Праект газеты
Тонус Алена распавядае, як прыгожая бялізна дапамагла ёй перажыць наступствы анкалогіі6

У Беларусі штогод рэгіструюць больш за чатыры тысячы выпадкаў захворванняў на рак малочнай залозы. Кожны дзень 12 беларускіх жанчын даведваюцца, што ў іх рак грудзей… Шэсць год таму віцяблянцы Алене Фаміной таксама паставілі дыягназ, які баіцца пачуць кожны чалавек: анкалогія. 

Дакладней, не, не так. Яна сама, паколькі была ўдзельніцай праекта па прафілактыцы рака малочнай залозы, змагла вынайсці ў сябе хваробу на ранняй стадыі. Дзякуючы гэтаму, яна «абышлася» выдаленнем адной цыцкі і змагла спыніць далейшае з’яданне сябе хваробай.

Алена Фаміна.

Але аперацыя і спыненне распаўсюджання ракавых клетак у целе — гэта толькі частковае рашэнне праблемы. Далей трэба было паспрабаваць вярнуць жыццё ў ранейшае рэчышча. І адной з галоўных побытавых цяжкасцяў стала адсутнасць у яе горадзе нармальнай бялізны для жанчын, якія прайшлі праз мастэктамію.

Расказваем пра рэчы, з якімі ёй прыйшлося сутыкнуцца, і тлумачым, што з сябе ўяўляе спецыяльная бялізна для анкапацыентак, а таксама чаму нават для здаровых жанчын няправільна падабраны станік можа стаць праблемай.

Алена згадвае:

— Памятаю час пасля аперацыі. Я ляжала ў палаце з іншымі жанчынамі, і мала таго, што мне было складана самой, дык прыходзілася бачыць і чуць іх псіхозы. У многіх была істэрыка: яны баяліся, што іх такіх, без грудзей, кінуць мужы. У мяне мужа не было, але я не разумела іх думак: ну, калі кіне з такой прычыны, навошта табе гэты чалавек? У мяне ёсць сын, і думкі пра яго не давалі мне расслабляцца.

Да аперацыі я вучылася ў ЕГУ на менаджарку па турызме. Прыйшлося тэрмінова дамовіцца з выкладчыкамі, каб раней здаць сесію і сысці на лячэнне (скончыла ўніверсітет я зусім нядаўна: у 53 гады, цяпер мне 56).

На той момант у горадзе зусім не было выбару бялізны для такіх, як я. Адзіная на ўвесь Віцебск артапедычная майстэрня прапаноўвала пратэзы. З бялізны — адна мадэль. Хочаш, не хочаш — бяры.

Я ведала, што жанчынам пасля мастэктаміі пажадана насіць вельмі простыя станікі: найлепш баваўняныя, з мінімумам сінтэтыкі (асабліва гэта тычыцца тых месцаў, якія судакранаюцца з надрэзамі). Станік павінен мець унутры спецыяльную кішэню з невялікай адтулінай збоку: каб укладаць туды пратэз. Быць высокім, каб закрываць усю зону дэкальтэ і добра падтрымліваць грудзі, з шырокімі шлейкамі. Натуральна, ніякіх костак і паралону.

У прынцыпе, першы час пасля аперацыі можна зусім жыць без пратэзаў, але большасць жанчын так не можа — камплексуе. Тыя, хто не маюць грошай на пратэз, часам падкладаюць мяшочкі з насеннем лёну.

Спачатку мне прыйшлося карыстацца той нязручнай і непрыгожай бялізнай, якую я знайшла ў Віцебску: памятаю, станік быў пашыты так, што пратэз мог вываліцца ў любую хвіліну. У ім нельга было рабіць рэзкіх рухаў рукамі. Калі танчыць, то вельмі акуратна.

І якім жа шчасцем для мяне стала магчымасць з'ездзіць з калегамі ў Польшчу: там ужо шмат год існуе мноства спецыяльных крам. У адной з іх на ўсе грошы, што я мела (каля 250 еўра), купіла тры бюстгальтары (чорны, белы і бэжавы), купальнік і два пратэзы: адзін для штодзённай носкі, другі — для плавання. Усё гэта — нямецкай фірмы «Amoena Breast Forms». У гэтых рэчах можна рабіць што хочаш — ніхто і не падумае, што ў цябе няма адной цыцкі.

Якой жа прыгожай я сябе тады, нарэшце, адчула! І зноўку жаданай.

Пагадзіцеся, любая жанчына, калі набывае прыгожую бялізну, адчувае сябе куды больш упэўнена. Што ўжо казаць пра тых, хто перажыў выдаленне малочнай залозы…

Тую нямецкую бялізну я нашу да гэтага часу. Усё ж задавальненне гэта не таннае, а я ўжо на пенсіі, часам падпрацоўваю, даводзіцца эканоміць. З іншага боку, тыя рэчы і сёння не згубілі сваіх якасцей, таму няма патрэбы набываць нешта яшчэ.

Мае сяброўкі сёння набываюць пратэзы ў віцебскім філіяле Беларускага пратэзна-артапедычнага аднаўленчага цэнтра і пасля самі прышываюць кішэнькі ўнутр станіка. Гэта таксама нядрэнны варыянт. Але галоўнае, каб вы ў прынцыпе не скупіліся на ўсё тое, што дапамагае вам адчуваць сябе прыгожымі. Перажыць выдаленне малочнай залозы псіхалагічна вельмі цяжка, а добрыя, камфортныя рэчы, на мой погляд, уздымаюць баявы настрой.

Ёсць яшчэ праблема з адзеннем для дома. За рэабілітацыйны час пасля хваробы мне ўдалося знайсці толькі дзве піжамы і адну туніку, у якіх я адчуваю сябе больш-менш камфортна, калі здымаю пратэз. Хадзіць цэлы дзень з пратэзам вельмі цяжка. Калі я вяртаюся дадому, хочацца яго зняць і адпачываць. Таму было б выдатна, каб у нас прадавалі спецыяльныя мадэлі хатніх касцюмаў: свабодныя, з напускам ў вобласці грудзей. Каб у нас у розных гарадах працавала больш крамаў, дзе можна было б купіць адразу і іх, і парыкі, і спецыяльную бялізну. Каб беларускі менш займаліся пошукамі патрэбных рэчаў, а больш думалі пра сваю псіхалагічную гармонію і аднаўленне пасле аперацыі.

Што ўяўляе сабой спецыяльная бялізна для жанчын пасля мастэктаміі?

Расказвае мамолаг Алена Майсеня:

Алена Майсеня, мамолаг, анколаг медыцынскага цэнтра «Ладэ».

— Пасляаперацыйная бялізна існуе двух відаў:

  • падтрымліваючая: прызначаецца адразу пасля хірургічнага ўмяшання,
  • карэктуючая: мае эстэтычную функцыю.

Падтрымліваючая выкарыстоўваецца пасля мамапластыкі, яна носіцца пастаянна каля месяца з некалькімі мэтамі. Па-першае, каб шчыльна фіксаваць тканкі і такім чынам прадухіляць разыходжанне пасляаперацыйных швоў, расцягванне і пашырэнне пасляаперацыйных рубцоў. А па-другое, каб выключыць міграцыю імплантантаў: бялізна не дае ім зрушыцца, спрыяе правільнай і хуткай фіксацыі.

Карэктуючыя станікі маюць спецыяльную кішэню, у якой фіксуецца пратэз. Такая бялізна павінна быць выраблена з экалагічных матэрыялаў, якія пры працяглым кантакце са скурай не будуць выклікаць раздражненне і алергічныя рэакцыі. Станік мусіць шчыльна прылягаць да цела, каб пратэзы падчас актыўных дзеянняў не зрушваліся з месца. Калі ў жанчын падчас нашэння ўзнікае дыскамфорт, значыць бялізну падабралі няправільна.

Бялізна з інтэрнэт-крамы valento.by, якая сёння з'яўляецца адным з найбуйнейшых прадаўцоў станікаў і пратэзаў для жанчын пасля мастэктаміі.

Сам пратэз, часцей за ўсё, мае форму кроплі і можа быць выраблены з тэкстылю або сілікону. Экзапратэзы з сіліконавым напаўняльнікам можна выкарыстоўваць не раней чым праз 2-3 месяцы пасля правядзення мастэктаміі.

Станік і пратэз да яго. Прыклад бялізны з valento.by.

Нашэнне правільна падабранай бялізны дазволіць не адчуваць ніякага дыскамфорту, выключыць праблемы з пазваночнікам, паколькі нагрузка на яго будзе размяркоўвацца раўнамерна. Разам з гэтым спецыяльныя карэктуючыя станікі і кампрэсійныя бандажы зніжаюць рызыку развіцця лімфастаза.

І да ўвагі здаровых жанчын! Ёсць даследаванні, згодна з якімі жанчыны, якія насілі станік 24 гадзіны ў суткі, пакутавалі на рак малочнай залозы ў некалькі разоў часцей, чым тыя, хто рабілі гэта менш за 12 гадзін. Прынамсі, спаць у ім дакладна не варта.

Памятайце, што галоўная функцыя станіка — падтрымаць грудзі. Ён не павінен нічога сціскаць, выклікаць непрыемных адчуванняў, перашкаджаць кровазвароту, адтоку лімфы.

Чытайце таксама:

Гэтыя чатыры абследаванні трэба абавязаць жанчын рабіць штогод — грудзі самі за сябе не паклапоцяцца

З’явіўся мабільны дадатак — дапаможнік для хворых на рак малочнай залозы

Кацярына Карпіцкая

Каментары
Алена2 / Адказаць 28.02.2018 / 16:32

Нават не ведала, што існуе бялізна для анкахворых спецыяльная. Прыкоол

14
Ждун / Адказаць 28.02.2018 / 16:33

Мужная жанчына! Ганаруся!

0
Ніна / Адказаць 28.02.2018 / 19:39

Алена сама актыўная удзельніца кампаніі "Разам супраць рака малочнай залозы", натхняе жанчын сваім прыкладам. Рада, што сябрую з ёй.

1
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура