Праект газеты
Густ Стваральніца «Мазгабойні»: Сучасны свет стаў падобны да мульціка «Валі». Пяць гадоў я працавала па 18 гадзін у суткі19

Хаця мы і папрасілі Кацю пабыць чарговай гераіняй нашай рубрыкі «Пяць рэчаў», яна прызналася, што з рэчамі ў яе адносіны ні разу не трапяткія. Кацярына Максімава з дзяцінства прывыкла, што сям’я часта пераязджала, і ўсе старыя рэчы заставаліся на старым месцы жыхарства.

«Так і вывела формулу трох рэчаў, якія неабходна, каб былі ў кожнага беларуса штодзень, штохвіліну: пашпарт, карта з грашыма і віза». Пашпарт, каб пасведчыць асобу, грошы і віза, каб у любы момант, нават калі выходзіш па хлеб, была магчымасць паехаць падарожнічаць. Таму што так хочацца: тут і зараз».

У прынцыпе, калі верыць Кацярыне, пасля сустрэчы яна магла лёгка купіць білеты на самалёт і паляцець у якуюсьці краіну. Таму і пяць рэчаў, якія прынесла яна на сустрэчу, — гэта рэчы, якія ў Каці заўсёды пад рукой.

Мабільны тэлефон: «Згубіць яго — большага жаху ўявіць страшна»

«Я неяк думала пра тое, якія рэчы могуць увайсці ва ўмоўны топ найвялікшых вынаходніцтваў чалавека. І смартфон, бясспрэчна, уваходзіць у гэты пералік».

Акрамя смартфона ў асабісты топ Каці ўвайшлі пасудамыйная машына, таксі, лазерная эпіляцыя («Чаму дзяўчаткам з дзіцячага садка не расказваюць пра яе?») і гарачая вада.

Дык вось да тэлефона…

«Гэта прадмет, які проста не выпускаецца з рук. Акрамя яго непасрэднай функцыі — размоў і паведамленняў, — у тэлефоне можна запланаваць справы, аплачваць усялякія паслугі, з ім не згубішся ні ў адной краіне свету».

У Кацярыны ў тэлефоне тры праграмы працуюць у рэжыме нон-стоп: месенджары, дадатак для сістэматызацыі працы «Trello» і літоўскае радыё.

Што было б, каб Кацярына згубіла тэлефон або ён раптам сапсаваўся?

«Гэта быў бы проста жудасны кашмар. Я не ўяўляю свайго жыцця без тэлефона. Неяк у мяне была сітуацыя, калі я забылася зарадзіць тэлефон. І стаю і думаю, што трэба пазваніць з майго ж тэлефона і папярэдзіць, што села батарэя. Я нават не адразу ўцяміла, як я гэта збіраюся рабіць з выключаным тэлефонам?»

Каця параўноўвае сучасны свет з мульцікам «Валі»: «Памятаеце, там усе хадзілі з экранамі перад вачыма, а калі ў кагосьці экран разбіваўся, той бачыў, што існуе свет. Я думаю, што тое самае адбываецца з сучасным грамадстве. Адбярыце ў нас тэлефоны — і мы ўбачым, што свет існуе. Пры гэтым я памятаю жыццё без тэлефона. Калі трэба было хадзіць на пошту, каб патэлефанаваць бабулі ў Крым, калі з сябрамі дакладна дамаўляліся сустрэцца на наступным тыдні ў 17.12».

Гадзіннік «Мазгабойня»

«Мазгабойню» я вельмі люблю. Яна — маё дзіця, якое я песціла пяць гадоў. Сапраўды, мы спачатку з ёй уставалі на ножкі, вучыліся гаварыць першыя словы, а калі «Мазгабойні» споўнілася пяць гадоў, я нарэшце аддала яе іншым людзям, быццам у школу. І цяпер уздыхнула свабодна.

І другая рэч, якую прынесла Каця, — гэта фірмовы гадзіннік з лагатыпам «Мазгабойні».

«Такіх гадзіннікаў выпушчана ўсяго 100 штук. Серыя прысвячалася пяцігадоваму юбілею гульні, які святкаваўся летась у красавіку. Гэта была грандыёзная падзея. Яны ёсць у заснавальнікаў праекта, у набліжаных асобаў і ў пары чалавек з каманд, якія выйгралі конкурсы, прысвечаныя юбілею гульні».

Адметнасць «мазгабойнага» гадзінніка ў тым, што ён аднастрэлачны.

«Гадзіннікі я вельмі люблю. Іх у мяне шмат. Яшчэ калі я хадзіла ў дзіцячы садок, мяне бабуля навучыла вызначаць час па механічным гадзінніку. І ўсе дзеці ў групе бегалі за мной і пыталіся, якая гэта цяпер гадзіна. І не верылі, што я разумею!»

Чырвоны блакнот

«Гэта адзіная рэч сувязі з аналагавым светам. Кнігі ў папяровым фармаце я не чытаю вельмі даўно. І гэта адзіная рэч не лічбавая. Туды прыходзяць розныя думкі, словы, вынікі сустрэч».

Каця лічыць: штодзённік — гэта найлепшы падарунак. Нават тым, хто рэдка ў іх піша.

«Я веру ў магію слова, у магію напісанага слова. Бо тое, што піша, абдумвае чалавек, нашмат адрозніваецца ад таго, што чалавек можа сказаць. Літаральна на мінулым тыдні я пісала ліст майму самаму важнаму, самаму дарагому ў свеце чалавеку. Калі я пісала, я плакала. Ліст быў доўгі, ліст удзячнасці за тое, што мы сустрэліся, пра планы на будучыню. Калі мы кажам, што мы кахаем, мы верым, а калі пра гэта яшчэ напісана, то гэта дакладна назаўсёды».

Гігіенічная памада

Заўсёды з сабой у сумцы Кацярыны гігіенічная бясколерная памада — сімвал таго, што ўся прыгажосць павінна быць натуральнай, што ўся яна ўнутры нас.

«Я лічу, што наша найлепшая версія сябе — гэта калі мы выходзім летам з душа. Калматыя, свежыя, загарэлыя, без касметыкі, калі нас не кранулася ніякае адзенне або ручнікі, вось калі вы выходзім і такія: «Ах».

Каця расказвае, што ніколі ў жыцці не фарбавала валасоў, ніколі не карысталася яркай дэкаратыўнай касметыкай.

Стужкавая камера

У Каці ёсць любімая маленькая плёначная камера Olympus. А з’явілася яна сярод улюбёных рэчаў тады, калі Кацярына стала забывацца, у якой краіне знаходзіцца.

«Пяць гадоў «Мазгабойні» я працавала па 18 гадзін у суткі. Проста штодзень, без выхадных, нешта пісала, выразала, клеіла, планавала. І каб не звар’яцець ад такога рытму жыцця, стала раз у паўтара месяца вандраваць. Дарэчы, завяла ў інстаграм старонку, у якой амаль няма падпісчыкаў, дзе фатаграфую тыя месцы, дзе цяпер знаходжуся. Бо часам мама пытае, дзе я, а я проста не памятаю. Я болей, чым за 3—4 дні ў адным горадзе не бываю. Цяпер жыву так: Мінск—Вільня—Масква—Пецярбург—Екацярынбург—Кіеў».

А гэта камера «прыляцела» Каці ў падарунак на 8 Сакавіка.

«Яна пастаянна са мной — у бардачку машыны ці ў сумцы. Шмат фатаграфую, але пакуль нікуды фоткі не выкладваю. Яны мне замяняюць «баранчыкаў» перад сном. Я гляджу свае здымкі, думаю, фантазірую, мару».

Бонус. Чорная сукенка як сімвал жаноцкасці

У гардэробе Кацярыны Максімавай 18 чорных сукенак, але толькі адна з іх стала для Кацярыны асаблівай.

«Зімой у нас з маім дарагім чалавекам быў цяжкі перыяд у адносінах. Мы нават думалі расставацца. І вось ён паклікаў мяне на спатканне, я апранула гэтую сукенку. І ўсё наладзілася. Так яна стала асаблівай».

Каця апранула сукенку і сказала: «Нічога яшчэ ў свеце не прыдумалі лепшага за чорную сукенку. Бо жанчына ў ёй трымае сябе. У сукенцы, тым больш чорнай, нельга разваліцца, як у цішотцы. Гэта грацыя, жаноцкасць, элегантнасць».

На развітанне, калі Каця хавала ў сумачку ўсе прынесеныя рэчы, яна задумалася і сказала: «Дзіўна, а ў мяне няма ніводнай рэчы-рэліквіі. Быў шаль прабабулі, але я яго згубіла. Так, напэўна, трэба было, каб за мной не цягнулася карма чатырох пакаленняў. Усе трэба рабіць нанова, спачатку, чыста і светла».

Наталля Тур, фота Волі Афіцэравай

Каментары
Блрс / Адказаць 29.07.2018 / 19:15

Раней было: згубіць гонар — большага жаху ўявіць страшна. А цяпер людзі баяцца згубіць тэлефон...

6
S / Адказаць 29.07.2018 / 19:30

Бесполезные мажоры, заводы стоят!

15
Вера / Адказаць 29.07.2018 / 19:51

Дзевачка, а дзеля чаго ты так жывеш? Тры дні тут, тры дні там... І што?! Працаваць па 18 гадзін дзеля хіпстарскай гулькі? Сур'ёзна называць гэта працай? Нуну

17
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура