Праект партала
Тонус
24.10.2017 / 15:29
Міцэлярную ваду — змываць, тонік — мець абавязкова. Памылкі, якія не даруе наш твар2

Ад ведання гэтых простых рэчаў залежыць, ці ўдасца вам захаваць прыгажосць твару. Якую б дарагую і натуральную касметыку вы ні набывалі, сэнсу нуль, калі карыстацца ёй няправільна.

Разам з правізарам сеткі «Зялёных аптэк» Аленай Гаўрыш мы прайшліся па самых частых памылках, якія абсалютная большасць робіць у доглядзе твару.

Правізар сеткі «Зялёных аптэк» Алена Гаўрыш.

Памылка 1: не ўмываецеся раніцай

Умывацца трэба як вечарам, так і раніцай, прычым не проста вадой. За ноч на твары назапашваецца бруд: пыл, пот, скураны тлушч. Раніцай усё гэта таксама трэба здымаць з ачышчальнымі сродкамі, бо проста вадой змыць не атрымаецца. Ад гэтага потым і з’яўляюцца закупоркі, чорныя кропкі ды запаленні.

Памылка 2: умываецеся з мылам

Нельга, прычым у любым узросце. Маладая скура гэта, можа быць, і даруе, яна яшчэ адновіцца. Але скура пасля 30 гадоў дараваць не зможа, бо мыла — яно шчолачнае. Мыла здымае абарончы слой на раз-два, і скура потым цягам сутак не можа аднавіцца. Праз гэта з’яўляюцца сухасць і маршчыны.

Для ўмывання неабходныя адмысловыя сродкі. Для тлустай скуры добрыя гелі, пенкі. Для сухой — малачко. Для ўзроставай скуры, пасля 35 гадоў, гелі ўжо не падыходзяць, лепш за ўсё ўмывацца касметычным малачком. І не проста наносіць на спонж і праціраць твар, а менавіта ўмывацца, як гелем ці пенкай.

Памылка 3: часта карыстаецеся ці не карыстаецеся скрабам

Рэгулярнае ачышчэнне скрабам ці пілінгам абавязковае, таму што рагавыя часціцы скуры — гэта мёртвыя часціцы, іх трэба здымаць. Калі яны застаюцца, якія б цуда-крэмы вы не набывалі, яны проста банальна не трапяць да тых «жывых» слаёў скуры, якім патрэбна сілкаванне. Але ёсць нюансы.

Калі скура тлустая, карыстацца скрабам ці пілінгам можна два разы на тыдзень. Калі сухая або ўзроставая — раз на дзесяць дзён або раз на два тыдні.

Выкарыстоўваць скраб можна толькі да 25 гадоў, пасля — выключна пілінг. У скрабе ўтрымліваюцца вельмі грубыя часціцы, якія пашкоджваюць скуру. Пасля 30 гадоў яна ўжо не аднаўляецца і ўсе пашкоджанні застаюцца.

Найлепш выкарыстоўваць ферментатыўныя пілінгі, лёгкія гамажы, яны падыходзяць для адчувальнай скуры, бо менш агрэсіўныя.

Памылка 4: ігнаруеце тонік

Многія карыстаюцца тонікам як ласьёнам, але тонік — не ласьён.

Тонік патрэбны для таго, каб пасля ачышчэння скуры аднавіць pH-баланс скуры. Які б мяккі сродак для ўмывання ні быў, ён усё адно зрушыць pH.

Акрамя таго, без прымянення тоніка крэмы не будуць працаваць, нават самыя добрыя. З тонікам актыўнасць крэму павышаецца ў тры разы. Наносіць тонік трэба пасля ўмывання. Пасля таго, як ён высахне, наверх кладзецца крэм.

Памылка 5: сушыце тлустую скуру

Многія думаюць, што тлустую скуру трэба сушыць, сушыць і сушыць. Але сушыць яе не трэба зусім. Чым больш мы яе сушым, тым большы стрэс яна перажывае і выпрацоўвае яшчэ больш тлушчу.

Таму любыя сродкі са спіртам выкарыстоўваць катэгарычна нельга. Калі ёсць запаленні, то падсушыць іх можна кропкава ватнай палачкай. Але ніяк не наносіць сродак на ўвесь твар.

Шмат хто таксама грашыць з увільгатненнем. Тлустай скуры яно гэтак жа патрэбна, як і сухой. Інакш скура атрымліваецца з тлустай плёнкай, але абязводжаная. Трэба выкарыстоўваць увільгатняльныя крэмы, тонікі і ласьёны, што не ўтрымліваюць спірт. Можна выкарыстоўваць гіалуронавую ваду, тэрмальную ваду.

Памылка 6: не змываеце міцэлярную ваду

Міцэлярная вада для ачышчэння насамрэч вельмі добрая. І для адчувальнай скуры, і для ўзроставай. Але яе трэба змываць. Калі працерці твар міцэлярнай вадой і так і пакінуць, то міцэлы, што ўбіраюць у сябе бруд, застануцца з ім разам на скуры. То бок міцэлярная вада — гэта такі ж сродак ачышчэння як гель ці малачко, пасля якога неабходна наносіць тонік.

Памылка 7: няправільна карыстаецеся крэмамі

Па-першае, іх трэба падбіраць па сезоне: летам — больш лёгкай тэкстуры, зімой — больш шчыльнай. Глядзець трэба і на тып скуры.

Па-другое, крэмы абавязкова павінны падзяляцца на дзённы і начны. Чаму? Дзённы крэм больш лёгкі, ён выкарыстоўваецца як аснова пад макіяж і як абарона ад ультрафіялету. Начны крэм больш шчыльны, больш актыўны, таму што ў гэты час арганізм аднаўляецца, скура ў тым ліку. То бок калі ўдзень скуры ў першую чаргу неабходна ўвільгатненне, то ўначы — сілкаванне.

Па-трэцяе, для скуры вакол вачэй мусіць быць асобны крэм. Чаму? На скуры пад вачыма сальных залоз няма. Скура вельмі тонкая і вельмі адчувальная. Для яе не падыходзяць тыя сродкі, што мы выкарыстоўваем для твару, нават для адчувальнай скуры. Нельга грашыць тым, што «я куплю адзін крэм і буду выкарыстоўваць яго паўсюль». Больш за тое, наносіць яго таксама трэба правільна. Нельга нанесці малачко і нічога не змыць, накласці зверху крэм і пайсці спаць — будуць ацёкі. Крэм трэба наносіць не пазней, чым за гадзіну да сну, каб ён увабраўся і пачаў нармальна працаваць.

Дарэчы, сродак для зняцца макіяжу з вачэй таксама мусіць быць асобны. Нельга церці вочы мылам, бо не змываецца туш. Ні ў якім разе нельга траўмаваць скуру.

Што тычыцца дзённага крэму, то наносіць яго трэба прыкладна за 40 хвілін да выхаду з дому, не пазней, каб скура паспела ўсё ўвабраць. Макіяж кладзецца наверх на крэм. Часам людзі з тлустай скурай наносяць танальнік адразу, без крэму. Але так нельга, бо танальны папросту заб’е поры.

Пры выбары крэму глядзіце на склад. У якасным сродку на першым месцы будзе вада, а на другім — алей. Прычым раслінны, сапраўдны, а не сінтэтычны.

Памылка 8: глядзіце не на той тэрмін прыдатнасці

Тэрмін прыдатнасці адкрытага крэму пазначаецца асобна. Глядзець трэба на лічбу, што стаіць побач з выявай адкрытай баначкі. Лічба азначае, колькі месяцаў можна карыстацца сродкам пасля таго, як вы яго адкрылі.

Найлепш набываць тыя сродкі, на якіх пазначана «3М». Яны будуць прыдатныя ўсяго тры месяцы, а значыць, у іх шмат натуральных кампанентаў.

Калі стаіць дадатковая пазнака, што захоўваць крэм можна толькі ў лядоўні, — яшчэ лепш. Значыць, натуральных кампанентаў будзе яшчэ больш. Чым даўжэй тэрмін прыдатнасці адкрытага крэму, тым больш у ім кансервантаў. Асноўная маса крэмаў мае тэрмін прыдатнасці пасля адкрыцця 12 месяцаў, што, у прынцыпе, таксама прымальна.

Трэба зазначыць, што наносіць крэм лепш адмысловай лапатачкай. Калі мы бяром крэм рукамі, то адначасова заносім розныя бактэрыі. Потым мы ўсё гэта наносім на скуру, што вылазіць у выглядзе прышчыкаў.

Памылка 9: не прыбіраеце лішкі алею

Алеі — добрая альтэрнатыва крэмам, для тлустай скуры ў тым ліку. Калі вы наносіце алей на тлустую скуру, яна супакойваецца і свой тлушч не выпрацоўвае, бо яна яго ўжо атрымала. Сальныя залозы спакойныя, яны адпачываюць.

Для тлустай скуры падыходзіць масла вінаграднай костачкі, міндальнае. Масла какавы і масла шы — яны ўвогуле для ўсіх. Але трэба глядзець вось на што. Ёсць цвёрдыя алеі, якія і ў прыродзе адразу цвёрдыя, а ёсць — вадкія. Дык вось калі алеі ў прыродзе вадкія, але яны прадаюцца ў цвёрдым выглядзе, то нічога добрага ў гэтым няма. Найлепш, калі алеі знаходзяцца ў сваім натуральным стане.

Акрамя таго, праз 20-30 хвілін пасля таго, як вы нанеслі алей, лішкі трэба прыбраць, прамакнуўшы твар сурвэткай. Скура ўбірае ў сябе тое, што ёй неабходна, а астатняе пакідае. Прынцып падобны на маску.

Памылка 10: нанеслі маску і ходзіце, а не ляжыце

Маскамі трэба карыстацца ўвесь час, гэта вельмі актыўны догляд. Але калі вы нанеслі маску, нельга хадзіць з ёй па кватэры. Маска вельмі цяжкая, і калі не ляжаць, скура абвісае. Калі грашыць гэтым увесь час, твар папросту паплыве.

Бонус

Трэба ўвесь час піць ваду, таму што як бы вы скуру звонку не ўвільгатнялі, большасць вады яна бярэ знутры. Калі арганізм абязводжаны, скура не будзе пругкай.

Людзям у сталым узросце карысна ўжываць калаген, эласцін і гіалуронавую кіслату ў таблетках ці парашках унутр. Скуры ўжо не дастае свайго і трэба яе сілкаваць і звонку, і знутры.

Лепш набываць касметыку ў аптэках, гэта адназначна будзе больш якасны прадукт, бо за захаваннем касметычных сродкаў сочаць гэтак жа, як і за захаваннем лекаў. Плюс у аптэках, як правіла, касметычныя сродкі больш актыўныя, у іх большы працэнт актыўных кампанентаў. Калі ў звычайных крамах мас-маркету актыўных кампанентаў будзе да 5%, то ў аптэцы — да 25%.

Больш за тое, у аптэках ёсць крэмы, якія захоўваюцца толькі ў лядоўні, бо ў іх няма ні кансервантаў, ні атдушак, ні фарбавальнікаў. Ніводная крама не можа сабе гэтага дазволіць. Ды і як ні круці, у аптэцы працуюць спецыялісты, якія могуць на месцы пракансультаваць і параіць, што найлепш падыходзіць менавіта вам.

Чытайце таксама:

Ругія Кенгерлі, якая кіруе сотняй аптэк: «Мяне ўзялі прыбіраць і прыносіць каву»

Nina.nn.by

Каментары
Яся-гаспадыня з-пад Вільні / Адказаць 24.10.2017 / 16:48

Дзякуй за матэрыял без вады. Засталося па пунктах выпрацаваць карысныя звычкі)

1
Мулла Омар / Адказаць 26.10.2017 / 08:36

А огуречный лосьен пить, пить регулярно. :))))

2
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура