Дадатак для адсочвання менструальных цыклаў Flo, распрацаваны камандай Дзмітрыя Гурскага, выходзіць на першыя пазіцыі па колькасці ўстановак на платформах IOS і Android. Пра гэта паведамляе Дзмітрый Гурскі ў сваім фэйсбуку.
Паводле дадзеных App Annie у маі дадатак быў самым папулярным (па колькасці ўстановак) у раздзеле Health and Fitness платформы IOS у свеце, абагнаўшы Fitbit або MyFitnesPal. На Андроід у Flo — 4 месца ў свеце. Па колькасці ўстановак на платформах — трэцяе месца ў свеце.
«Думаю, даволі хутка Flo можа атрымаць першае месца на абедзвюх платформах», — упэўнены Гурскі.
Па памеры месячнай актыўнай аўдыторыі толькі адзін прадукт у свеце ў катэгорыі Health and Fitness апярэджвае Flo, але яму 8 гадоў (MyCalendar).
Flo — «першы жаночы каляндар месячных і авуляцыі, які выкарыстоўвае нейронныя сеткі». Па словах распрацоўшчыкаў, штучны інтэлект улічвае персанальныя характарыстыкі карыстальніка, выбудоўваючы прагнозы да 50 адсоткаў дакладней, чым традыцыйныя статыстычныя мадэлі.