Праект партала
Гісторыі
09.06.2018 / 12:31
Выпускніцы 60—90-х гадоў успамінаюць пра свае строі на школьным балі10

У гэтыя выходныя па ўсёй краіне праходзяць выпускныя вечары. Пакуль усе абмяркоўваюць, што модна ў гэтым сезоне і колькі гэта каштуе, мы запыталіся ў выпускніц мінулых гадоў, ці памятаюць яны сваю сукенку, у якой сустракалі першы дарослы світанак.

Людміла Яснікава, скончыла школу ў 1958 годзе:

«Мода тады была простая. Белыя сукенкі з паркалю, якія шылі нашы мамы». 

Марыя Пінчук, скончыла школу ў 1961 годзе:

«У школу хадзілі з хутара, у вёску Дварэц Брэсцкай вобласці. За 7 кіламетраў ад роднай хаты. Мая мама была выдатнай краўчыхай, таму на выпускны пашыла нам з сястрой (мы вучыліся ў адным класе) крэп-жаржэтавыя сукенкі па таліі. Іх называлі «таццянка». А спадніца была ў складачкі.

У мяне была блакітная сукенка ў дробныя кветачкі, у сястры — бэзавая. А фота справа зробленае ў 8-м класе, 1959 год. Я сяджу крайняя злева. На мне — штапельная сукенка. Дзяўчаты ў так званых «футболках». Модныя тады былі і шаравары пад сукенкамі. Футболка, сукенка і шаравары».

Галіна Кошалева, скончыла школу ў 1968 годзе:

«Школу я скончыла ў Саратаве. Памятаю нават, што на банкет здавалі па 15 рублёў. На стале былі салацікі, клубніцы ў кошыку, цукеркі «Мішка на поўначы», «Чырвоная Шапачка», «Касалапы мішка». Ну, і па кубку (менавіта па кубку) шампанскага кожнаму. Без дабаўкі. Пад раніцу мы пайшлі сустракаць світанак на Волгу. Да ракі ішлі, танцуючы модны тады танец шэйк. А што сказаць пра сукенку? Мы з усімі аднакласніцамі былі апранутыя аднолькава. У кароценькія белыя сукеначкі. Па модзе таго часу. Фота ў поўны рост, на жаль, няма. Затое па тым фотаздымку, што захаваўся, можна меркаваць пра модныя прычоскі на выпускны-1968».

Таццяна Кашурнікава, скончыла школу ў 1971 годзе:

«Калі я заканчвала школу, то такога паняцця, як модна-немодна не было. Модна тады лічылася — у каго што ёсць. У мяне была сукенка светла-крэмавага колеру, якую мама пашыла з тонкай воўны з устаўкамі з крэп-жаржэту, даўжынёй ледзь вышэй калена, каўнер — стойка, з доўгім рукавом. Я яшчэ апранала яе пару разоў, пасля аддала сваёй сястры. А на фота — 1971 год. У моднай сукенцы на «Навагоднім аганьку».

Ядвіга Сянько, выпускніца 1975 года:

«У год майго выпуску самымі моднымі былі сукенкі «ў падлогу». Маю шыла мама з блакітнага шоўку. Шкада, што фота чорна-белае. Але на сваім выпускным я выглядала так».

Ала Байкоўская, скончыла школу ў 1982 годзе:

«Сукенку на выпускны мне прыслала цётка з Калінінграда, яна была ў вялізныя сланечнікі. Але фота не захавалася, бо я ў той жа выпусны вечар парвала сваё ўбранне. А сукенку запомніла на ўсё жыццё, бо на раніцу маці, калі ўбачыла, што яна сапсаваная, адлупіла мяне кіпяцільнікам».

Ірына Калініна, выпускніца 1989 года:

«Мода ў той год была розная. Хтосьці абіраў класіку, а хтосьці аддаваў перавагу «хэві металу», кароткім стрыжкам, баявой расфарбоўцы і гэтак далей. Але дзяўчынкі з нашага класа абралі класічныя сукенкі. Мне вельмі пашанцавала ў тым, што мая родная сястра ў той час жыла ў Польшчы. Яна купіла для мяне шыкоўную сукенку колеру шампань, доўгую, са спадніцай «гадэ», глыбокім дэкальтэ, поясам і прыгожымі залацістымі паеткамі. Выглядала шыкоўна. А яшчэ была мода на сукенкі з рукавом «кажан». На фота якраз такая».

Марына Паповіч, выпускніца 2002 года:

«У верасні, калі я пайшла ў 11 клас, мая старэйшая сястра выходзіла замуж. Таму вырашылі купляць сукенку на два святы. Але за год мода змянілася і мне мая доўгая, сіняя, аксамітавая сукенка жудасна не падабалася. Але мама тады сказала: «Ой, ты і новую надзенеш адзін раз». Я пагадзілася».

 

У сям’і Ірыны Белановіч да гэтага часу захоўваюцца дзве сукенкі. Мамы, якая закончыла школу ў 1955 годзе. І самой Ірыны, выпускніцы-1994:

«Сукенку тады шылі з матэрыялу, які знайшлі. А вось туфлі ў шафе стаялі чатыры гады. Набытыя яны былі ў Польшчы. І абула я іх толькі на свой выпускны. А мама сваю сукенку шыла і вышывала сама».

Наталля Тур, фота на застаўцы Сяргея Гудзіліна

Каментары
Nala / Адказаць 09.06.2018 / 23:17

История про порванное платье-жесть.А еще говорят,что советские люди были особенные,с духовными ценностями.Но судя по историям и некоторым родителям моих подруг обычные мещане,вещи ставили выше даже собственных детей. Мне тоже мое платье не нравилось.До сих пор жалею,что поддалась на уговоры мамы и тетушек и пошла в дурацком платье(

3
Алег / Адказаць 10.06.2018 / 13:21

Дзякуй Богу, што я жыву ў гэты час. Майму бацьку таксама не пашанцавала: яго выпускны касьцюм згарэў, бо ад ночы да раніцы вісеў на хляву, у які патрапіла маланка. Засталіся толькі металёвыя плечыкі. А касьцюм быў белы...

0
хамса / Адказаць 10.06.2018 / 19:54

'вещи ставили выше даже собственных детей' маці купіла мне (мне?)) прыгожую сукенкіу адстаяўшы чаргу (я потым бачыла гэтыя сукенкі на іншых дзяўчынках.. але ўсё адно гэта была сукенка прынцэсы).. і яна не давала мне яе насіць - яна проста ляжала ў шафе.. я разумела канечне, што яна не на кожны дзень, але калі з сяброўкай сабраліся ў парк Чалюскінцаў, я запытала ў маці ці можна мне апрануць тую сукенку? яна адмовіла.. гэта зразумець немагчыма.. для чаго купляла тады? дзеці ж растуць.. і праз два гады яна была ўжо малая мне.. а я апранала яе.. дакладней маці апранула мяне ў яе толькі раз - каб пахваліцца перад сваякамі

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура