Праект газеты
Самаразвіццё «У кожнага ёсць сваё жыццёвае заданне» — 33 цытаты з выступу Уліцкай у Мінску16

Мінская сустрэча з Людмілай Уліцкай, што адбылася ўвечары 26 верасня ў інтэлектуальным клубе Святланы Алексіевіч, цягнулася больш за дзве гадзіны. Мы паслухалі размову і занатавалі больш і менш вечныя цытаты вядомай расійскай пісьменніцы.

Людміла Уліцкая. Фота zvzda.ru.

Пра жыццё

«Як цяжка гавораць людзі пра тое, пра што хочуць забыць».

«Калі ў дзяўчат пачыналіся «крывавыя» драмы, я казала: «Схадзі пакармі бяздомнікаў». Яны хадзілі і бачылі, што ёсць у жыцці штосьці больш складанае».

«Мяжа болю, мяжа страху персанальная, індывідуальная. Мы гэта бачым па дзецях. Адзін цярпліва чакае, пакуль яму выцягнуць стрэмку, а другі верашчыць, калі бачыць іголку. У мяне сёння менш страху, чым у маладыя гады».

«Агрэсія — гэта якасць, якая ўласцівая любой жывой істоце. Калі яе няма, істота гіне ў першую хвіліну жыцця. Агрэсія ў прыроду ўпісаная вельмі добра, гэта адзін з механізмаў эвалюцыі. Дзесьці для выжывання яна патрэбная і вельмі карысная, дзесьці — вельмі небяспечная. Мусіць быць мяжа. Тое, што чалавецтва не можа знайсці для сябе дазіроўку і ўвесь час пераступае мяжу дапушчальнага — гэта жахліва. Тут нам могуць дапамагчы культура і адукацыя — гэта надзвычай важна».

«Канечне, чалавек мяняецца. У дзяцінстве баіцца прусакоў. Потым — стукачоў. Пасля перастае баяцца і прусакоў, і стукачоў. У кожнага ёсць свой уласны страх. Усведамленне — надзвычай важная рэч. Трэба ведаць самому, што я магу, а што не магу. Гэта карысна. Мяжа страху можа рухацца, мяняцца».

«У кожнага чалавека ёсць сваё жыццёвае заданне. Так я думаю. Калі чалавек разумее гэта, то выконвае яго хутчэй».

«У мікраскоп я глядзела шмат. І ў мікраскопе такая ж прыгажосць, як і ва ўсім астатнім. Адчуванне, што свет, у якім мы жывём, створаны з вялікай мудрасцю і геніяльнасцю».

Пра дзяржаву

«Уладзе мне дзякаваць няма за што. Я не атрымала ад яе ні капейкі».

«Чым чалавек больш вуглаваты, чым больш вострыя ў яго вінцікі, тым больш ён небяспечны для дзяржавы».

«Мы жывём як дзеці, што правяраюць бацькоў на талерантнасць. Яны кінуць што-небудзь і глядзяць, ці можна кінуць яшчэ».

«Дзяржава пачынае працаваць на сябе. Яна забывае, што інструмент і мусіць працаваць на грамадства».

«Чым добрая дзяржава адрозніваецца ад дрэннай? Добрая — чуе. А дрэннай пляваць».

«У нас [у Расіі] вельмі дрэнна цяпер з адукацыяй. Роля настаўніка і яго сацыяльнае становішча ўпалі да немагчымасці».

«Што тычыцца маніпуляцыі свядомасцю, то ніколі не было такіх магчымасцяў, як цяпер. Ператварыць насельніцтва ў біямасу з дапамогай тэлебачання даволі проста. Адзінае супрацьдзеянне знаходзіцца вось тут [у галаве]».

«Сёння, насамрэч, дрэнна паўсюль. Толькі праблемы розныя».

«Цяпер час, калі добра можаш рабіць толькі ты асабіста. Гэта і ёсць пратэст».

«Адзін чалавек можа зрабіць вельмі шмат. Ад нас сёе-тое залежыць».

Пра царкву

«Царква можа быць толькі гнаная. Калі царква пераможная, ёй надыходзіць канец».

«Хрысціянінам быць насамрэч немагчыма, таму што патрабаванні царквы невыканальныя. Можаце лічыць мяне расстрыгай. Мяне не вельмі займае, прымуць мяне ці не. Але я спадзяюся, што калі памру, адпяванне мне ўсё ж правядуць. Мне б гэтага хацелася».

«З усіх хрысціянскіх святаў я найбольш люблю свята Перамянення. Яно добрае тым, што адбываецца нешта, што ад цябе не залежыць. Ты трапляеш у промень святла і мяняешся. Цалкам і поўнасцю. Вось гэтая здольнасць мяняцца — яна цудоўная. Чаму я так люблю гэтае свята? Бо ў ім і адказ. Перамяненне магчымае. Штосьці адбываецца, і чалавек робіцца іншым. Я бачыла некалькі такіх выпадкаў у жыцці».

Пра творчасць

«Пісаць трэба ўсім. Гэта цудоўны душакарысны занятак. Ён нас ачышчае. Ты ставіш дыягназ сабе, іншым. Карысна пісаць усім, я ў гэтым упэўненая».

«Нам трэба чакаць адкрыцці не ў літаратуры, а ў тэатры».

«Ёсць літаратура людзей, а ёсць літаратура ідэй. Літаратура ідэй мне нашмат менш цікавая».

«Мае захапленні ў вобласці навукпопу [навукова-папулярнай літаратуры]. Вельмі цікава. Вось там я адцягваюся».

Пра сябе

«Я дрэнная бабуля. Я вельмі мала камунікую з унукамі. Я думаю, што не магу даць ім таго, што ім патрэбна. Ва ўсякім разе, яны не рвуцца са мной камунікаваць, ад чаго мне часам бывае прыкра».

«У мяне расклад пачварны. Да лютага я дакладна на працы. Прычым раблю не зусім тое, што б хацелася».

«Калі б я яшчэ раз пачала спасцігаць свет, я б зноў абрала навуку».

«Усё шалёна цікава. Я далёка ад таго, каб даваць адказы на ўсе пытанні».

«Я ніколі не была савецкай пісьменніцай. Мая першая кніга выйшла ў 1993 годзе ў Францыі на французскай мове».

«Тое, што я напісала маю першую кнігу ў 50 гадоў — гэта мая ўдача. Мне нікуды не трэба было спяшацца. Я ведала, што мне нікога не дагнаць, а я даганяць і не збіралася».

«Я ніколі ў жыцці не рабіла тое, чаго мне не хацелася».

«Адзіны чалавек у Беларусі, з якім я камунікую, — Святлана Алексіевіч».

«Я думаю, што не пакутую на імперскую хваробу. Бо я гэтаксама пакутую ад агіды «старшага брата». Але я пра гэта падумаю».

* * *

Наступная сустрэча інтэлектуальнага клуба Алексіевіч пройдзе праз месяц. Запрошаны госць — расійскі рэжысёр Аляксандр Сакураў.

Nina.nn.by

Каментары
Верны / Адказаць 26.09.2017 / 23:01

Што гэта было?

3
Свтелана / Адказаць 27.09.2017 / 09:26

Скучно было. Ничего интересного, важного или оригинального Улицкая не сказала. Но даже на её фоне Алексиевич выглядела ,ну, совсем, примитивно.

10
Ольга / Адказаць 27.09.2017 / 09:29

Не могли найти фотографию получше? Ужас!

3
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура