Праект газеты
Тонус Гутарка з кардыёлагам: як дапамагчы арганізму вырошчваць дробныя сасудзікі ў абыход праблемных участкаў12

Сардэчныя захворванні — тая прычына, праз якую штогод у Беларусі памірае каля 66 тысяч чалавек, 7 тысяч з іх — у працаздольным узросце.

Гэта тая сфера, дзе мы абганяем краіны ЕС, і як абганяем! Двойчы!

Пры гэтым кардыёлагі кажуць, што масавай зацікаўленасці ў здароўі свайго сэрца сярод беларусаў не назіраецца, нават нягледзячы на тое, што мы праз аднаго маем сваякоў ці знаёмых, якія перажывалі сур'ёзныя праблемы з сэрцам ці паміралі.

У прыватнасці такую пазіцыю агучыў кардыёлаг сталічнага цэнтра «Лодэ» Андрэй Місцюкевіч — доктар вышэйшай катэгорыі, які ў 2008-м быў прызнаны найлепшым у краіне.

З ім мы пагаварылі пра тое, як чытачу зрабіць так, каб сутыкнуцца з кардыёлагам толькі на старонках «НН», або, калі ўжо не фартанула, мінімізаваць шкоду здароўю.

Размову з «НН» Андрэй пачаў са статыстыкі.

Ён кажа, што летась Беларусь трапіла ў фокус міжнароднага даследавання фактараў рызыкі — іх усяго каля дваццаці: гэта і курэнне, і ўжыванне алкаголю, недастатковая ці нізкая фізічная актыўнасць, незбалансаваны рацыён, лішняя вага, падвышаны цукар і халестэрын, злоўжыванне соллю і гд.

«Дык вось, — гаворыць доктар, — 40,5% беларусаў маюць тры ці болей фактары, разумееце? У нас 29,6% дарослага насельніцтва кураць, а 52,8% ужывалі алкаголь цягам апошніх 30 дзён, 72,9% дарослых не ядуць садавіну і агародніну ў рэкамендаваных аб'ёмах. Сярэднюю норму па солі — 5 грам/суткі — не выконвае амаль ніхто, а больш за 60,6% жывуць з лішняй вагой (25,4 з іх — атлусценнем), з высокім ціскам — 44,9% і толькі палова з іх прымаюць гіпатэнзіўныя прэпараты!

Сукупнасці негатыўных фактараў прыводзяць да ішэмічных хваробаў, да смяротных станаў: інфарктаў, цяжкіх арытмій, фібрыляцый жалудачкаў, раптоўных смерцяў».

У такіх умовах, лічыць доктар, цяжка казаць пра прафілактыку захворванняў — амаль што кожны рана ці позна прыходзіць да кардыёлага.

«На некаторыя фактары, напрыклад спажыванне садавіны, можа ўплываць і эканоміка. Але курэнне, алкаголь… Усё залежыць ад узроўню адукацыі чалавека і яго амбіцый. Як правіла, чым больш паспяховы чалавек, тым больш ён хоча жыць даўжэй і якасней. Нейкая паталогія абмяжоўвае яго магчымасці, і ён лечыцца».

Доктар таксама кажа, што хваробы сэрца — гэта не толькі сэрца, пры доўгім нелячэнні яны ўцягваюць у паталагічны працэс і іншыя органы: ныркі, печань, сасуды, вочы.

«Калі ўжо чалавек прыйшоў да нас і нешта пацвердзілася, то ацэньваецца агульны стан арганізма. Бывае і так, што чалавека адпраўляе да нас іншы доктар: неўролаг, акуліст… Але колькі іх прыходзіць? Бывае, усміхаешся сам сабе, калі прыйдзе мужык і на пытанне «Што прывяло?» кажа: «Жонка адправіла». А ён сам па сабе ходзіць з ціскам пад 200 і нічога, думае, што само пройдзе, не адчувае за сябе адказнасці, пакуль не памрэ ці не стане інвалідам. Ну і звычка такая ёсць, ад менталітэту савецкага, відаць, перакладваць адказнасць за сваё здароўе на каго заўгодна, у тым ліку — на доктара», — кажа кардыёлаг.

Дык з чым звяртаюцца часцей за ўсё да кардыёлага? Доктар канстатаваў, што апошнім часам сардэчныя хваробы моцна памаладзелі. Але на першым месцы сярод моладзі тыя, хто празмерна звяртае ўвагу на сваё здароўе: асабліва гэта датычыць праграмістаў, іншых офісных работнікаў

«Гарадскія жыхары сёння не пераносяць нейкіх каласальных фізічных нагрузак: не стаяць цэлыя дзень у полі, груба кажучы, дровы не колюць. Фізічныя перагрузкі замянілі перагрузкі псіхаэмацыйныя. Асабліва пад іх трапляюць праграмісты, кіраўнікі, работа якіх звязаная з камп'ютарамі і вялікай адказнасцю. Ад хранічных стрэсаў у чалавека — у залежнасці ад тыпу нервовай сістэмы і адаптацыі — можа ўзнікаць вельмі шырокі спіс скаргаў, большасць якіх звязаная з сэрцам: павышэнні пульсу, лёгкія арытміі, скачкі ціску, болі ў грудзіне.

Калі чалавек глядзіць у інтэрнэце сімптаматыку, то яму здаецца, што ў яго інфаркт, пачынаецца паніка і страх смерці. І калі да нас прылятае такі вось напалоханы юнак, я адразу пытаю: кім працуеш, стрэсы ёсць? Яны збольшага інтраверты, якія ўсё ў сабе трымаюць, і сіндром гэтых неадрэагаваных эмоцый выклікае дысбаланс у нервовай сістэме. Дык вось, у 90—95% гэта ўсё функцыянальныя парушэнні, якія ў народзе вядомыя як ВСД — вегета-сасудзістая дыстанія, але мы сёння выкарыстоўваем сучасную класіфікацыю хваробаў, дык там назва трохі страшнейшая — саматаформная дысфункцыя вегетатыўнай нервовай сістэмы. Звычайна ніякіх пашкоджанняў каранарных сасудаў ці зменаў у міякардзе няма, лячэнне тут адно: змяншэнне псіхаэмацыйных нагрузак, заняткі спортам — басейн вельмі добра, напрыклад, дапамагае.

Бо, бывае, пачынаюць самі сабе лячыць тахікардыю, якой няма, а стрэсы не абмяжоўваюць. Трэба проста псіхасаматычныя фактары прыбраць, браць паўзы ў рабоце, калі трэба. Часам прапісваюцца прэпараты, якія трохі паляпшаюць сувязь паміж ЦНС і перыферыйнай нервовай сістэмай. Ну і варта абмяжоўваць каву, чай, цыгарэты, прымаць кантрасныя душы».

Людзі сярэдняга і сталага веку звяртаюцца ўжо з паталогіямі, як правіла. Сярод лідараў — гэта ішэмічная хвароба сэрца, трамбозы, каранарныя сіндромы.

«У краінах экс-СССР частата развіцця інфаркту — два на тысячу насельніцтва ва ўзросце 40—49 год, 50—59 год — шэсць на тысячу, 60—64 — 17 чалавек на тысячу. І далей статыстыка імкліва расце. Да 50 гадоў у мужчын інфаркты здараюцца ў пяць разоў часцей, чым у жанчын, але пасля 70 гадоў статыстыка ўраўніваецца.

Пік інфарктаў у мужчын — зімні перыяд з 4 да 8 раніцы, у жанчын — восень, 8—12 гадзін дня. Каб нівеляваць гэтыя ранішнія пікі, трэба выкарыстоўваць прэпараты, якія прафілактуюць унутрыкаранарныя трамбозы.

Але я падкрэслю, што лекавая тэрапія — гэта, хай абавязковая, у шэрагу выпадкаў, але ўсё ж дадатковая падтрымка для арганізма. Тут важна памятаць пра тое, з чаго мы пачыналі — фактары рызыкі. Бо сардэчныя хваробы людзі нажываюць сабе самі ў асбалютнай большасці выпадкаў: скажам, ледзь не кожны або праз аднаго — гэта людзі з лішняй вагой ці з атлусценнем. Былі ў мяне маладыя жанчыны з трэцяй ступенню атлусцення! Тлушч ён жа не толькі пад скурай, але і сэрца ім абрастае. І тут вось я не прымаю ніякіх адгаворак: так, ёсць хваробы, якія ўплываюць на метабалізм і чалавек хутчэй за іншых набірае вагу. Але я прывяду жорсткі прыклад: паглядзіце на фота з нацысцкіх лагераў. Вы ўбачыце там кагосьці тлустага? Не, таму што людзей там проста не кармілі, былі скура ды косткі, хаця сярод іх былі хворыя на цукроўку, напрыклад. Я гэта да таго, што расцём мы толькі ад таго, што прыходзіць у нас звонку, калі спажываем больш, чым можам патраціць. Элементарнае невыканане правілаў збалансаванага харчавання: раніцай многія бутэрброд зрабілі, а ўвечары з работы прыйшлі і ад'еліся. Або чалавек кажа: «Дык я ж адзін раз на дзень ем! Гэта генетыка!» Даруйце, але мазгі ёсць толькі ў вас, як у індывіда, у асобна ўзятых клетак мазгоў няма — калі вы ясцё раз на дзень, то клеткі ловяць сігнал, што арганізм існуе ў экстрэмальных умовах, калі ежа паступае толькі раз на дзень і невядома, ці паступіць яна наступны раз. Ну і запавольваецца метабалізм, як вынік, больш энергіі адкладаецца ў выглядзе тлушчу. А колькі мужчын ходзяць з жывоцікамі! Гэта называецца абдамінальны тып атлусцення, запомніце: у мужчыны нармальнай лічыцца талія да 94 сантыментаў, а 102 і вышэй — крытычна, у жанчын — да 80-ці, а 88 — крытычна. Калі болей, то рыхтуйцеся рана ці позна прыйсці да кардыёлага. Або ядуць каўбасы, маргарыны, сасіскі, а потым дзівяцца ў аналізы: чаму такі халестэрын высокі, чаму парушаныя ліпідныя фракцыі? А той жа халестэрын утварае бляшкі, месцы такіх бляшак ужо — зона рызыкі. Уявіце, што

сасуды нашыя эластычныя, яны звужаюцца ці пашыраюцца ў залежнасці ад сітуацыі. Дык вось, пры атэрасклерозе ў іх з'яўляюцца бляшкі, і калі раптоўна змяняюцца ўмовы — скажам, чалавек выйшаў з лазні і рэзка акунуўся ў халодную ваду, — то сасуды з пашыранага стана рэзка звужаюцца, а любы спазм, калі ёсць бляшка, можа прывесці да надрыву сасуда. У тым месцы ўтвараецца згустак крыві, які перакрывае сасуд цалкам або часткова. Ад гэтага ўзнікае ішэмія, ажно да інфаркту.

А прычына дзе тады? У харчаванні, у тым ліку», — папярэджвае доктар.

Доктар таксама кажа, што бацькі з хваробамі сэрца не азначаюць аўтаматычны дыягназ і дзецям: абцяжараную спадчыннасць можна нівеляваць выключэннем іншых фактараў рызыкі.

«Тут трэба сказаць, што, напрыклад, жанчыны дзетародных гадоў амаль што застрахаваныя ад сардэчных аскладненняў, але толькі яны трапляюць у менапаўзу, то колькасць хворых павялічваецца. Мужчыны ж наадварот — да 50 гадоў часцей за жанчын атрымліваюць інфаркт, але да 75 год сітуацыя выраўніваецца». 

«Не трэба таксама думаць, што інфаркты абмінаюць маладых, таму ў юнацкім узросце можна не клапаціцца пра сябе. Не, сярод усіх інфарктаў 5% — інфаркты ад працяглага спазму каранарнай артэрыі, што ўласціва маладым. Прычынай можа стаць алкагольная ці тытунёвая інтаксікацыя, наркатычная інтаксікацыя, сумешчаныя з працяглымі фізічнымі ці эмацыйнымі перагрузкамі», — засцерагае доктар.

Ён кажа, што спазм адчуваецца ангінозным болем у грудзіне, калі сэрца не можа задаволіць патрэбу арганізма ў кіслародзе.

Асабліва Андрэй Місцюкевіч просіць папярэдзіць на старонках газеты аматараў вялікіх навагодніх сталоў.

«Ёсць такое паняцце, як «банкетны інфаркт», яго доля не малая — каля 8%. Прычыны: чалавек вельмі шмат паеў, шмат тлустай ежы даў рост халестэрыну, гэта ўсё разам прывяло да росту трамбаксанаў, якія выклікаюць спазм артэрый, а павышэнне канцэнтрацыі алкаголю да 1,5 праміле абарочваецца зніжэннем функцый левага жалудачка, тахікардыяй, ростам дыясталічнага ціску і актывацыяй сімпата-адрэналавай сістэмы з павышэннем узроўню катэхаламінаў.

Словам, пачынаецца той самы доўгі спазм, калі кіслароду трэба шмат, а сасуды — вузкія. Чалавек можа нават не паспець адчуць ангінозны боль, бо ляжа наеты спаць, а ўжо не прачнецца. Таму трэба пра гэта памятаць за сталом, ведаць меру», — праваджае парадай на святы доктар. Будзе ангінозны боль, парушэнне дастаўкі кіслароду да тканак.

Дык ці можна нешта зрабіць, калі ішэмічную хваробу сэрца ўжо паставілі?

«Я тут зноў апелюю да фактараў рызыкі: трэба іх выключыць са свайго жыцця. Нельга празмерна ўжываць алкаголь, нельга хранічна адчуваць псіхаэмацыйную нагрузку, сачыць за ціскам, цукрам, халестэрынам, прымаць лекі — гэта я хачу падкрэсліць, бо існуе тэндэнцыя такая, што людзі лекі не прымаюць увогуле.

Таксама вельмі важна займацца спортам! І гэта той выпадак, калі хвароба сэрца — не апраўданне пасіўнасці. Я не кажу пра сілавыя нагрузкі высокія, гэта абавязковыя 60 хвілін аэробнай нагрузкі, можна нават па лесвіцы падымацца. А ў асноўным — лёгкі бег, плаванне, хадзьба. Чаму гэта важна?

Ішэмічная хвароба можа праяўляцца дыфузным пашкоджаннем сасудаў, калі яны звужаюцца і ў выніку прыводзяць да галадання сэрца. А нагрузкі развіваюць калатэральнае кровазабеспячэнне: арганізм адчувае, дзе ёсць нейкая праблема ў сасудзе, дзе можа развіцца інфаркт, і падстройваецца пад нагрузкі так — вырошчае дробныя сасудзікі ў абыход, паралельна праблемнаму ўчастку. І такіх людзей — нават калі здараецца нейкая катастрофа — яна будзе працякаць лягчэй, частка міякарда застанецца жыццяздольнай. Агулам статыстыка кажа, што ў тых папуляцыях, дзе займаюцца спортам не менш за 30 хвілін на дзень, працягласць жыцця большая на 7 гадоў».

Партнёрскі матэрыял. Падрыхтаваны ў супрацоўніцтве СААТ «Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў». УНП 600125834

Nina.nn.by

Каментары
Без рецепта. / Адказаць 10.01.2018 / 11:27

Выник, ня трэба кидаць курыць, бо атлусцьценне горш за паленне.

20
Анцiк / Адказаць 10.01.2018 / 11:31

добры артыкул. и рэклама, и пачытаць цикава й карысна).

3
Анцiк / Адказаць 10.01.2018 / 12:16

Рэд. ОК.

1
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура