Праект газеты
Гісторыі Як яно — быць ростам 126 см у правінцыйным горадзе? Гісторыя Галіны14

Галіну Антоненка ў яе горадзе ведаюць як самую маленькую жанчыну. А яшчэ як медсястру, якая робіць сапраўды бязбольныя ўколы. Нягледзячы на ўласныя падлеткавыя комплексы з нагоды 126-сантыметровага росту і няверу некаторых знаёмых і калег у тое, што яна дасць рады абавязкам медработніцы, у яе ўсё ўдалося.

«Глядзіце, якая маленькая пайшла!»

Мы сустракаемся з Галінай пры канцы яе змены: са сваіх 45 гадоў 26 жанчына працуе медсястрой ў Горацкай цэнтральнай раённай бальніцы. Спачатку значылася ў тэрапеўтычным аддзяленні, пасля — на заборы крыві, а потым і па сёння — у дзённым стацыянары.

«Медыцынская лінія ў нашай сям'і пачалася ад бацькі, — расказвае Галіна. — Ён спачатку займаў пасаду заатэхніка, пасля — ветэрынара. Шмат жывёл было і ў нашай гаспадарцы: мы, дзеці, бачылі, як бацька лячыў кароў, свіней і захапляліся гэтым працэсам. Таму спачатку па яго слядах пайшла старэйшая сястра, а пазней і я — самая малодшая з пяці».

Асабіста Галіну медыцына вабіла яшчэ і таму, што праз свой дыягназ — астэахандрадысплазія (група прыроджаных захворванняў шкілета, якія адносяцца да непрапарцыйнай карлікавасці, бо суправаджаюцца ўкарачэннем канечнасцяў) — ды іншых хвароб ёй прыйшлося шмат паматацца па лякарнях. Дзеянні людзей у белых халатах, якія дапамагалі іншым, заварожвалі. Астэахандрадысплазія лічыцца спадчыннай хваробай. І так, бацька ў Галіны невялікі — 160 сантыметраў, але яна «выйшла» самай маленькай у іх родзе.

Галіна з мамай.

«Асэнсоўваць, што я не такая, як іншыя, я пачала ў школе, можа, у класе чацвёртым. Аднакласнікі раслі, а я ўсё гэтак жа стаяла апошняй у шарэнзе. Праўда, гэта не перашкаджала мне быць камандзірам класа на вайсковай падрыхтоўцы: голас у мяне гучны», — працягвае расказ пра сябе жанчына.

Зверху — Галіна са сваякамі. Знізу — трымае партрэт бацькоў.

Праз маленькі рост у яе было шмат перажыванняў: «як я змагу з’ехаць з бацькоўскай хаты і вучыцца адна ў іншым горадзе», «як пасля здолею працаваць»… Смалы ў агонь падлівалі крыўдныя абразы кшталту «ліліпутка!». Сёння яна таксама можа пачуць на свой адрас здзіўленую рэпліку «якая маленькая пайшла!», але рэагуе на падобныя выпадкі з усмешкай. У невялікім горадзе ўсе навідавоку і побач, таму крыўдзіцца ці хавацца бессэнсоўна.

«Я неяк усё дрэннае навучылася забываць. А хваробы прымаць як частку сябе. Бывае, прыходзяць да мяне пацыенты на ўколы і скардзяцца, як ім цяжка. А я лічу, што нельга канцэнтравацца на нядобрым», — дзеліцца філасофіяй жыцця Галіна. Змірылася яна і з тым, што ўсю вопратку прыходзіцца падшываць, а абутак замаўляць у дзіцячых крамах: затое прадаўцы, якія ведаюць яе сітуацыю, не шкадуюць рабіць на рэчы зніжкі.

Пазітыўны настрой, відаць, і стаў прычынай таго, што жанчына здабыла сабе славу «лёгкай рукі»: менавіта да яе больш за ўсё любяць прыходзіць на прышчэпкі і ўколы мясцовыя, як дарослыя, так і дзеці. Што цікава, сама сабе рабіць уколы Галіна так і не рашылася.

Каб не ездзіць на працу з роднай вёскі Халмы, што ў Рэкцянскім сельсавеце і не жыць пастаянна ў інтэрнаце, Галіна самастойна пабудавала хай і аднапакаёвую, але сваю кватэру. Працавала дзеля гэтага на чатырох працах.

«Сыходзіла з дому ў шэсць раніцы і вярталася апоўначы. Акрамя бальніцы, мерала ціск кіроўцам камунальнай службы, выкладала медыцыну ў аўташколах. Я люблю працаваць і хоць магу, паколькі маю трэцюю групу інваліднасці, выйсці раней на пенсію, наўрад ці буду гэта рабіць».

Працоўныя дэталі.

Пенсіі той ёй прызначана ўсяго 170 рублёў, ды яшчэ ёсць штогадовая матэрыяльная падтрымка на Дзень людзей з інваліднасцю. Больш ніякіх льгот, хоць жанчына іх ніколі і не чакала. Час ад часу яна нават забываецца, што ў яе такі дыягназ. Рамонт у кватэры спецыяльна рабіла звычайны, а калі нешта трэба дастаць з высокай паліцы ў краме ці паднесці — ёй ніколі не адмаўляюць звычайныя мінакі, суседзі і сябры (апошніх у жанчыны шмат).

Жанчына гартае свае тоўстыя медыцынскія карткі

«Калі ўжо пабачыў жыццё, разумееш, што галоўнае — спакой, а не выгляд»

Тры гады таму на «Аднакласніках» Галіна пазнаёмілася з Юрыем. Завязалася прыемная перапіска, і хутка яны вырашылі сустрэцца. Мужчына прыехаў да яе ў Горкі з суседняга Дрыбіна.

«Памятаю, сядзелі на кухні, пілі чай. Калі ён паехаў назад дадому, я ўсё перажывала, што больш ужо не вернецца. Хаця яшчэ ў перапісцы шчыра расказала пра свой рост. Аднак не, вярнуўся. З той пары жывём разам», — згадвае Галіна.

Юрый кажа, што толькі з Галінай сустрэў чаканы душэўны спакой: «З Галяй за тры гады мы ні разу не пасварыліся. Калі зведаеш жыццё і пабачыш розных жанчын, скандалы і складанасці, а потым, нарэшце, сустракаеш спакой — шмат што пачынаеш цаніць па-новаму. Няважна, прыгожы ці непрыгожы чалавек, высокі ці нізкі — справа ў тым, як табе з ім жывецца».

Пасля вечаровай гарбаты Юрый і Галіна сядаюць за прагляд сумесных фотаздымкаў: шашлыкі на лецішчы, капанне бульбы, сумесныя паездкі на мора, вяселлі і дні народзінаў сваякоў… Згадваюць самыя вясёлыя моманты і смяюцца. Калі ёсць моц сямейная, усё астатняе ўжо не так страшна.

Кацярына Карпіцкая

Каментары
Žvir / Адказаць 13.12.2017 / 19:49

Cudoūny artykul. Dziakuj.

0
Галена з Барысава / Адказаць 13.12.2017 / 19:55

У нас у Барысаве таксама невысокая жанчына ёсць. У рэгистратуры 4- й паликлиники працуе.

0
Alisa / Адказаць 13.12.2017 / 19:57

Прыгожая жанчына! Прыгожая гісторыя! Мая знаемая - таксама маленькага росту - у яе гіпатэрыез - скончыла універсітэт, стала праграмістам і зараз корміць усю сям'ю!! то бок - не ў росце справа!

1
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура