Праект газеты
Дома Лёгкі РЭЦЭПТ незвычайнага хлеба з цукіні і пармезанам

Для мяне самыя праўдзівыя ўспаміны заўсёды звязаныя з пахамі. Некаторыя словы і падзеі мінулага наш мозг можа падмяніць, але вось пахі ўспрымаюцца намі на падсвядомым ўзроўні, і падмяніць іх не так лёгка. Адным з такіх пахаў, які адразу мяне пераносіць у дзяцінства, — гэта водар свежага хлеба. Адразу ўзгадваюцца паходы з бабуляй у краму «Гарачы хлеб», а таксама раніцы ў вёсцы маёй другой бабулі. На жаль, гарачы хлеб ужо рэдка трапляецца мне ў крамах, і таму часам я спрабую пячы хлеб сама.

Працэс выпякання хлеба — гэта магічная справа, якую варта паспрабаваць. І галоўнае, існуе такая вялікая колькасць рэцэптаў хлеба, што кожны знойдзе такі варыянт, які прыйдзецца яму даспадобы па смаку.

Некаторыя пужаюцца, што працэс можа займаць больш за дзень, але ніжэй вы знойдзеце рэцэпт хлеба, прыгатаванне якога не займае шмат часу. А яшчэ ў ім выкарыстоўваецца цукіні, што надае вельмі цікавы прысмак.

Нам спатрэбіцца:

  • 1 цукіні (прыкладна 200 г)
  • 1/4 ч. л. солі
  • 120 мл цёплай вады
  • 1 ст. л. сухіх дражджэй
  • 1 ст. л. солі
  • 1/4 ч. л. чорнага перцу
  • 1 яйка, пакаёвай тэмпературы
  • 380—450 г мукі

Для змазвання:

  • 1 яйка трохі ўзбітае з 1 ст. л. вады і дробкай солі
  • 2 ст. л. цёртага пармезану ці сушанае арэгана

Рэжам цукіні на кружкі, пасыпаем соллю і пакідаем на 15 хвілін. Прыбіраем залішнюю вільгаць папяровым ручніком. Робім з цукіні пюрэ.

Дрожджы дадаём у ваду і пакідаем хвілін на 10.

Змешваем пюрэ з вадой, дражджамі, яйкам, соллю і перцам. Дадаём 300 грам мукі і добра месім. Астатнюю муку дадаём патроху, колькі возьме цеста — яно павінна быць гладкім і амаль цалкам адставаць ад рук. Перакладаем цеста ў міску, якую змазалі алеем, і накрываем ручніком. Пакідаем цеста ў цёплым месцы на 1 гадзіну.

Цеста, што паднялося, абмінаем і дзелім на 3 часткі. Кожную частку раскатваем далонню ў жгут і робім пляцёнку.

Накрываем пляцёнку плёнкай і пакідаем яшчэ на 1 гадзіну (пляцёнка вырасце амаль у два разы).

Змазваем буханку сумессю яйка і вады, пасыпаем сырам. Выпякаем 30—35 хвілін пры 190 градусах на пергаменце ці на блясе, якую змазалі алеем. Смачна есці!

Вольга Чарнова, фота аўтаркі

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура