Праект партала
Стасункі
02.02.2018 / 08:53
Віталь Шчэрба падаў у суд на гімнастку Гуцу праз абвінавачванні ў згвалтаванні20

Шасціразовы алімпійскі чэмпіён Віталь Шчэрба звярнуўся ў суд ЗША ў сувязі з абвінавачваннямі ў згвалтаванні ўкраінскай гімнасткі Таццяны Гуцу. Пра гэта беларускі гімнаст распавёў тэлеканалу «Беларусь 1», піша Tut.by

Фота reuters.com.

«Адзінае, што магу сказаць: я падаў на яе ў суд. Гэта натуральна, гэта зразумела было ад самага пачатку — я рыхтаваўся з адвакатамі, таму ў лютым ужо будзе першае слуханне», — заявіў Шчэрба.

Справай займаецца суд Лас-Вегаса, і, як адзначыў Шчэрба, «цяпер гэты працэс ідзе».

Што тычыцца абвінавачванняў на яго адрас, то, як заўважыў Шчэрба, цяпер любы «можа сказаць усё, што заўгодна». Таму апраўдвацца сэнсу няма: «даказаць усё роўна нічога тут немагчыма, і людзі будуць думаць, як яны хочуць».

«Таму, як суд пройдзе, як усё гэта скончыцца, калі захочацца камусьці даведацца нейкія падрабязнасці пра тую хлусню, якую яна кажа, несастыкоўкі, усё, што было сказана неадэкватным чалавекам, — тады можна. А цяпер што казаць? Няма чаго», — дадаў Шчэрба.

***

Двухразовая алімпійская чэмпіёнка Гульняў-1992 украінская гімнастка Таццяна Гуцу 17 кастрычніка мінулага года паведаміла на сваёй старонцы ў фэйсбуку, што ў 1991 годзе падчас спаборніцтваў у Штутгарце яна была згвалтаваная будучым 6-разовым алімпійскім чэмпіёнам Віталём Шчэрбам. Пазней у эфіры ўкраінскага тэлеканала гімнастка выказала шкадаванне, што назвала імя Віталя Шчэрбы.

Беларускі спартсмен увесь гэты час ніяк не каментаваў абвінавачванні, што прагучалі на яго адрас. Валянціна Мікалаеўна Шчэрба, мама Віталя, у інтэрв'ю «Народнай Волі» назвала заяву Гуцу «поўным трызненнем».

Гісторыя Гуцу стала працягам тых адкрыццяў, якія з'явіліся ў сацсетках пасля абвінавачванняў на адрас прадзюсара кінастужак «Забіць Біла» і «Крык» Харві Вайнштэйна ў шматлікіх дамаганнях.

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура