Праект газеты
Тонус Анкахворыя жанчыны ў Беларусі змогуць замарожваць яйкаклеткі

Анкахворым жанчынам у Беларусі плануецца даваць магчымасць замарожваць яйкаклеткі, паведаміў карэспандэнту БелТА член пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Старавойтаў.

Гэта прадугледжана папраўкамі ў закон аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях. «Права закансерваваць яйкаклеткі плануецца даваць жанчынам, якім трэба перанесці медыцынскія ўмяшанні, здольныя паўплываць на дзіцянараджальную функцыю, напрыклад хіміятэрапія, прамянёвая тэрапія.

Пакуль набор яйцаклетак на захоўванне ў іх немагчымы: няма медыцынскіх паказанняў для прымянення дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій, у прыватнасці бясплоддзя. Калі ж законапраект будзе прыняты, то звярнуцца да працэдуры будуць мець магчымасць не толькі анкахворыя, але і ў тыя, у каго ёсць сямейная схільнасць да анкалагічных паталогій. Пры гэтым вызначаецца, што выкарыстоўваць палавыя клеткі такіх пацыентаў можна будзе толькі пры ўжыванні ў дачыненні да іх дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій», — распавёў Аляксандр Старавойтаў.

Распрацоўшчыкі законапраекта ўлічылі прыватныя выпадкі, калі дапамагчы бясплоднай сям'і была гатовая блізкая сваячка мужа ці жонкі, але не змагла гэтага зрабіць з-за ўзросту. У дзейным заканадаўстве сурагатнай маці можа быць жанчына ад 20 да 35 гадоў. «Узроставыя межы ў такіх выпадках прапануецца пашырыць да 49 гадоў уключна», — праінфармаваў Аляксандр Старавойтаў. Акрамя таго, у законапраекце дапускаецца, што такая жанчына можа не быць замужам, але толькі ў тым выпадку, калі ў яе ёсць дарослыя дзеці і няма непаўналетніх.

У праекце закона прапануецца таксама павялічыць узроставы парог для донараў палавых клетак: з 40 да 50 гадоў для мужчын і да 49 гадоў уключна — для жанчын. Пры гэтым у першым выпадку гаворка ідзе як пра ананімных, так і пра неананімных донараў. У другім — толькі пра неананімных донараў з ліку сваячак пацыенткі. Паводле слоў дэпутата, пры вырашэнні пытання аб змяненні падыходаў да абмежавання ўзросту донараў улічваліся і міжнародныя падыходы, у прыватнасці рэкамендацыі СААЗ і Еўрапейскага таварыства рэпрадукцыі і эмбрыялогіі чалавека (ESHRE).

Практыка прымянення закона паказала, што ў якасці донарскіх выкарыстоўваюцца не толькі палавыя клеткі, атрыманыя ў Беларусі, але таксама з рэгістраў, банкаў, баз замежных дзяржаў. Папраўкамі ў закон аб ДРТ арганізацыі аховы здароўя атрымліваюць магчымасць супрацоўнічаць з імі. Акрамя таго, уводзіцца кантроль за выкарыстаннем донарскіх клетак, атрыманых з-за мяжы.

Аляксандр Старавойтаў адзначыў, што асноўная мэта законапраекта — удасканаліць работу медустаноў, якія займаюцца дапаможнымі рэпрадуктыўнымі тэхналогіямі, актуалізаваць нарматыўную базу, якой яны карыстаюцца. У Беларусі дзейнічаюць тры дзяржаўныя і каля пяці прыватных цэнтраў ЭКА. Праблема бясплоддзя актуальная для краіны. Удзельная вага пар, якія не могуць мець дзяцей, дасягае 16—17%.

У распрацоўцы законапраекта ўдзельнічаюць прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя, грамадскіх аб'яднанняў, лекары. Плануецца, што ён будзе прыняты ў першым чытанні на восеньскай сесіі.

БелТА

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура