Праект газеты
Стасункі Топ-20 зайздросных жаніхоў краіны — дзяўчаты, трымайцеся! ФОТЫ 52

У некаторых мужчын нашай ганаровай дваццаткі сэрцы не зусім свабодныя, але ж мы глядзелі выключна на пярсцёнак. Мусім адразу патлумачыць, што топ атрымаўся вельмі разнастайны. Мы вырашылі не канцэнтравацца толькі на памеры кашалька, а глядзець крыху шырэй. Топ-20 — гэта, канечне, вельмі мала, але абяцаем, што будуць і іншыя.

Віталь Гуркоў, тайбаксёр і вакаліст Brutto

Віталь Гуркоў (32 гады). Фота Тані Капiтонавай, 34mag.net.

Віталь столькі разоў станавіўся чэмпіёнам свету па тайскім боксе, што ўжо цяжка назваць дакладную лічбу [яна даўно пераваліла за 10 і ўвесь час павялічваецца]. Мала хто можа пахваліцца такой колькасцю перамог, якую ён здабыў у баях.

Віталь таксама дапамагае загартоўваць будучых чэмпіёнаў у мінскай трэнажорнай зале Moby Dick. Сёлета там, дарэчы, ладзіў цалкам бясплатную трэніроўку для слухачоў курсаў «Мова Нанова».

Увогуле, Гуркоў увесь час адгукаецца на самыя розныя ініцыятывы, дзе патрэбна яго спрыянне. Напрыклад, ён выставіў на аўкцыён свой пераможны шалік, каб дазбіраць неабходную суму на першы помнік Касцюшку ў Беларусі.

Гонар краіны і боль жанчын — Віталь Гуркоў. На жаль, такі ў нас адзіны.

Максім Камянкоў, бізнэсовец, ІТ

Максім Камянкоў (27 год). Фота Imaguru.

Частка беларускай таленавітай ІТ-эліты. Разам з Яўгенам Неўгенем яны стварылі паспяховы беларускі стартап SplitMetrics — сэрвіс А/В-тэставання іконак і скрыншотаў у App Store і Google Play для павелічэння канверсіі мабільных дадаткаў. Сёлета SplitMetrics трапляў на галоўную старонку ўплывовага сярод інвестараў сайта Product Hunt.

У ранейшых інтэрв’ю Максім адзначаў, што не дазваляе сабе расслабляцца і ўвесь час выходзіць з зоны камфорту, каб думаць інакш, па-новаму, і рухацца наперад.

Цімафей Мельнікаў, бізнэсовец

Цімафей Мельнікаў (28 год). 

Цімафей змог збудаваць паспяховы і прыбытковы бізнэс са звычайнай кулінарнай суполкі «Укантакце». Сёння яго каманда развівае буйную медыякампанію новага фармату Tigermilk, колькасць падпісантаў якой пераваліла за 50 мільёнаў. Tigermilk ёсць ва ўсіх сацыяльных сетках у розных абліччах: Bon Appetit, «Шэдэўры рэкламы», «Шпількі», «120/80», «Ідэі для жыцця», «Інтэлектуальны гумар» і многае іншае. Калі казаць проста, то гэта велізарнае СМІ, у якога няма ні папяровай версіі, ні сайта ў звычайным разуменні. 

Герман Паляшчук, бізнэсовец

Герман Паляшчук (27 год). Фота Аляксея Піскуна, probusiness.by.

Герман — паплечнік Цімафея Мельнікава, з якім яны разам пачыналі бізнэс і які працягваюць пашыраць сёння [вышэй мы ўжо пісалі, што з сябе ўяўляе Tigermilk]. І Герман таксама яшчэ не паспеў ажаніцца.

Самі бачыце, што хлопцы прагрэсіўныя, актыўныя, прадпрымальныя, маладыя і прыгожыя. Зайздросныя жаніхі!

Макс Старцаў, дырэктар бара «4-4-2»

Макс Старцаў (29 год). Фота artpicnic.by.

Мінчука Макса Старцава ведае хіба кожны хіпстар на раёне. Яшчэ зусім зялёным ён пачаў ладзіць канцэрты ў клубе «Рэактар». Пасля чарады паспяховых выступаў гуртоў накшталт «Бумбокса» і «Нойз МС» Максім разам з бацькам сталі канцэртным і фінансавым дырэктарамі гэтага легендарнага раней месца. Пасля Максім пэўны перыяд кіраваў «Рэпаблікам», але, відаць, найбольш яго запомнілі за канцэпт бара «Хуліган». Макс сам сябе не лічыць паспяховым бізнэсоўцам, бо працуе, хутчэй, дзеля эмоцый.

Праз тое, што ён займаецца ўладкаваннем начнога жыцця горада і заўсёды ў тусоўках, у маладога чалавека склаўся імідж куцілы [таму і з пастаяннай партнёркай пакуль складана]. Сёння хлопец кіруе спартыўна-рок-н-рольнай «чарачнай» «4-4-2», куды дзяўчатам уваход не забаронены, але звычайна іх там не шмат. Мала хто ведае, што Макс любіць і разбіраецца ў кіно, таму ў бары можна не толькі паглядзець матчы ды пагуляць у PS, але і атрымаць асалоду ад розных кінастужак.

Максім Ермаловіч, намеснік міністра фінансаў

Максім Ермаловіч (40 год). Фота з асабістай старонкі ў фэйсбуку.

Максім паходзіць з Лепеля, што ў Віцебскай вобласці. Кар’ера ў яго складвалася даволі традыцыйна для чыноўніка: скончыў Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Беларусі, а пасля займаў розныя пасады ў Міністэрстве фінансаў. Ад 2014 года працуе першым намеснікам міністра фінансаў.

Максіма называлі адным з самых перспектыўных чыноўнікаў, некаторыя эксперты нават лічаць, што ён мае ўсе шанцы стаць міністрам. Менавіта Ермаловіч летась заявіў, што «ў Беларусі для нарошчвання сацыяльных абавязальніцтваў рэзервы практычна вычарпаныя», таму павышэння заробкаў, пенсій, дапамог і стыпендый асабліва чакаць не варта.

Вядома, што Максім мае ўласнае аўто «Аўдзі А6» і любіць вандраваць.

Андрусь Bezdar, заснавальнік і арт-дырэктар архітэктурнай студыі «ZROBYM architects»

Андрусь Бездар (28 год). Фота Аляксандра Шэлегава.

Канечне ж, ніякі Андрусь не бездар — гэта правакацыйны хуліганісты псеўданім аднаго з найярчэйшых беларускіх дызайнераў і архітэктараў. Тое, што робіць яго студыя, здзіўляе і захапляе сваёй прастатой, дасканаласцю формаў і моцнай сувяззю з Беларуссю. Дарэчы, калісьці мы складалі з Андрусём Топ-7 адметнасцяў нацыянальнага дызайну.

І хоць працы ў Андруся хапае, за апошнія два леты ён паспеў спраектаваць і збудаваць дачны домік для мамы, такі самы, пра які яна калісьці марыла.

Андрусь — эксперыментатар і наватар, у якога добра атрымліваюцца самыя розныя рэчы, за якія ён бярэцца. Зірніце хаця б на яго калекцыю адзення UND wear, што ідэальна ўлілася ў сённяшнюю мінскую гарадскую прастору.

Эдуард Бабарыка, дырэктар па развіцці ulej.by

Эдуард Бабарыка (27 год). Фота bel.biz.

Прозвішча Бабарыка вядома многім беларусам. Бацька Эдуарда — Віктар Бабарыка — старшыня праўлення Белгазпрамбанка. Ён — вядомы беларускі мецэнат. Дзякуючы яго намаганням, напрыклад, у Мінску праходзіць міжнародны форум тэатральнага мастацтва «Тэарт». Белгазпрамбанк таксама калекцыянуе карціны вядомых беларускіх мастакоў, сярод якіх Шагал, Суцін і іншыя. Нядаўна банк выкупіў тры будынкі на Кастрычніцкай, каб стварыць пастаянную пляцоўку для арт-праектаў.

Эдуард у плане ініцыятыўнасці ні ў чым не саступае бацьку. Акрамя таго, што ён кіруе адной з першых краўдфандынгавых пляцовак «Улей», з’яўляецца аўтарам і стваральнікам шэрагу стартапаў, у тым ліку сэрвісу планавання і арганізацыі калектыўных вандровак elHobo, сэрвісу калектыўнага планавання падзей Rowday і сэрвісу запісу і прайгравання лічбавых успамінаў Tuffle.com.

Франак Вячорка, журналіст і актывіст

Франак Вячорка (29 год). Фота Сяргея Гудзіліна.

Франак паходзіць з інтэлігентнай беларускай сям’і. Ён — адзін з вядомых змагароў у добрым сэнсе гэтага слова. Большасці вядома, што Франак вучыўся ў падпольным ліцэі імя Якуба Коласа, пасля — на журфаку, з якога яго адлічылі за палітычную дзейнасць. Актыўна ўдзельнічаў у вулічных акцыях і флэшмобах у абарону беларускай мовы і супраць кантролю над інтэрнэтам.

Сёння Франак вучыцца ў ЗША, з’яўляецца рэдактарам новых медыя «Радыё Свабода» і сцвярджае, што будучыня за сацсеткамі. У 2014-м годзе «Наша Ніва» прызнала Вячорку чалавекам года.

Калі згадваць не самыя вядомыя факты, то Франак яшчэ і акцёр (граў пана ў кінаспектаклі «Тутэйшыя»), сцэнарыст (працаваў над біяграфічным сцэнарыям да фільма пра беларускае войска «Жыве Беларусь») і да ўсяго крыху пісьменнік. За эратычнае апавяданне «Ліза» ён атрымаў літаратурную прэмію «Залаты апостраф».

Усе, хто знаёмы з Франакам, адзначаюць, што ён вельмі галантны. Але пакуль, відавочна, праекты, навучанне і праца былі ў яго на першым месцы.

Іван Шыла, прадпрымальнік

Іван Шыла (27 год). Фота Настассі Роўды.

Немагчыма ўявіць наш топ без Івана Шылы, за поспехамі якога мы працягваем сачыць і якім шчыра цешымся.

Ужо больш за год мінуў з таго часу, як браты Шылы, Іван і Ілля, распавялі нам, што збіраюцца будаваць бізнэс па прыбіранні кватэр. Тады ў многіх быў скепсіс: што з гэтага атрымаецца? Прайшоў час, і мы бачым, што «Чысты кіт» не толькі існуе, але і абрастае кліентамі.

Дададзім, што гэты бізнэс — не адзіная справа Івана, ён таксама займаецца SMM.

Малады, актыўны, дзёрзкі, смелы — чым не зайздросны жаніх?

Іван Маеўскі, футбаліст

Іван Маеўскі (29 год). Фота kazfootball.kz.

Па версіі «Прэсбола», Маеўскі стаў адным з трох найлепшых футбалістаў года ў Беларусі. Цікава, што ў спорт ён прыйшоў параўнальна позна. Гуляў у школе, але без асаблівых прарываў, таму і вырашыў паступаць на лясную гаспадарку: заваліў экзамены ў Мінску, прайшоў у Гомелі. Паралельна з навучаннем працаваў грузчыкам, пасля — на заводзе. І нягледзячы на перспектывы павышэння, усё ж вырашыў кінуць усё, як толькі знаёмыя прапанавалі гуляць за футбольны клуб у Калінкавічах. А далей — закруцілася.

Маеўскі — уладальнік Кубка Беларусі. У 2015-м яго запрасілі ў Нацыянальную зборную. Праўда, на сёння асноўны кантракт у футбаліста-паўабаронцы падпісаны з казахстанскім клубам «Астана» і, як ён сам прызнаўся «Ніне», яго ўсё задавальняе.

Ваня вельмі любіць сваю сям’ю, таму, нягледзячы на занятасць, паспявае вандраваць разам з маці і братам і не забывае наведваць родную Рэчыцу, дзе вырас.

Павел Аракелян, музыка і трэнер

Павел Аракелян (32 гады). Фота Кацярыны Гарбулька, Івана Межуя, gorodw.by.

Павел — армянін, да трох год жыў у Баку, а пасля сям’я пераехала ў Беларусь. І, трэба сказаць, наша краіна шмат ад гэтага выйграла. Паўла называюць найлепшым саксафаністам Беларусі, а яго спартыўная форма выклікае белую і чорную зайздрасць. Праўда, сёння Аракелян-саксафаніст [і яшчэ клавішнік, флейтыст і кампазітар] сышоў на другі план, саступіўшы Аракеляну-інструктару па фітнесу і бодзібілдынгу. Магчыма, калі беларусы масава пранікнуцца джазам, музыка зноў возьме ў жыцці Паўла першынства. Дададзім, што гэты волат яшчэ і выдатна гатуе. Ну мара ж проста, а не жаніх!

Алег Саўчанка, стваральнік гурту ЛСП

Алег Саўчанка (28 год). Фота з афіцыйнай старонкі ЛСП Укантакце.

Мала хто сходу можа ўзгадаць прозвішча музыкі, бо звычайна ён прадстаўляецца проста — Алег ЛСП [скарочана ад англійскай Lil’ Stupid Pig]. Гурт вельмі папулярны ў СНД, з ім супрацоўнічаў «Oxxxymiron», а Іван Ургант не так даўно запрасіў музыкаў на сваё шоу.

Алег нарадзіўся ў Віцебску ў сям’і журналістаў, якія ўсяляк падтрымлівалі яго жаданне займацца музыкай. Тое, што яго праект стаў такім папулярным, музыка тлумачыць проста: «трэба шмат пахаць». Летам 2017-а памёр паплечнік па ЛСП і прадзюсар Рома Англічанін, тады ў Алега была думка прыпыніць дзейнасць гурта зусім, але ўсё ж перадумаў.

За жорсткія выказванні на адрас жанчын у сваіх тэкстах («цёлкі», «ты ўсім дала» і гэтак далей) і за злоўжыванне аголенымі целамі ў кліпах Алег праслыў сэксістам. Але ў апошніх інтэрв’ю ён аспрэчваў гэта і казаў, што, можа, і быў сэксістам, але гэта ў мінулым. Хаця яго фанаткам усё адно: Алег вельмі харызматычны і абаяльны хлопец, такі «бэд бой», і кожная, хто хоча быць з ім разам, павінна разумець, што гэта не той чалавек, які будзе сядзець на адным месцы. Па меншай меры, цяпер.

Зміцер Папко Vinsent, музыка

Зміцер Папко (29 год). Фота kyky.org.

Хлопец з Івацэвічаў, позірк якога нагадвае ці то Эдварда Калена з «Прыцемкаў», ці то вір вачэй ваўка. У адрозненні ад Макса Каржа ці таго ж Алега ЛСП, Зміцер настойвае на тым, што беларуская музыка можа быць выключна беларускамоўнай. Інакш яна чужая.

Зміцер скончыў журфак БДУ, але журналістам так і не стаў. Яшчэ ў студэнцтве разам з Франакам Вячоркам ён арганізаваў гурт і працягнуў музычную лінію ў сваім жыцці. Акрамя гэтага, ён вядомы як акцёр: Андрэй Курэйчык паклікаў яго ў кінастужку пра СНІД «Вышэй за неба», а ў фільме «Жыве Беларусь» Зміцер выканаў галоўную ролю.

Адзначым, што ў дадатак да ўсяго Вінсэнт добры гаспадар: для яго няма праблемы прасвідраваць дзірку ці пафарбаваць сцены.

Сяржук Доўгушаў, музыка, арганізатар «Спеўных сходаў»

Сяржук Доўгушаў (34 гады). Фота Міхаіла Лешчанкі, facebook.com.

Гэты музыка-мультыінструменталіст — проста няспынны паток энергіі. Сяржук зараджае ёй усіх, хто знаходзіцца побач.

Менавіта Сяржук Доўгушаў здолеў выйсці за межы звычайнай канцэртнай дзейнасці. Ён не стаў абмяжоўвацца творчасцю ўласнага гурта Vuraj і стварыў моцную беларускую супольнасць вакол папулярных «Спеўных сходаў».

На жаль, днямі стала вядома, што Беларусь часова губляе сваю зорку. Сяржук выйграў стыпендыю Міністэрства культуры Польшчы «Gaude Polonia» і да канца лета будзе жыць і працаваць там. Ён гэтак жа працягне папулярызаваць беларускую музыку і традыцыі, толькі цяпер многія імпрэзы будуць ладзіцца сумесна з палякамі.

Што будзе наступнай восенню, Сяржук пакуль дакладна не ведае. Можа быць, лёс закіне кудысьці яшчэ далей ад родных краёў. Пакуль што беларусы змогуць бачыць музыку на радзіме дзесьці раз на месяц на розных імпрэзах. Варшава — гэта усё ж не край свету.

Андрусь Такінданг, музыка і мастак

Андрусь Такінданг (34 гады). Фота з асабістай старонкі Укантакце.

Кожны, хто хоць раз бачыў Андруся [на канцэрце, выставе ці вечарыне — не важна], той дакладна падпадаў пад яго неймавернае абаянне. Гэта без сумневаў самы сонечны беларускі музыка. Прычым талентаў у яго нямерана. Андрусь не толькі гастралюе са сваім гуртом «Рэха», але і фантастычна малюе, здымае і здымаецца сам у кліпах і перадачах.

Андрусь нарадзіўся ў Мінску ў сям’і беларускі і ўраджэнца Чада. Яго экзатычная знешнасць у спалучэнні з неймаверна прыгожай беларускай мовай і заўсёднай прыязнай усмешкай на твары скараць любога.

Андрусь Горват, пісьменнік

Андрусь Горват (34 гады). Фота Сяргея Гудзіліна.

Андрусь мог бы да гэтага часу працаваць дворнікам у Купалаўскім тэатры, дапамагаць у жаночым манастыры, і мы б з вамі нічога пра яго не ведалі. Але яму надакучыла сталічнае жыццё, ён, кажучы проста, псіхануў і з’ехаў на радзіму продкаў у вёску Прудок. Там пачаў весці захапляльны дзённік пра вясковыя будні і публікаваць замалёўкі ў фэйсбуку. Менавіта яны ляглі ў аснову яго першай кнігі «Радзіва Прудок», якая стала сапраўдным прарывам у беларускай літаратуры.

Горват, канечне, той яшчэ хіпстар, але ён умее даіць коз, пасадзіў не адно дрэва, ведае, што рабіць з агародам, і любіць коцікаў.

Калісьці Андрусь ужо быў жанаты і мае дачку Варвару.

Уладзімір Галак, акцёр, працуе ў Нацыянальным Цэнтры сучасных мастацтваў

Уладзімір Галак (30 год). Фота з асабістай старонкі Укантакце.

Уладзімір скончыў філфак, але захапілі яго не мовы, а мастацтва. Ён граў у франкафонным тэатры, пасля быў адным са стваральнікаў фестывалю аматарскіх тэатраў «Дзверы» і аднайменнага тэатральнага альманаха. Потым яго фокус пераключыўся на вулічныя тэатры: гэтаму мастацтву ён вучыўся сам, а сёння, дзякуючы Вове і яго ўменню знаходзіць дыялог з чыноўнікамі, Мінск штогод мае міжнародны форум вулічных тэатраў. Некаторыя на поўным сур’ёзе кажуць, што ён мог бы быць выдатным міністрам культуры.

Акрамя тэатральнай дзейнасці і працы ў Цэнтры сучасных мастацтваў, Вова мае яшчэ адну актыўную сферу дзейнасці — здымаецца ў рэкламе. Цяпер вы будзеце знаёмыя з тварам ролікаў «Кіндара», «Беларусбанка», «Еўраопта» і іншых кампаній.

Міхаіл Гардзейчык, слесар

Міхаіл Гардзейчык (28 год). Фота Кацярыны Карпіцкай.

Слесар са Слуцка нечакана для сябе самога аднойчы прачнуўся знакамітым. Усё здарылася ў той момант, калі яго інстаграм адшукалі журналісты. А профіль у яго сапраўды класны: там і вясковыя краявіды, і працоўныя моманты, і, самае галоўнае, шмат фудблогерства, але не сушы і паста, а бульба, сала ды памідоры. Усю ежу Міхаіл гатуе сабе сам, як звычайны халасцяк, і пазначае ўсе рэцэпты аўтарскім хэштэгам #укусна.

Дзіўна, што такога гаспадарлівага хлопца дагэтуль не прыбралі да рук. Нядаўна Міхаіл, зусім страціўшы надзею, праз інстаграм запрашаў дзяўчат у кіно. І куды яны глядзяць?

Антон Матолька, блогер і фатограф

Антон Матолька (29 год). Фота poplavskaja.by.

Актыўны папулярны блогер, якому не ўсё адно. Без удзелу Антона Матолькі не абыходзіцца ніводная значная грамадская ініцыятыва. Як толькі Антон заўважае дзесьці непарадак, тут жа сігналізуе пра гэта і варушыць вінаватыя службы і органы. Яго досвед супрацы з гарадскімі службамі настолькі вялікі, што ён нават запусціў адмысловы сайт мотолькопомоги.бел, каб дапамагаць іншым вырашаць набалелыя пытанні. Матолька бярэцца і за лакальныя гарадскія праблемы, і глабальныя, маштабу краіны.

Карацей, з Антонам не страшна ні ў агонь, нікуды — годны жаніх!

А каго вы лічыце самым зайздросным жаніхом Беларусі? Пішыце ў каментарах!

***

На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.

Nina.nn.by

Каментары
Альфа / Адказаць 26.12.2017 / 18:14

Народная мудрасць. “Дзеўчыну з галгасу ў горад можна вывезці, але калгас з галавы дзеўчыны не вевезешь ніколі”!

24
МатрУна / Адказаць 26.12.2017 / 18:20

ахах...... дзе мае 18 гадоу :-))))) ..... Антон Матолька - вочы вельми добрыя . Ды и сам прыгожы .

13
Піяр / Адказаць 26.12.2017 / 18:44

Янукевіч Аляксей хіба жанаты?

2
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура