Праект партала
Навокал
09.05.2018 / 11:14
«Ён даў мне мокры ручнік, каб я накрыла галаву і твар». Як Максім Мірны з жонкай выратаваліся на пажары4

Гісторыя з жыцця легендарнага беларускага тэнісіста, пра якую вы наўрад ці чулі.

У Instagram жонка Максіма Мірнага Ксенія распавяла пра тое, як яны выжылі падчас пажару ў адным з гатэляў Рыма ў 2004 годзе. На шчасце, трагедыі ўдалося пазбегнуць дзякуючы ўпэўненым дзеянням тэнісіста.

«1 мая 2004 года стаў для мяне і Макса днём нашага агульнага нараджэння. Ужо 14 гадоў прайшло, а я ўсё памятаю, як быццам гэта было ўчора. Пажар у прэстыжным гатэлі Парка дэй Прынчыпе забраў тады жыццё 3 чалавек.

Глыбокай ноччу мяне пабудзілі дзіўныя гукі за сцяной, я падышла да дзвярэй, паглядзела ў вочка і жахнулася — там быў агонь. Вярнуўшыся назад у пакой з крыкамі: «Макс, там нешта гарыць!».. я з цяжкасцю разварушыла яго, пад раніцу сон такі глыбокі, але магчыма, гэта дым ужо рабіў сваю цёмную справу … Макс паспрабаваў патэлефанаваць на рэцэпшн, але сувязі ўжо не было.

«Нам трэба бегчы ўніз», — спакойна сказаў ён мне, намачыў халат і даў мне мокры ручнік, каб я накрыла галаву і твар … Я стала маліць яго не рабіць гэтага, не ўяўляючы, куды нам трэба бегчы: «Пойдзем на балкон, там хутка прыедуць пажарнікі і здымуць нас адтуль… » Але яны прыехалі толькі праз некалькі гадзін.

Згарэў увесь 3 паверх, на якім наш пакой быў апошні па калідоры, а ачаг узгарання — праз адзін пакой ад нашага. Адзіны шанец для нас выратавацца быў палаючы калідор да лесвіцы, які трэба было хутка прабегчы. І мы гэта зрабілі разам. А праз некалькі хвілін з жахам глядзелі з вуліцы, як палае ў агні наш пакой.

Шчыра кажучы, я думала, што пасля ўсёй гэтай гісторыі мы першым жа рэйсам вернемся назад у Менск, але Макс, насуперак маім чаканням, толькі папрасіў тату выслаць яму ракеткі і форму і ўжо праз дзень гуляў … і дарэчы, выйграў тады гэты рымскі турнір у пары з Махешам Бхупаці.

P.S. Напярэдадні вечарам, вяртаючыся з вячэры ў гасцініцу, мы доўга шпацыравалі, размаўлялі пра каханне, марылі пра будучыню і дзякавалі Богу за тое, што знайшлі нарэшце адзін аднаго і шчаслівыя …. Цяпер мне здаецца, што такое жаданне жыць і падзяка таму, што мы мелі, выратавала нам тады жыццё … »

Tribuna.com

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура