Праект партала
Гісторыі
26.08.2018 / 15:57
Шчырая гутарка з Лерай Яскевіч, якая рве інтэрнэт музычнымі каверамі, пра адказнасць перад аўдыторыяй, правінцыю і пакаленне блогераў10

Лера Яскевіч мала чым адрознівалася ад іншых падлеткаў з пасёлка Багушэўск з насельніцтвам крыху больш за 2 тысячы чалавек, пакуль ім не правялі нармальны інтэрнэт, а яна не адкрыла для сябе функцыю «відэа» на фотамыльніцы. У 2012 годзе яна пачала весці свой канал на ютубе, куды часцей за ўсё выкладвала каверы на самыя розныя песні: ад выкананых Максам Каржом і ЛСП да Taylor Swift і Radiohead.

У нейкі момант лік праглядаў гэтых ролікаў пераваліў за сотню тысяч, а потым, калі набліжаўся школьны выпускны, ёй раптам напісала менеджарка Ганна з Мінска: дапамагла паступіць у БДУКМ, звазіла на украінскі Х-Фактар…

Зараз на ютуб-канале Леры больш за 400 тысяч падпісчыкаў, у інстаграме — амаль 200 тысяч чалавек. Ёй 19, яна ўсё гэтак жа запісвае каверы, але ў дадатак шчыльна займаецца песнямі ўласнага сачынення.

Лера Яскевіч.

Мы пагаварылі з ёй пра адказнасць вяшчання на такую вялікую аўдыторыю, пра беларускую правінцыю і характэрныя рысы пакалення, што нарадзілася на стыку 90-х і нулявых.

«НН»: Неяк у інтэрв'ю ты казала, што было б «адстоем» расці ў багатай сям'і. Сёння ты усё больш упэўнена становішся на ногі ў матэрыяльным плане, робіш рэкламу, няўжо няма такіх думак: вось, нарэшце, дазволю сабе гэта і гэта?

Лера Яскевіч: Часам я думаю, што, магчыма, хацела б сабе дом. Або назбіраць грошы на машыну. Канкрэтна цяпер мы здымаем кватэру з Ганнай, з'язджаць я не хачу. Мы з ёй, цьфу-цьфу, амаль ніколі не лаемся. Ні ў яе, ні ў мяне няма бойфрэнда — нам спакойна жывецца разам. Я мыю посуд, таму што яна гэта ненавідзіць. А яна пыласосіць.

Я вельмі хацела б дапамагчы бацькам дабудаваць у Багушэўску дом. Але разумею, што мне не назбіраць столькі грошай імгненна, каб закрыць пытанне адным махам. Хаця нядаўна купіла маме садовыя арэлі: яна іх даўно хацела.

Усё, што цяпер адкладаецца, амаль адразу трацім на інструменты або відэаабсталяванне.

«НН»: Але ў бацькоў ты сама грошы ўжо даўно не бярэш?

ЛЯ: Мне было б сорамна. Наогул, я яшчэ ў Багушэўску станавілася больш-менш незалежнай у матэрыяльным плане. Калі з'явілася першая мыльніца, пачала фатаграфаваць выпускныя, проста людзей — там у нас гэта амаль ніхто не рабіў. Гэтымі грашыма адбіла куплю ноўтбука. А пазней ютуб пачаў прыносіць грошы: 10, потым 30 даляраў у месяц. Нейкія людзі мне яшчэ пастаянна данацілі…

«НН»: У тваёй сям'і хтосьці яшчэ звязаны з музыкай?

ЛЯ: Яны ўсе ў мяне проста вельмі любяць спяваць. Выдатна гэта атрымліваецца ў бабулі Лілі. Яна мне заўсёды спявала калыханкі, розныя песенькі з маленькіх кніжачак — дзякуючы ёй, можна сказаць, я вельмі палюбіла гэты працэс.

«НН»: На гітары ты навучылася граць сама, а вакалам займалася?

ЛЯ: Я ніколі не займалася вакалам са спецыялістамі. У мяне неяк не заладзілася са школьнымі педагогамі: ім не падабалася, як я спяваю. Яны займаліся з любімчыкамі, у лік якіх я не ўваходзіла. Мабыць, жыццё мяне зберагла ад акадэмічна-народнага голасу.

Але ў мяне не спыняецца працэс унутранага самаразвіцця. Памятаю, ішла аднойчы да бабулі, праходзіла міма школы, напявала нейкую песню Дзімы Білана. Там былі ноты, якія я брала няправільна. У галаве я ведала, як іх праспяваць, але голасам не магла. Той момант я паўтарала зноў і зноў. Пакуль дайшла да бабулі, у мяне ўсё атрымалася. Так яно і працуе: я проста пастаянна спяваю, не ўяўляю сябе без гэтай справы.

Часта нават у каверах на рускамоўныя песні Лера выкарыстоўвае трасянку, гэта дадае ім дадатковую разыначку. Што тычыцца беларускай мовы, то дзяўчына прызнаецца, што, хоць і вучылася ў беларускамоўнай школе, настаўнікі там былі дрэнныя. Веды, як следства, такія ж. Але яна ўсё адно спявае па-беларуску і думае, што запіша на беларускай мове і свае песні.

Пакуль мы ідзём па Кастрычніцкай, Леру аклікае міначка: «Лера, гэта ты? Можна з табой сфатаграфавацца?». Мама дзяўчыны іх здымае, тая дзеліцца сваёй любоўю да яе творчасці.

«НН»: Ты лёгка і без боязі ідзеш з усімі на кантакт?

ЛЯ: Мне прыемная ўвага, я ж раблю музыку для людзей, чаму я павінна іх ігнараваць? Наогул не разумею блогераў ці зорак, якія хаваюцца неяк ці пазбягаюць гэтага. Якія ходзяць усе такія важныя. Тыпу: «Паглядзіце, вось я, мяне ўсе ведаюць». А ён на самай справе нікому не патрэбны, адзін пафас. Хтосьці, можа, баіцца быць сфатаграфаваным не ў лепшай форме. Асабіста мяне наогул не напружвае, што я магу выглядаць недарэчна, а дзесьці нават непрыгожа.

Для мяне не праблема абняць незнаёмага чалавека. Па-мойму, абдымкі — гэта прыемны спосаб паказаць, што той, з кім ты абдымаешся, больш, чым проста знаёмы. Спадзяюся, мяне ў такі момант не захочуць застрэліць. Таму што часам у прыватныя паведамленні сур'ёзныя, сталыя мужчыны пішуць пагрозы з забойствамі.

Тое ж самае са слязьмі, напрыклад. Мяне лёгка расхваляваць, расчуліць. Але я не хачу хаваць гэтага, саромецца. Па-мойму, слёзы — гэта самыя чыстыя і праўдзівыя, каштоўныя эмоцыі. Можа, мая праява эмоцый зробіць усіх астатніх больш чалавечнымі і добрымі.

Лера прызнаецца, што калі ёсць час, то яна тусуецца з сябрамі менавіта на Кастрычніцкай. А калі пачынаецца навучанне, то каля Інстытута культуры, дзе стаіць яе БДУКіМ: Лера вучыцца на рэжысёра абрадаў і святаў. У астатнім Мінск пакуль дрэнна ёй вывучаны.

«НН»: Як справы ва ўніверы? Хутка новы навучальны год…

ЛЯ: Універ часта даводзіцца прагульваць праз канцэрты, таму, можа, буду пераводзіцца на завочнае. Мне здаецца, я там губляю час: робім адно і тое ж вось ужо два курсы запар, адны і тыя ж пластычныя эцюды, развіцця ніякага…

Невядома, што здарыцца заўтра: можа, я голас страчу ці яшчэ нешта. Не бачу сэнсу марнаваць час дарма, рабіць тое, што ўвогуле не падабаецца, — жыццё занадта кароткае. Цяпер я хачу займацца толькі музыкай і аддавацца гэтаму цалкам.

«НН»: За канцэртамі і запісам ў студыі ты паспяваеш наведваць родных у Багушэўску?

ЛЯ: За гэтае лета выйшла тры разы. Ад'ядаюся дома заўсёды напоўніцу: у Мінску магу за дзень усяго адзін раз перакусіць, а там — разоў сем нон-стопам. У Багушэўску ёсць сябры, там вельмі крута — душа адпачывае. Так, у Мінску ў нас няма тэлевізара, а там я гляджу па «TV1000» фільмы, якія ў інтэрнэце не знайшла сама. Мы з мамай раней пастаянна (на выходных ці калі я хварэла) любілі схавацца пад коўдрай на канапе і глядзець кіно.

«НН»: Дзе тусуецца моладзь Багушэўска? здай месцы.

ЛЯ: У нас ёсць клуб — галоўны цэнтр жыцця. Улетку туды раз на тыдзень прывозяць кіно. Праўда, такое сабе. Ёсць будынак пад умоўнай назвай «Зялёнае». Каля яго збіраюцца кампаніямі і ў «Кракадзіла» гуляюць. Раней «Чырвонае» яшчэ было — там склад размяшчаўся. З таго месца заўсёды вельмі прыгожыя заходы сонца адкрываліся, было бачна, як цягнікі ездзяць. Класна сядзець там з кампаніяй, глядзець на ўсё гэта і абмяркоўваць пад піва планы на будучыню.

З Багушэўска валіць і моладзь, і дарослыя. Працы няма. У асноўным усе ездзяць на заробкі ў Віцебск ці Оршу. Мой тата, напрыклад, у камандзіроўкі ў Брэст, прычым ад мінскай арганізацыі. Мама ж паспела папрацаваць і прадавачкай, і прыбіральшчыцай, і швачкай. Але пасля таго, як на яе ў краме павесілі недастачу як на новенькую, сказала, што за касай больш ніколі не стане.

«НН»: У цябе няма страху, што твае ўласныя песні зойдуць аўдыторыі не так добра, як каверы? Усё ж апошнія робяцца ўжо на хіты…

ЛЯ: Я думаю пра гэта часам і стараюся ўспрымаць падобны варыянт развіцця падзей як норму. Зразумелая справа, я на працягу столькіх гадоў займалася каверамі, запісвала іх на ютуб, а тут раптам — свае песні. Але частка маёй аўдыторыі ўжо два гады мяне прасіла запісваць менавіта сваё, паказаць, пра што я думаю. Мяркую, што гэтыя людзі са мной застануцца.

«НН»: Ты рабіла некалькі кавераў на песні рускай спявачкі Манетачкі. Дык вось, у адным з інтэрв'ю на пытанне, чаму яна стала ледзь не голасам пакалення, яна адказвае: «У Расіі, калі пішуць папсу, нават якасную, яна абавязкова пра сваркі, расставанні. А музыкі з цікавым тэкстам, якая пры гэтым была б танцавальнай, крутой, свежай — чамусьці не было даўно. Мне здаецца, у мяне атрымліваецца рабіць нешта падобнае».

Твае песні сёння — з тых, што выкладзеныя ў адкрыты доступ — у асноўным лірычныя. Ці будзеш ты пашыраць тэматычныя і жанравыя рамкі? І як табе перспектыва стаць голасам пакалення?

ЛЯ: На гэтым этапе жыццяя адчуваю сябе меланхалічна, адсюль і сумныя, лірычныя песні. Яшчэ мяне вельмі чапаюць жыццёвыя гісторыі, якія мне расказваюць знаёмыя ці яшчэ нехта. Чужыя праблемы я перажываю ў сабе нават больш, чым уласныя.

Я не выключаю, што можа адбыцца нейкая палітычная падзея, напрыклад, якая мяне кране, і я напішу пра гэта. Але сёння мае песні пра мяне і маю душу. Аднак, зноў паўтаруся, жыццё змяняецца. Год таму я наогул не думала, што буду пісаць свае песні, баялася гэтага, камплексавала. А тут мы запісваем альбом, ужо дзве песні гатова. На плытцы, дарэчы, будзе больш электроннага гучання, якое мы змешваем з акардэонам, гітарай і флейтай і іншымі інструментамі. Я сябе шукаю. Гітара — гэта крута, але хочацца поўнага паглыблення. Хочацца адчуваць сябе ў музыцы, адзін інструмент не заўсёды гэта дае.

Што тычыцца голасу пакалення. Спецыяльна я б сапраўды да гэтага не імкнулася. Але калі гэта адбудзецца, мне б вельмі хацелася даваць нешта вельмі добрае тым, хто верыць у мяне, ідзе за мной. Гэта вельмі адказна. Вось Макс Корж, мне здаецца, моцна ўзяў моладзь за руку — ён як бацька.

«НН»: Працягваючы тэму кавераў. Ты неяк рабіла і на яшчэ адну рускую выканаўцу Грэчку. У адным з інтэрв'ю яна раскрытыкавала беларускую моладзь, сказала, што мы больш забітыя, у параўнанні з рускімі маладзёнамі, што думаеш на гэты конт?

ЛЯ: Я не раз чула ад розных людзей фразу: «Па вам відаць, што вы народ забіты». Мабыць, я не ў тым асяроддзі, дзе людзі баяцца выказацца. Я не адчуваю, што беларусы нейкія несвабодныя і ўсё ў такім духу.

А наогул дзіўна, калі прыезджыя робяць такія хуткія, павярхоўныя высновы.

«НН»: Твая каманда на дадзены момант — гэта ты і твая суседка, менеджарка Аня?

ЛЯ: У асноўным — так, мы ўдвух. Яшчэ ёсць Дзіма і Цім, якія займаюцца аранжыроўкамі.

У мяне часта пытаюцца, колькі будзе каштаваць рэклама або мой выступ — я не магу адказаць на такія пытанні: мне не падабаецца сябе ацэньваць. І я рада, што ёсць Аня, якая на сябе гэта ўзяла. Я б сама і па канцэртах не пачала ездзіць, калі б на шляху не з'явіўся дарослы чалавек, які б паказаў, як гэта ўладкавана. Які ведае, як паводзіць сябе з тымі, хто хоча падмануць. А падмануць хочуць усе навокал.

«НН»: Ці бачыла цябе неяк у феміністычнай майцы, гэта нешта для цябе значыць?

ЛЯ: Гэта проста прышпільная майка, якую Аня прывезла з Вільні. Але наогул я натхняюся моцнымі жанчынамі. Ледзі Гага, напрыклад — у яе неверагодная біяграфія. Новае пакаленне ўжо сапраўды не будзе верыць у лухту кшталту «месца жанчыны на кухні, а мужык няхай працуе».

Я не люблю абазначэнне чагосьці. Не люблю, калі з нейкіх рэчаў або з'яваў робяць культ: калі такія сітуацыі ўзнікаюць, я проста адыходжу далей у бок з паднятымі рукамі.

«НН»: Таму ты не далучалася да субкультурных плыняў, хоць і слухала ў школе Tokio Hotel?

ЛЯ:

Я неяк хацела быць тымі, хто прыйшоў пасля эма: трэшэры, здаецца, таксама «чэлкары» нейкія незразумелыя… Але мяне ў той момант проста няўдала пастрыглі. Да нас у Багушэўск прыехала адна цырульніца з Віцебска тыпу «з залатымі рукамі, супер-пупер модная». У выніку ўвесь пасёлак, нават дарослыя цёткі, хадзілі з аднолькавымі чубамі.

«НН»: Што табе падабаецца ў тваім пакаленні, а што раздражняе?

ЛЯ: Падабаецца, што мы прасцей ставімся да такіх рэчаў, як, напрыклад, меркаванне чужога чалавека. Калі я жыла ў Багушэўску, мяне моцна злавала, што ўсе адзін аднаго ведаюць, і калі мама мне паўтарала: «Лера, спыніся гэта рабіць, што пра цябе падумае цётка Галя!». А мне наогул было па барабане: ад гэтага што, свет зменіцца? Мы паволі пачынаем адыходзіць ад старых перадузятасцяў і стэрэатыпаў.

А напружвае ў маім пакаленні тое, што ўсе хочуць быць блогерамі. Далёка не ўсе ўсведамляюць, што гэта такое, што гэта адказнасць: на цябе ж глядзіць нейкая аўдыторыя, з цябе бяруць прыклад. Людзі, якія робяць ўсялякі бздур на камеру (ядуць парашок, лэтсплэйшчыкі розныя) не думаюць, што гэта бачаць дзеці.

Мой малы вось, яму 10 гадоў, таксама папрасіў камеру купіць, каб блогерам быць. Яны вельмі хутка развіваюцца: Даня сам сабе запампаваў праграму, робіць кліпы, агучвае відэа.

«НН»: Ты сказала, што маці цябе час ад часу спыняла, як жа табе ўдалося ў выніку настойваць на сваім, татуіроўкі тыя ж зрабіць?

ЛЯ: Мне здаецца, я проста рэвалюцыянерка па духу, у нас з мамай было шмат выхаваўчых гутарак, дзе выхавальніцай была я.

Першая татуіроўка ў мяне з'явілася ў 15 гадоў, тата не ведаў. Убачыў — сказаў, што злупіць са скурай, але потым змірыўся. А мама ўсё ж імкнецца ісці ў нагу з часам, таму дазволіла. Яна ў мяне і ў камп’ютарах сячэ. Нават бабуля ў сацсетках сядзіць, лайкі мне ставіць і каментары піша.

Татуіроўкі Леры: першая як даніна тэме космаса, якую яна вельмі любіць. Эскіз да другой спявачка намалявала сама.

«НН»: Каб табе заўтра паступіла прапанова з'ехаць за лепшымі перспектывамі за мяжу, паехала б?

ЛЯ: Прапановы, дарэчы, ужо паступалі. Усякія розныя прадзюсары думаюць, што ім усё можна. Лічаць, раз ты з вёскі, нічога не разумееш у шоу-бізнэсе, то яны лёгка возьмуць цябе ў абарот, забяруць правы на тваё жыццё і будуць указваць, што рабіць. Ты адмаўляеш ім, а яны не разумеюць: як так?

Мне здаецца, што добра там, дзе ёсць я. Не зусім праўда, што, з'ехаўшы кудысьці, дасягнеш большага. Мне пакуль усё падабаецца, я не хачу «збегчы з гэтай вашай Беларусі».

«НН»: Кім ты бачыш сябе праз гадоў пяць?

ЛЯ: Я хачу быць класнай чувіхай, якая спявае класныя песні і дае людзям неверагодныя эмоцыі. Вельмі хачу сабраць стадыён на свае песні. Яшчэ спадзяюся, што агучу ў бліжэйшай будучыні які-небудзь мульцік, толькі каб мой персанаж спяваў — гэта прама мара-мара. Абажаю мульцікі і гляджу іх пастаянна. Мне здаецца, я таму трошкі такая ўразлівая «анучка», таму што расла на мультфільмах. Мае равеснікі, якія далёкія ад гэтага казачнага свету, больш песімістычныя. А я лічу, што мульцікі вучаць верыць у лепшае, спраўляцца з цяжкасцямі. Гэта вельмі дапамагае па жыцці.

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фота Сяргея Гудзіліна

Каментары
о / Адказаць 20.08.2018 / 13:15

Пыргожая 😘

1
усябруэл / Адказаць 20.08.2018 / 13:34

гераіня, інтэрв’ю і фоты выдатныя (!!!)

1
Между протчым / Адказаць 20.08.2018 / 13:54

А дзе можна знайсці каверы на Radiohead?

1
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура