка жыццёвага сцэнара засвойваецца дзіцем прыкладна да трох гадоў. У гэтым узросце дзіця ўжо «навучанае» таму, праз якія эмоцыі больш зручна ўспрымаць навакольны свет. І калі адносіны ў сям'і будаваліся пераважна на папроках, крыўдах, злосці, раздражненні і іншых негатыўных эмоцыях — менавіта такая псіхаэмацыйная матрыца ўспрымання адносін з іншымі людзьмі аўтаматычна складзецца ў дзіцяці. Калі ж адносіны ў сям'і былі напоўненыя павагай, любоўю, цярпеннем, радасцю — сфармуецца адпаведнае ўспрыманне свету праз станоўчыя эмоцыі.

З пакалення ў пакаленне сем'і перадаюць дзецям не толькі ўзоры любові, паважлівых і беражлівых адносін адзін да аднаго, але і прыклады варожасці, нянавісці, абыякавасці. 

Усё больш папулярнай становіцца ідэя, што не толькі бацькі ствараюць і выхоўваюць дзяцей, але і дзеці са свайго боку «ствараюць і выхоўваюць» бацькоў, спрыяючы іх рэалізацыі, паскараючы развіццё і асабісты рост.

Бацька сёння — не толькі эканамічная апора сям'і ды яе абаронца, але ў першую чаргу — сябар, настаўнік і памочнік.

Анжэла Клінцэвіч, фота pixabay.com

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура