Праект газеты
Стасункі Як у Беларусі праходзяць трэнінгі па раскрыцці жаночай сэксуальнасці і хто на іх ходзіць14

Пакуль у краіне адсутнічае ўцямная сэксуальная адукацыя для падлеткаў, многім дарослым людзям прыходзіцца наганяць недахоп ведаў ужо пасля жаніцьбы, нараджэння дзяцей і нават разводаў. 

Я наведала адзін з трэнінгаў па раскрыцці жаночай сэксуальнасці пад назвай «Энергія сэксуальнасці», каб убачыць, якім чынам беларускі разам са спецыялісткамі даатрымліваюць пэўныя веды і працуюць над псіхалагічнымі і цялеснымі заціскамі.

*імёны ўдзельніц змененыя па этычных прычынах

На другім паверсе звычайнага фітнэс-клуба ў Мінску збіраецца група дзяўчат, якія прыйшлі на першыя заняткі трэнінгу. Усяго іх будзе пяць, кожны — па тры гадзіны ў руках псіхолага-сэксолага Ганны Макіявец і псіхолага Ганны Івановай.

Крыніца: wikipedia.org.

У кожнага чалавека, хай гэта мужчына ці жанчына, сцвярджаюць спецыялісты, сэксуальнасць у той ці іншай ступені траўмаваная: праз уплыў бацькоў, партнёраў ці нейкіх абставін.

Для тых, хто не хоча з гэтым мірыцца, у Мінску існуе шмат курсаў па сэксуальным разняволенні. На некаторых з іх вучаць карыстацца сэкс-цацкамі, на іншых — займацца аральным сэксам. Але тут, сцвярджаюць арганізатаркі, усё накіравана перадусім на тое, каб змяніцца знутры. Што ж, паназіраем, як адбываюцца гэтыя змены.

— Мы прызвычаіліся чуць: давай, надзень што-небудзь сэксуальнае і ідзі ў мужчынскую кампанію, насычайся сярод іх сэксуальнай энергіяй. Але наша сэксуальнасць першапачаткова нараджаецца ў жаночай абшчыне. Бо толькі жанчыны па сваёй сутнасці здольныя аддаваць: малако, жыццё, энергію, — робіць уводзіны сэксолаг.

Сённяшняя абшчына сядзіць па коле на падлозе. Усе яны — вельмі розныя, з непадобным на іншых багажом жыццёвага досведу.

Крыніца: wikipedia.org.

Вікторыі крыху больш за 30, яна прыйшла таму, што задзяўблася шукаць нармальнага сэксолага, які б змог папрацаваць з ёй індывідуальна.

23-гадовая Каця хоча разабрацца з сабой:

— У мяне такая стадыя: я сутыкнулася з тым, што запоўніла ўсе папярэднія гады выключна кар’ерай. І цяпер слова сэкс і ўсё, што з ім звязана, выклікае ў мяне страх. Сэксу ў мяне ніколі не было, мне страшна. Мне хочацца разабрацца, што такое жаноцкасць, сэксуальная энергія і як гэта працуе.

Леры 31, яна мае 5-гадовую дачку, але гадуе яе адна: апошнія гады ў разводзе. Прыйшла, бо адчула, што згубіла ўсялякую цікаўнасць і матывацыю. «Я жыву выключна дзеля дачкі, але гэта няправільна. Калі я не люблю сябе, то не змагу даць ёй правільную энергію», — шчыра дзеліцца яна.

27-гадовая Ганна тлумачыць сваю цікаўнасць да трэнінгу жаданнем знайсці тых, з кім можна спакойна размаўляць пра сэкс.

«У асяроддзі мала тых, з кім можна абмяркоўваць гэтую тэму адкрыта. Для многіх сэкс — гэта ціха, з выключаным святлом, пасля шлюбу і толькі ў місіянерскай позе. А мае патрабаванні выходзяць за межы гэтай «нормы».

Ірына прыйшла сюды нечакана для самой сябе: «Я замужам, дачцэ годзік. Думала, што люблю сябе, але аказалася, што не зусім. Я хачу высветліць, хто я, што я, спазнаць сваё цела. Навучыцца любіць сябе, нягледзячы ні на што. Ну і адпачыць».

Многія прызнаюцца, што прыходзяць за кампаніяй, з якой нястрашна абмяркаваць самае інтымнае.

Пасля прадстаўлення кожнай апладзіруюць і абавязкова пры гэтым круцяць сцёгнамі. Ганны заклікаюць рабіць гэта ў любой незразумелай сітуацыі:

— Там, у наднырачніках, сканцэнтраваная жаночая энергія. Мы будзем яе раскачваць. Пляскаем і рухаемся. Танцуйце, трасіце сваім азадкам — вы заўважыце, як усмешка сама па сабе з’явіцца на твары.

«Мы не вучым тут, як займацца сэксам. Мы там, дзе вучацца яго хацець. Калі ў нас прачынаецца сэксуальная энергія, мы пачынам хацець усё астатняе: жыць, ствараць, рабіць розныя праекты, думаць пра сябе, марыць…» — агучвае псіхолаг.

Яе падхоплівае калега.

«Жанчына не можа быць сэксуальнай, калі не любіць сябе. Гэта немагчыма апрыёры. Ты, як магніт, нешта прыцягваеш. Хворы заўсёды хварэе. Бедны прыцягвае беднасць, а чалавек, які сябе не любіць, мае ў выніку тое, што яго разбурае.

Уявіце, што ўнутры нас ёсць глякі. Мужчына надзелены такім, там зусім крыху крынічнай вады — на тое, каб існаваць, рабіць свае справы і проста жыць. А ў жанчыны сасуд пастаянна напаўняецца, як крыніца, і ад яго мы чэрпаем ваду-энергію. Галоўнае — навучыцца карыстацца гэтай крынічкай, калі там і лішак, і дэфіцыт. З дзяцінства нам многае забаранялі і засцерагалі ад розных рэчаў: нельга прызнавацца ў каханні, нельга нікому давяраць і гэтак далей. Нас хацелі засцерагчы ад небяспекі. Але ў выніку мы сваю крынічную вадзічку нікому не аддавалі, бераглі яе ўнутры, і наша вада тухла. Праз адсутнасць абмену энергіяй жанчыны становяцца бурклівымі і разважаюць падобным чынам: раз ты размаўляеш пра сэкс, ходзіш у кароткай спадніцы — значыць, прастытутка».

Крыніца: wikipedia.org.

Трэнеркі аб’яўляць простыя правілы навучання. Ходзім басанож. Усе з усімі на «ты». Нельга нікога павучаць і даваць парады кшталту: «Твой муж — казёл». Можна дзяліцца меркаваннямі. Калі нешта не падабаецца і выклікае дыскамфорт — казаць. Калі падабаецца — таксама. Усе думкі па-за межамі заняткаў можна 24 гадзіны на суткі трансляваць у агульны вайбер-чат.

Галоўнае, што трэба зразумець: ты — не ўнікальная. У кожнай жанчыны свае гісторыі і шлях, але праблемы, якія тармозяць развіццё, пераважна падобныя.

Усе сустрэчы будуць праходзіць у фармаце эксперыментаў: энергетычных, дыхальных, цялесных, танцавальных і сэксалагічных.

Сёння па плане праца з энергетыкай.

Крыніца: wikipedia.org.

Перш-наперш трэнеркі дзеляць групу на «сунічак» і «ружачак».

Першыя надзеленыя жаночай сэксуальнай энергіяй, якая круціцца вакол іх восі. Ружачкі ж адказваюць за мужчынскую: яны павінны свяціць прамым, моцным ліхтаром, рухацца прама, каб праз 5 хвілін танцаў аб’яднацца з «сунічкай», з якой будзе знойдзены поўны кантакт.

Я таксама танцую і разумею, як некамфортна быць «сунічкай, якой трэба круціцца і тут, і там, распырскваць сваю энергію па ўсіх кутках, «прадаваць» сябе, каб быць абранай ліхтаром «ружы». У нашым грамадстве прынята, што жанчыну, часцей за ўсё, абіраюць мужчыны. Але мне ў дадзеным выпадку куды больш камфортна быць «мужыком»-ружай, што выбірае сама, дзейнічае наўпрост і без танцаў вакол цела іншага.

«Калі ўявіць, што мы мастакі, то мужчынская энергія ў нас — гэта рука, гэта дзейсная крыніца. А жаночая энергія — гэта натхненне. Калі б у жанчын не было мужчынскай энергіі, то не было б карцін, а калі б не было жаночай, то карціны б ствараліся, але яны б былі прымітыўныя і ніколі не сталі б шэдэўрамі. У любым чалавеку ёсць абедзве энергіі, справа ў тым, наколькі яна гарманічна ўжываюцца», — Ганна тлумачыць, што нармальна адчуваць сябе «мужыком» у нейкіх рэчах, але калі гэта не прыносіць дыскамфорт. Акрамя гэтага, трэба разумець, што сэксуальная энергія мяняецца разам з намі: дарослая жанчына не падобная да сябе ў студэнцтве.

У невялікім перапынку дзяўчаты абмяркоўваюць нядаўні налёт на свінг-вечарыну ў Мінску. Адна з іх прызнаецца, што таксама збіралася яе наведаць.

— Як уяўлю, што я магла быць на тых фотаздымках, хаваць свой твар ад спецназу, саромецца нібыта чагосьці. Гэта жахліва. На мой погляд, дзяржава не павінна ўмешвацца ў такія інтымныя рэчы. У якім неразвітым грамадстве мы жывём, калі гэта зменіцца…

Навучанне працягваецца.

«Сэксуальнасць — гэта тое, што ў нас ёсць сёння. Але многія жанчыны думаюць, што стануць сэксуальнымі толькі калі пахудзеюць, зробяць трэці памер грудзей, павялічаць вусны, купяць сабе крутыя туфлі… Не. Вы можаце выглядаць на ўсё сто і нічога не хацець».

Крыніца: wikipedia.org.

Для наступнага эксперыменту прыходзіцца завязаць вочы. Трэнеркі ўключаюць энергічную музыку, нібыта створаную дзікімі плямёнамі. Яны прымушаюць адпусціць сябе, згадаць, калі мы здраджвалі свайму целу, і дазволіць сабе сёння рабіць усё, што раней не дазвалялася: лаяцца, скакаць, гучна выць, плакаць… Тут ніхто цябе не бачыць і можна быць сабой. Але выключыць мозг і быць свабоднай па загадзе атрымліваецца далёка не ва ўсіх. Я сярод іх ліку. Мы прызвычаіліся, што так ці інакш усе нашы дзеянні будуць неяк ацэненыя і пракаментаваныя грамадствам. Стаць свабодным па адным маху не атрымліваецца.

«Мы часта саромеемся свайго цела, паходжання, звычак. І хочам падавацца кімсьці яшчэ, нібыта лепшым, але такім чынам у выніку робім сабе толькі горш. Сёння ты граеш паслухмяную, правільную, модную, але ты — не яна. Праз нейкі час у цябе праявяцца твае сапраўдныя якасці, а твой партнёр убачыць, што ажаніўся не з той, абраў не тую. Ролі можна граць толькі ў ралявых гульнях, таму яны так і называюцца, больш нідзе», — Ганна тлумачыць, чаму важна заўсёды заставацца сабой.

Калі сэксолаг уключае больш спакойную музыку і просіць кранаць і мілаваць сябе па ўсіх частках цела, робіцца прасцей. Дзяўчаты вяртаюцца ў кола, каб абмеркаваць тое, што яны адчулі. Некаторыя з іх плачуць.

— На словах пра здраду свайму целу мяне нібыта перамкнула. Я сапраўды яму здраджвала, стала горка.

— Цяпер я расстаюся з хлопцам, у мяне цяжкі перыяд…

— Я мала сплю, бо баюся праспаць жыццё. І калі я чула ваш загад «дазвольце сабе рабіць тое, што хочацца», я падумала, што дам сабе нарэшце выспацца.

Больш за ўсё ўсіх зачапіла слова «здрада», калі мы здраджваем свайму целу, калі не любім яго, хочам змяніць. Кожны знаходзіць гэтым словам сваю інтэрпрэтацыю: для кагосьці гэта сэкс, якога не хацелася, для кагосьці — вечныя дыеты…

Ганна Макіявец сцвярджае, што пасля заканчэння курса дзяўчаты становяцца больш адкрытымі, жанчынамі, якія больш любяць сябе, кажуць пра свае жаданні, якія прымаюць сваё цела, адчуваюць у ім узбуджэнне: «Мы займаемся тым, што выглядае дзіка, але ў гэтым і сэнс. Толькі калі ты робіш нешта незразумелае, тады галава адключаецца, нарэшце няма кантролю, замест яго прыходзяць новыя адкрыцці».

Але калі і не, відавочна, што дзяўчаты знаходзяць тут сабе верных сябровак: ужо пасля першай сустрэчы многія разыходзяцца групамі і працягваюць абмяркоўваць новыя ўражанні. Сэксуальнасць нараджаецца ў жаночай супольнасці, і добра, калі для яе нараджэння нарэшце створацца патрэбныя ўмовы.

Мая Лінь, у якасці ілюстрацый выкарыстаныя карціны Густава Клімта

Каментары
pb82 / Адказаць 08.08.2018 / 12:00

хочацца людзям аддаць грошы - ну калі ласка, але, як па мне, пачуўшы пра энергіі і прочыя чакры, трэба пасылаць шарлатанаў у пень.

10
Зюзя / Адказаць 08.08.2018 / 12:37

Крыху ад секты, крыху ад вар'ятні. Модныя слоўцы пра невядомую ніводнаму фізіку рознаполую энэргію ў затлумленыя голавы. Асабліва мне спадабалася кабеціна, якая і сама не ведае, чаго туды прыйшла. Уся такая лёгкая, паветраная. Матылёк, а не чалавек.

11
Filifionka / Адказаць 08.08.2018 / 13:10

Вельмі прыбытковы бізнэс на экзыстэнцыйнай разгубленасьці. А лепей да псыхіятра - дыягназ паставіць, кроў здаць, пігулкі папіць. За тры-чатыры тыдні поўны парадак.

11
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура