Праект партала
Дома
25.04.2018 / 16:13
Рэцэпты з ядомых дзікаросаў — даўншыфтары дзеляцца любімымі стравамі з крапівы, дзьмухаўцоў, сніткі ды іншых дзікіх раслінаў8

Незвычайныя рэцэпты для сайта downshifter.by сабрала Аўгіня Манцэвіч.

Вясна ўжо трывала стаіць на нагах — на дрэвах з'явіліся пупышкі, а дзе-нідзе і зацвілі. А з зямлі пачала паказвацца доўгачаканая зялёная трава. Гарадскі жыхар ужо і забыў, што многія дзікаросы можна ўжываць у ежу. Але сапраўдны вясковец мусіць ведаць, якую расліну сарваць і што з яе прыгатаваць.

DownShifter.by вырашыў разабрацца, якія расліны можна есці і як іх прыгатаваць. Для гэтага мы сабралі некалькі рэцэптаў страваў з дзікаросаў ад даўншыфтараў нашай краіны.

Дзякуючы досведу нашых продкаў, сёння мы ведаем, што можам пэўным чынам прыгатаваць самыя розныя расліны. У лопуху можна з'есці літаральна ўсё — ад каранёў да насення. З каранёў дзьмухаўца і цыкорыя робяць напоі, падобныя на каву. Вельмі смачным атрымліваецца варэнне з дзьмухаўцоў, маладых яловых шышак, чорнай бузіны. Цікавы на смак суп з кісліцы. У ежу можна ўжываць адвараныя клубні лапчаткі гусінай і стрэлкаліста, мякіш аера. Выпякаюць з перамолатага карэння жоўтага і белага гарлачыка ды жалудоў. У інтэрнэце можна знайсці самыя розныя рэцэпты. А вось тыя, што сабралі мы. 

Насця Дабравольская з Казіміраўкі

Смажаны хмель

Адварваем малады хмель у салёнай вадзе, ваду зліваем. Адвараны хмель кідаем на патэльню з алеем гхі ці сметанковым маслам і трошкі падсмажваем. Гатова!

Хмель

Суп з крапівой, зоркаўкай ды іншымі дзікаросамі

Калі вада ў рондалі закіпела, кінуць туды нарэзаную бульбу, цыбулю, нацёртую моркву. Можна дадаць свежую капусту і бурак. Крапіву парэзаць. Можна не абдаваць яе кіпнем ад пякучасці, а адразу дадаваць у суп, каб туды патрапіла як мага больш вітамінаў. Туды ж можна парэзаць шчаўе і зоркаўку (выдатную крыніцу жалеза) і лебяду (выдатную крыніцу бялка), пятрушку, кроп. У канцы можна дадаць вараныя яйкі ці панір. Запраўляць смятанай.

Зоркаўка 

Зміцер Янкоў з Чырвонага Кастрычніка

Крапіўны квас

У трохлітровы слоік засыпаць сталовую лыжку цукру. На дно выкласці слой маладога лісця крапівы таўшчынёю 5 см. Паставіць у прахалоднае месца на пару-тройку дзён. Калі стане мутны, як кісель, працадзіць. І можна піць.

Крапіва

Смажаны хвошч

Збіраць хвошч трэба маладым, калі ён толькі пусціў свае атожылкі-песцікі, — тады не будзе гарчыць. Аблупіць хвошч ад чорнага шалупіння і галовак-порхавак. Справа даволі марудная, але вартая таго. Затым смажыць на алеі, пасаліць па смаку. Атрымліваецца афігенна.

Хвошч

Алеся Каржова, Малое Запруддзе

Канапкі з тушанай лебядой

Назбіраць шмат маладой лебяды. Тушыць разам з цыбуляй і морквай. У канцы дадаць крыху адыгейскага сыру кавалкамі і таматны соус. Намазваць на хлеб. Мусіць атрымацца хіт сезону.

Лебяда

Салат са сніткай

Вясною снітка з'яўляецца адной з першых, таму, каб узбагаціць свой рацыён вітамінамі, можна дадаваць яе ў любыя стравы — супы, зажаркі, салаты. Салат можна прыгатаваць, напрыклад, такі. Назбіраць маладой сніткі, парэзаць, дадаць нашынкаванай капусты, памідораў і часныку. Пасаліць па смаку. Есці, запраўленым алеем ці смятанай.

Снітка

Аўгіня Манцэвіч, Лохаўшчына

Салат з дзьмухаўцоў

Самыя першыя лісты дзьмухаўцоў можна ўжываць без адмысловай апрацоўкі — яны не гарчаць. Проста прамыць, парэзаць, дадаць пер'е цыбулі, кроп, пятрушку. Па жаданні можна дадаць варанае яйка. Пасаліць. Калі збіраць дзьмухаўцы не ў самую ранюю вясну, іх трэба на 15-20 хвілін замачыць у халоднай падсоленай вадзе ад горычы. Затым салат гатуецца так жа. Запраўляць можна алеем ці смятанай. Такі салат, дарэчы, папулярны ў Францыі. Там яго запраўляюць толькі алеем.

Дзьмухаўцы

Суп са шчаўя

Суп з шчаўя, альбо проста шчаўе, можна прыгатаваць як халодным, так і гарачым. Каб прыгатаваць халаднік, трэба закіпяціць ваду, дадаць шчаўя, паварыць 3-5 хвілінаў, дадаць пер'е цыбулі, парэзанае варанае яйка. Пасаліць па смаку. Падаваць з смятанай.

Гарачы варыянт шчаўя гатуецца на булёне з бульбай і цыбулінай. Затым у булён дадаць шчаўе, парэзанае варанае яйка, кроп, пятрушку. Да гарачага супу таксама пасуе смятана.

Шчаўе 

Юля Лісіца, Лоск

Блінцы з канюшынай

Любыя дзікаросы дзеля бяспекі лепш абдаваць кіпнем, каб знішчыць усе хваробы, якія пераносяцца з мачой дзікіх жывёлаў. Суквецці белай і ружовай канюшыны варта збіраць маладымі, не сапсаванымі насякомымі. Трэба каля 100-150 суквеццяў. Заліць іх гарачай вадой і даць настаяцца 3 хвіліны. Для цеста спатрэбяцца 5 ст.л. пшанічнай мукі, 2 ст.л. жытняй мукі, 1 ст.л. спецый ды гародніны, напрыклад, асфетыда, парашок гарчыцы, чорны перац ды хмелі-сунэлі, крыху солі. Усё гэта змяшаць, дадаць лыжку алею, 150-200 мл. халоднай вады. Перамяшаць да густой кансістэнцыі і пакінуць у прахалодным месцы на 5-10 хвілінаў. Затым зліць ваду з канюшыны, дадаць у цеста, асцярожна перамяшаць, каб захаваць цэлыя кветкі. Зфармаваць блінцы і смажыць на маленькім агні 5-7 хвілінаў з кожнага боку. У канцы можна ўпрыгожыць папярэдне вымачанымі грэцкімі арэхамі.

Увогуле, спалучэнні дзікіх траваў з звыклымі для нас прадуктамі часта даюць неспадзявана круты вынік. Так што можна эксперыментаваць з любымі падлівамі і стравамі.

Канюшына 

Таццяна Сіняўская, Падбярэззе

Смузі з крапівы і аксамітак

Для смузі спатрэбяцца крапіва, яблык, лімон. Усё перамяшаць у блэндары. Для аздаблення дадаць аксаміткі і мяту. Мусіць атрымацца ў выглядзе пюрэ. Але калі дадаць вады — будзе як кактэль.

Аксаміткі

Гарбузовыя суквецці ў цесце з лофантам

Лофант і гарбузовыя суквецці, калі яны яшчэ ў бутонах, трэба нарыхтоўваць у час сухога надвор'я. Затым прамыць і прасушыць. Для цеста спатрэбяцца 100г. мукі, адно яйка, плошачка мёду, жменька кунжутнага насення. Гатаванне кляра: яйка ўзбіць з мукой, дадаўшы 50-100г вады, можна трохі пасаліць. Пакласці суквецці ў кляр, даць некалькі хвілін для насычэння. Выкласці на гарачую патэльню і абсмажыць літаральна некалькі хвілін. Абсыпаць кунжутам ды дробненькімі лофантавымі пялёсткамі. Дадаць мёду колькі каму да спадобы.

У зборы дзікаросаў важна прытрымлівацца тых жа правілаў, што і пры зборы грыбоў: не ўпэўнены — не бяры. І хоць у нашых шыротах у ежу можна ўжываць фактычна амаль любую расліну, ёсць і вельмі небяспечныя экзэмпляры. Напрыклад, асабліва ўважліва трэба ставіцца да парасонавых — снітку лёгка пераблытаць з атрутнай цыкутай, кантакт з якой амаль стоадстокава прыводзіць да смерці. У Беларусі, на жаль, здараліся такія выпадкі. Лепш за ўсё збіраць дзікаросы на вядомых вам палянках, дзе вы ў іх упэўненыя. Акрамя таго важна памятаць, што амаль у любой расліны ёсць супрацьпаказанні. Так што неабходна праверыць іх перад ужываннем.

Карыстайцеся дарамі прыроды з розумам. І смачна есці!

downshifter.by

Каментары
Хуткая / Адказаць 25.04.2018 / 16:50

Увага, крапіва пры ўжыванні рэгулярным падвышае згусальнасць крыві. Адначасовы прыём кантрацэптываў павялічвае небяспеку ўтварэння тромбаў.

2
Žvir / Адказаць 25.04.2018 / 17:24

Samaja karysnaja strava tut: salat z snitki. Toļki nie ūzdumajcie zasiejac harod toj snitkaj, bo potym zastreliciesia jaje karčavac`...:))

1
Scooter / Адказаць 25.04.2018 / 19:56

З усіх пералічаных дзікаросаў лепш рабіць зялёныя кактэлі ў блэндары разам з вадой, бананам, яблыкам, ягадамі і інш. садавіной. Вядома, толькі ў сырым выглядзе без усялякай тэрмаапрацоўкі. Толькі кожны дзень пажадана мяняць зяленіва, каб у арганізме ні назапашваліся "атрутныя" рэчывы ад аднаго і таго ж тыпу травы.

3
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура