Праект партала
Рост
22.04.2018 / 21:00
Як навучыцца казаць «не» і абараняць свае межы на працы і ў прыватным жыцці — ПАМЯТКА

Калі вы сутыкаліся з тым, што не можаце адмовіць калегам, сваякам ці добрым знаёмым і выконваеце іх просьбы не па ўласным жаданні, а праз пачуццё віны ці страху, то вам трэба папрацаваць над развіццём асертыўнасці (здольнасцю адстойваць свае правы, інтарэсы і межы).

Разам з кансультанткай Агульнанацыянальнай лініі для пацярпелых ад хатняга гвалту Міжнароднага грамадскага аб'яднання «Гендарныя перспектывы» Наталляй Бублей і псіхалагіняй, HR-кансультанткай Таццянай Пуцяцінай, якія правялі трэнінг на базе ECLAB, разбіраемся, з чаго трэба пачаць.

Ілюстрацыйнае фотa. Крыніца passion.ru.

Аддзяляйце ваш выбар ад адносін з іншымі

Маючы на руках постсавецкую спадчыну, дзе ўсё рабілася разам, людзі часта жылі ў цесных, камунальных кватэрах, мы атрымалі поўнае размыццё асабістых межаў. Гэта праяўляецца, напрыклад, у звычцы павучаць іншых, як ім трэба жыць (каб нармальна і нарэшце ўжо пасталець). Ці нават у такой банальнай сітуацыі з дзяцінства: калі бацькам дазволена ў любы момант зайсці ў пакой дзіцяці, не пастукаўшыся, бо «якія ў яго ад мяне могуць быць сакрэты?». Але ж справа не ў таямніцах, а ў разуменні: ёсць агульная тэрыторыя, а ёсць мой пакой, мае справы, маё цела і гэтак далей. Ва ўспрыманні іншага чалавека як асобы.

Акрамя гэтага, ва ўсіх, хто знаходзіцца ў хрысціянскай прасторы, вельмі развітае пачуццё віны за многія дзеянні. Чамусьці лічыцца: калі мы з чалавекам у добрых адносінах, мы не можам яму адмовіць. Насамрэч, тут блытаюцца паняцці: адхіліць нейкі запыт не ёсць адхіліць чалавека.

Псіхолаг Маршал Розенберг у сваёй кнізе «Мова жыцця. Негвалтоўная камунікацыя» разбірае тры стадыі эмацыянальнай адказнасці:

  • Эмацыянальнае рабства (калі мы пагаджаемся на просьбу выключна праз пачуццё віны ці страху);
  • Выклік (задавальняем свае патрэбнасці і не бяром у разлік пачуцці іншых людзей);
  • Эмацыянальная свабода (адгукаемся, таму што самі таго хочам).

Зразумела, што ўсе мы павінны імкнуцца менавіта да эмацыянальнай свабоды. Разбяром на прыкладзе з просьбай маці дапамагчы ёй з агародам на лецішчы. Нездарова будзе, калі вы паедзеце туды без уласнага жадання, толькі таму, што баяліся пакрыўдзіць маці, якая, у выпадку адмовы, будзе лічыць вас няўдзячным нашчадкам. Няправільны таксама адваротны радыкалізм: абстрагавацца ад праблем бацькоў, проста кідаючы ім выклік (не хачу, не буду, гэта вам патрэбна і гэтак далей). Пазітыўна самому захацець дапамагчы маці, таму што вы ёй спачуваеце і любіце. Вам, можа, і пляваць на бульбу, якую трэба пасадзіць, але не пляваць на матулю.

Адкрыта заяўляйце пра свае патрэбы

Здавалася б, гэта вельмі проста. Але, як згадвалася вышэй, многае залежыць ад выхавання і асяроддзя, у якім гадаваўся чалавек. Ад залежнасці ад пэўных абставін (напрыклад, фінансавая залежнасць ад мужа ці начальніка). Так, найбольшыя праблемы з асертыўнасцю могуць быць у дзяўчат, якіх з дзяцінства вучаць быць пакорлівымі і падатлівымі. Адстойваць свае правы і праяўляць агрэсію праз несправядлівасць дазволена мужчынам. Калі так робіць дзяўчына, то яна адразу становіцца «бабай з яйкамі».

У выніку, у тым ліку па прычынах маўчання, мы маем і сітуацыю з няроўнай аплатай працы для мужчын і жанчын, з дамаганнямі і дыскрымінацыяй маці з малымі дзецьмі. Некаторыя жанчыны папросту баяцца прэтэндаваць на высокія пасады і патрабаваць павышэнне заробку, бо прывыклі быць «паслухмянымі і ціхімі», «за мужчынам».

І гэта не голыя выказванні. Так, прадстаўніца арганізацыі «Гендарныя перспектывы» Наталля Бублей дзеліцца наступнымі даследаваннямі.

У 2015 годзе сярэдні заробак беларускай жанчыны па краіне склаў 76,2 % ад заробку мужчыны. Нават у сферы аховы здароўя і адукацыі, дзе традыцыйна працуе больш жанчын, колькасць тых, хто займае кіруючыя пасады, вельмі малая: 4,6% і 7,3% адпаведна. На жаль, да гэтага часу ў галаве ў многіх менавіта мужчына-начальнік чамусьці выглядае большым прафесіяналам.

У межах кампаніі «Падлога не столь» на скрыню арганізацыі прыходзілі вельмі розныя гісторыі дыскрымінацыі як ад жанчын, так і мужчын. І вельмі малы працэнт з іх паспрабавалі неяк змяніць сітуацыю, пазмагацца за свае правы.

Як заяўляць пра свае патрэбы правільна?

Той жа Маршал Розенберг раіць карыстацца схемай негвалтоўнай камунікацыі, якая прадугледжвае чатыры кампаненты: назіранне за сітуацыяй без эмоцый, пачуцці, патрэбнасці і просьба.

Так, напрыклад, вы лічыце, што дастойны, каб ваш заробак павысілі. Падрыхтуйце прэзентацыю, якая пакажа, якую карысць вы прынеслі кампаніі. Прадэманструйце яе начальніку, патлумачыўшы, чаму вы хочаце большага, падзяліцеся пачуццямі наконт сітуацыі, што склалася, і проста выкажыце сваё патрабаванне.

Дык навошта развіваць асертыўнасць? Давайце падсумуем

Для таго, каб вы былі не ахвярай у адносінах і на працы, а сталі сапраўдным гаспадаром свайго жыцця. Каб не бралі дадатковую працу на выходныя толькі таму, што так хоча начальнік ці ваш добры знаёмы. Каб не баяліся прасіць пра павышенне (калі вы сапраўды яго заслугоўваеце). Каб тлумачылі партнёру, што хатнія абавязкі для дваіх, а не аднаго і гэтак далей.

Мая Лінь

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура