Праект партала
Тонус
08.02.2018 / 11:39
Як правільна хварэць: парады тэрапеўта7

Расказвае Алена Гнілякевіч, тэрапеўт медыцынскага цэнтра «Ладэ».

— Два месяцы зімы прайшлі, а эпідэміі грыпу пакуль не было. Ужо і не будзе ці яшчэ чакаць?

— Штогод грып бывае. Але колькасць захварэлых залежыць ад імунітэту людзей. Пакуль не так шмат хварэла. Але маразы сышлі, цяпер усё будзе таяць і цячы — будзе ўсплеск захворванняў. Так заўсёды. Лепш маразы, тады прастуд менш.

— І што рабіць? Прышчэпкі?

— Увогуле, ці захварэе чалавек, залежыць ад стану арганізма і імунітэту. Але звычайна людзі, якія ведаюць, што ў іх слабы імунітэт, берагуць сябе.

Калі чалавек стомлены, імунітэт таксама паніжаецца. Але прышчэпкай тут не дапаможаш, бо прышчэпкі трэба рабіць загадзя. Імунітэт выпрацоўваецца тры тыдні пасля прышчэпкі, і калі вы яе зробіце тады, калі ўсе вакол пачнуць хварэць, то гэта позна, прышчэпка не паспее вам дапамагчы.

— Але калі захварэў?

— Чалавек звычайна ведае, што з ім адбываецца і як працякае хвароба. Калі ўсё як звычайна, то тры дні варта паляжаць дома. Пасля калі усё добра, то добра. Калі захавалася слабасць, стомленасць, сімптомы хваробы — да доктара. Калі адчуваецце сябе горш — да доктара адразу.

Калі захварэў, то трэба ляжаць у ложку. Не забывацца праветрываць памяшканне. Ніякай працы і кантактаў з калегамі. Бо вы не сабе зробіце горш, а ім — проста заразіце ўвесь офіс, калі вырашыце, што хвароба не перашкода для працы.

Таму лепш паляжыце дома. Гэта выратуе і вас, і калег.

— Чалавек захварэў, на працу не пайшоў, ляжыць дома. Што далей? Есці лімоны, піць гарбату?

— У кожным комплексным прэпараце, якім лечаць вострыя рэспіраторныя захворванні, ідзе аскарбінавая кіслата. Фактычна тое, што ёсць у натуральных цытрусах. Іх есці можна і нават трэба. Калі, канечне, няма супрацьпаказанняў — калі ёсць праблемы са страўнікава-кішэчным трактам, то трэба асцярожна ўжываць цытрусавыя. Бо аскарбінавая кіслата ў вялікіх дозах можа тады нашкодзіць.

Карацей, цэлы лімон есці не трэба.

— А «чай з малінавым варэннем»?

— Уся садавіна і ягады маюць вялкія комплексы вітамінаў. Гэта ўсё карысна. Калі ідзе сезон ягад, дактары заўсёды рэкамендуюць іх есці.

— Іншая вадкасць?

Так, трэба шмат піць. Бо калі чалавек хварэе — ён пацее, губляе вадкасць. Увогуле дактары рэкамендуюць піць 2,5—3 літры вадкасці ў суткі, калі захварэў. Але ізноў жа, не забывайцеся, што калі ёсць гіпертанія, захворванні сардэчна-сасудзістай сітэмы, то ёсць абмежаванні.

І вадкасць падыходзіць не кожная. Ліманады, газіроўка, алкаголь — не падыходзяць. Лепш вітамінізаваныя напоі — 70% вадкасці мусіць быць з вітамінамі. Адвары ягад, журавінавы морс — вельмі добра. Ізноў жа гарбату з лімонам.

Але гарбата не павінна быць моцнай. Калі чалавек будзе літрамі піць чорную-чорную гарбату, то акрамя тахікардыі аніякага эфекту не будзе. Тое ж тычыцца і кавы.

— Мінеральная вада?

— Мінералка нясе соль. Калі ў вас ротавірусная інфекцыя, то піце, але лепш выпусціць газ. Бо калі ў чалавека ротавірусная інфекцыя, то адзін з сімптомаў — залішняе газаўтварэнне ў арганізме. І газаваная мінеральная вада не дапаможа, а нашкодзіць.

У ідэале трэба ісці на прышчэпку ўвосені, кастрычнік-лістапад. Тым больш, яна дзейнічае амаль увесь год.

— А што лепш пры прастудзе: хатнія сродкі, вітаміны ці ўсё ж медыкаменты?

— Мне здаецца, сёння сучаснаму чалавеку прасцей знайсці таблеткі, чым адвар шыпшыны.

Ставіць банькі — не пашкодзіць, але і дапамогі аніякай не прынясе. Ад банак расшырацца сасуды на паверхні скуры — і ўсё. Эфектаў лекавых не будзе. Ёсць яшчэ легенда, што карысна схадзіць у лазню, калі толькі-толькі захварэў. Але лазняй вірус не выганіш, гэта міф.

Пры сухім кашлі можна паставіць гарчычнікі, але калі няма тэмпературы.

— Каплі ў нос?

Можна, але нядоўга. Бо праз 10 дзён у арганізма ўжо можа выпрацавацца залежнасць ад іх. Прамывайце нос, увільгатняйце яго, сёння шмат сродкаў існуе для гэтага.

— Ці збіваць тэмпературу, ніжэйшую за 38 градусаў?

— Гэта вельмі дыскусійнае пытанне і сёння. Але большасць дактароў лічыць, што да 38 градусаў арганізм мусіць справіцца сам.

— А калі ангіна — яна ж уплывае на сэрца? Можа варта схадзіць да кардыёлага?

— Так, яна ўплывае, але лячыць яе трэба не самастойна, а з дапамогай доктара, каб пазбегнуць ускладненняў.

— Калi можна вярнуцца да заняткаў спортам пасля перанесенных вiрусных захворванняў?

— Увогуле, нават пасля звычайнай віруснай інфекцыі лепш тыдзень пазбягаць фізічных нагрузак. Калі вы займаецеся спортам не бяжыце адразу ў зал, пачакайце. Бо адразу напружвацца вельмі шкодна для сэрца. Пасля ангiны, у залежнасцi ад яе цяжкасцi, лепш пазбягаць фізічных нагрузак да месяца.

Самае галоўнае — ведайце асаблівасці свайго арганізма, што вам карысна, што не, што можна, чаго нельга. Сачыце за імунітэтам. Людзі мала рухаюцца, няправільна харчуюцца, шмат працуюць — гэта ўсё таксама не ідзе ў плюс. Увогуле, ў лячэнні галоўнае — не нашкодзіць. Не хварэйце! Беражыце сябе.

Гутарыў Улад Швядовіч, фоты Волі Афіцэравай

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура