Праект газеты
Дома Зялёны, летні, духмяны. РЭЦЭПТ пірага з гарошкам і мятай5

Пірагі можна есці і на сняданак, і на абед, і на вячэру. А па-другое, гэта неахопная разнастайнасць смакаў і начынак! Пірагі могуць быць салодкімі ці салёнымі, адкрытымі і не. З цестам таксама можна эксперыментаваць: пясочнае, дражджавое, слаёнае.

Мне больш за ўсё падабаецца працаваць з пясочным: яго лёгка гатаваць, яно не размакае ад начынкі і застаецца хрумсткім. Вось некалькі парадаў для прыгатавання ідэальнага цеста:

  • масла для яго трэба браць вельмі халодным, і лепш не мясіць цеста доўга, каб масла не растаяла;
  • перад выпяканнем цеста пратыкаем відэльцам, каб форма пірага не дэфармавалася;
  • цеста можна замарожваць — зрабіце загадзя некалькі порцый і даставайце, як толькі спатрэбіцца.

А ніжэй вы знойдзеце варыянт пірага з тунцом і гарошкам. Пакаштуйце гэтае спалучэнне, я упэўненая, яно вам спадабаецца!

Пясочнае цеста:

  • 100 гр. масла;
  • 200 гр. мукі;
  • 1 яйка;
  • 1 ч. л. насення лёну;
  • 1/4 ч. л. солі.

Халоднае масла наразаем кавалкамі, дадаём муку, лён і соль, змешваем, каб атрымалася крышыва. Дадаём узбітае яйка і сталовую лыжку халоднай вады і вымешваем гладкае цеста. Абгортваем плёнкай і пакідаем у халадзільніку на паўгадзіны.

Раскачваем цеста, кладзём у змазаную маслам форму. На гэтую колькасць інгрэдыентаў пасуе форма дыяметрам 26 см. Запякаем цеста без начынкі хвілін 10 пры 180 градусах (можна выкласці пергамент з фасоллю ці гарохам на цеста, каб яно не змяніла сваёй формы).

Заліўка для пірага:

  • 250 гр. нятлустай смятаны;
  • 2 яйкі;
  • 3 галінкі мяты;
  • 1 ст.л. гарчыцы; 
  • соль, перац;

Мяту дробна наразаем. Змешваем смятану з яйкамі, дадаём соль, перац, гарчыцу і мяту. Будзьце асцярожныя з соллю, бо кансерваваны тунец сам па сабе дастаткова салёны.

Начынка:

  • 150 гр. зялёнага гарошку (свежага ці марожанага);
  • 1 слоік кансерваванага тунца;
  • 70 гр. cыру.

Гарошак варым у падсоленай вадзе 5 хвілін, зліваем і адразу абдаём халоднай вадой, каб ён не страціў свой колер. Тунец здрабняем відэльцам. Сыр націраем на тарцы.

На выпечанае цеста кладзём тунец, гарошак, сыр. Дадаём заліўку. Пірог запякаем 25 хвілін пры 160 градусах.

Аналагічныя пірагі можна рабіць і з іншай начынкай.

Смачна есці!

Вольга Чарнова, фота аўтаркі

Каментары
Не ! / Адказаць 11.08.2018 / 13:11

Выглядае неапетытна , пра талерку, наогул, маучу...

11
Одинокий лист, оторвавшийся, ранимый, во хмелю, но всё ещё / Адказаць 11.08.2018 / 15:07

Вось бы гэта я з'еў бы ! Захаваю сабе рэцэптуру, бо цяпер няма як, але потым абавязкова выпяку такое, і з'ем.

3
°√° / Адказаць 11.08.2018 / 15:21

Не ! ,°✓ Глядзець навучыся.

4
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура