Штотыдзень мы дзелімся з вамі талковымі профілямі. Для натхнення і не толькі. Кожную сераду — новая гераіня ці герой.
Ліза Емяльянава.
Інстаграм ілюстратаркі Лізы Емяльянавай — гэта сапраўдная скарбніца для тых, хто закаханы ў мульцікі, коцікаў, прыроду ды, мабыць, у Камароўскі рынак.
Дзяўчына малюе скетчы і стварае фантастычныя ілюстрацыі: у 2016 годзе ў яе нават выйшла цэлая кніжка з малюнкамі. Скетчынг яна таксама выкладае ў «Fungi studio».
«Калісьці мая выкладчыца сказала пра мастачку Алесю Скарабагатую: «Калі адабраць у яе аловак, яна памрэ». Гэта мяне вельмі ўзрушыла тады. Цяпер, мне здаецца, гэта можна сказаць і пра мяне. Чым бы я далей па жыцці не займалася, гэта так ці інакш будзе звязана з маляваннем. Зараз я спрабую трапіць у гульнявую індустрыю, бо лічу гэта неверагодна цікавым: ствараць персанажаў і цэлы свет!», — дзеліцца дзяўчына.
Яе профіль дапаможа кожнаму нанова адкрыць для сябе самыя звычайныя, штодзённыя і празаічныя рэчы, а яшчэ прадэманструе, як лёгка стварыць утульнасць дзякуючы ўсяго некалькім дэталям. Ці дзякуючы коткам.
КК